Чаму шматдзетная сям’я змагаецца за хатняе навучанне
Сям’я Яўгена Брыцько і Ірыны Дзятлоўскай з Мазыра — з тых, што разбураюць стэрэатыпы. Прычым ненаўмысна — проста так складваецца жыццё. Сужэнцы разам ужо дзевятнаццаць гадоў, маюць пяцярых дзяцей, пры гэтым у Яўгена і дваіх дзяцей — інваліднасць па зроку.
Каханне з першага гуку
Пакуль Ірына з другім сынам, Маркам, у паліклініцы, а старэйшы, Георгій, — на вучобе ў Гомелі, Яўген прымае мяне дома з трыма малодшымі — Францыскам, Касіяй і Лукой.
Малеча тут жа ідзе да мяне знаёміцца і паказваць свае цацкі. Гаспадар запарвае гарбату, а я выказваю думку, што шматдзетныя сем’і сёння — рэдкасць. На што Яўген адказвае: сама сям’я сёння — рэдкасць. Увогуле, яны з Ірынай не думалі, што стануць шматдзетнымі бацькамі.
— Мае бацькі невідушчыя, і, маючы генетычнае захворванне, я разумеў, што з дзяўчынай, якая будзе жыць са мной, мы будзем мець пэўныя рызыкі. І мае бацькі папярэджвалі Ірыну, што будзе цяжка.
Яўген, як і яго жонка, нарадзіўся ў Мазыры, але школьныя гады правёў у спецыялізаваным інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку ў Гродне. Пасля вярнуўся ў родны горад і сем гадоў працаваў у сістэме БелТІЗ. Ірына ж вучылася ў Мазыры на настаўніка гісторыі і філолага, потым выкладала ў школе. Маладыя людзі сустрэліся ў агульнай знаёмай. На той момант Ірына сябравала з мясцовым мастаком, і Яўгену давялося пазмагацца за яе сэрца.
— Я пачуў дзяўчыну з выбітным, фантастычным голасам. Бо ёсць манера размовы: тэлевізійная ці, як цяпер, ютубная. Калі ты іх чуеш, можаш даведацца, адкуль чалавек бярэ больш інфармацыі, — распавядае Яўген.
— А мне вельмі спадабалася, што ён піша свае вершы. Я ніколі не пісала вершаў, не грала на музычных інструментах, і мне заўжды падабаліся людзі, якія ўмеюць гэта рабіць, — вярнуўшыся, далучаецца да гутаркі Ірына.
Маладыя людзі распісаліся, нічога не сказаўшы нават бацькам. Таму навіна для апошніх стала шокам: яны спачатку не паверылі, а цётка Ірыны ўвогуле на некалькі гадзін страціла маўленне ў прамым сэнсе.
— Мы зрабілі гэта не толькі таму, што нас бы не дабраславілі, а больш з пратэсту супраць таго, каб ладзіць пышнае вяселле і выдаткоўваць на яго шалёныя грошы, — тлумачыць Яўген.
Пазней, праўда, вяселле ўсё ж зладзілі, а таксама павянчаліся. Цяпер Ірына параўноўвае рашэнне стварыць сям’ю са скачком з мосту. І ў час размовы шчыра прызнаецца:
— Без веры тут не абысціся. Я думаю, што без яе наш шлюб распаўся б. Бо па-сапраўднаму кахаць пачынаеш толькі цяпер, прайшоўшы праз пэўныя выпрабаванні.
Цэтлік шматдзетнасці
Ірына, якую, між іншым, год таму ўзнагародзілі Ордэнам Маці, таксама, як і Яўген, не думала, што будзе мець вялікую сям’ю.
