Святлана Ціханоўская: Выклік Касцюшкі становіцца і нашым выклікам
Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі Швейцарыі. Там яна паразважала пра антываенны рух і гісторыю Тадэвуша Касцюшкі, якую мы пачынаем разумець поўнасцю толькі цяпер.
Святлана Ціханоўская сказала:
— Раней я не магла нават уявіць, што апошнія гады свайго жыцця Тадэвуш Касцюшка правёў тут, у швейцарскім Залатурне. Аднак думаю, што для многіх яго біяграфія раней здавалася проста гісторыяй.
Але цяпер, праз 200 гадоў пасля яго смерці, бачым, як гісторыя ажывае. Выклік Касцюшкі становіцца і нашым выклікам – бо ён даваў прысягу змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы і ўсеагульную свабоду.
Тыранія несла рабства і 200 гадоў таму. Яна нясе паняволенне і сёння. Напад Расіі на Украіну, ваенная акупацыя Беларусі – гэта непрыняцце свабоды як прынцыпу. Як ідэі, з якой нараджаецца каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця. Агрэсар, які расстрэльвае радзільні і дзіцячыя садкі, не мае гэтай каштоўнасці.
А таму і змаганне Украіны сёння – гэта не проста змаганне за сваю дзяржаву. Гэта змаганне за чалавечнасць. За жыццё чалавека. За свабоду чалавека – кожнага з нас.