— Я сама са шматдзетнай сям’і. Ведаеце, гэты цэтлік — «шматдзетная сям’я» — асацыюецца з нейкімі абадранцамі, асацыяламі, дэструктыўнымі паводзінамі. І я разумела: каб уладкавацца ў грамадства, я дакладна не павінна быць шматдзетнай. Хаця ў мяне была любоў да малодшых сясцёр, мне падабалася з імі бавіцца, але я думала, што гэта няправільна. І калі мы даведаліся, што ў нас незапланавана будзе Францыск (трэці сын. — НЧ.), гэта быў такі цуд, які дапамог нам вырасці і многае зразумець. Чацвёртае дзіця мы самі ўжо хацелі, а пятае — гэта наш падарунак.
Але калі свае перакананні аб шматдзетнасці пары перамяніць удалося, то навакольнае грамадства, у асноўным, працягвае жыць стэрэатыпамі.
— Калі ты беспрацоўны ці шматдзетны, то пастаянна мусіш нешта даказваць навакольным. Але чаму я павінна нешта даказваць? Ад гэтага вельмі стамляешся, — зазначае Ірына.
Яна прызнаецца, што часам увага да іх сям’і павышаная праз тое, што яны адрозніваюцца ад іншых і робяць так, як многія не сталі б рабіць. Напрыклад, калі старэйшыя дзеці былі маленькімі, мама, каб не губляць час, чытала ім услых у транспарце.
— Але насамрэч я не адчуваю, што сваім прыкладам неяк мяняю грамадства навокал. Калі раней такія думкі былі, то цяпер няма, а ёсць пэўная стомленасць.
Выйсці з «невідушчага гета»
Бацькі прызнаюцца, што кожнае дзіця чакалі з пэўным страхам — у сувязі з магчымымі праблемамі са здароўем. Першы сын, Георгій, атрымаў у спадчыну ўсе бацькавы хваробы, у тым ліку праблемы са зрокам. Гэтая акалічнасць у свой час паўплывала на тое, каб Яўген завочна паступіў у БДПУ і атрымаў спецыяльнасць ціфлапедагога-дэфектолага, настаўніка пачатковых класаў.
— Зрабіў я гэта не для выкладання, а, хутчэй, для сябе. Бо Георгій падрастаў, і аддаваць у інтэрнат мы яго не хацелі. Інтэрнат, канешне, дае нейкую сталасць. Але калі чалавек да чагосьці імкнецца, то туды ехаць не трэба. Бо на той момант сістэма інтэрнатаў была накіраваная на БелТІЗ. Усе, хто адтуль выходзіў, разумелі, што не трэба нікуды цягнуцца, БелТІЗ усіх чакае.
Яўген здолеў выйсці з, як ён кажа, «невідушчага гета», і для сваіх дзяцей таксама жадае іншай долі. Так, усіх іх стараюцца развіваць творча і рознабакова. Напрыклад, 17-гадовы Георгій, нягледзячы на праблемы са зрокам, баяніст, цяпер ён вучыцца ў каледжы на другім курсе. Сямікласнік Марк, у якога са зрокам усё ў парадку, спрабуе граць на фартэпіяна, раней маляваў, але цяпер аддаў перавагу спорту. Чацвёртакласнік Францыск грае на трубе. Пяцігадовая Касія — таксама вучыцца на фартэпіяна, але душа больш ляжыць да спеваў. Толькі двухгадовы Лука яшчэ маленькі, таму пакуль што не заняты ніякімі гурткамі.
Але сапраўднае захапленне ў сям’і Яўгена Брыцько і Ірыны Дзятлоўскай — гэта чытанне. Кнігі — тое, што найбольш рознабакова развівае чалавека, перакананыя сужэнцы. Яны нават думаюць пра тое, каб распачаць сваю справу, звязаную з кнігамі, далучыліся да сеткі сацыяльных прадпрыемстваў CINGO, якая дапамагае наладзіць камунікацыю і дзяліцца рознымі бізнес-кампетэнцыямі. Адзін час сужэнцы хацелі стварыць у горадзе краму-кавярню «Кніга ці кава», але ідэя так і не развілася з шэрагу прычын. Цяпер усё часцей задумваюцца пра агучванне аўдыякніг, тым больш, што Ірына — сапраўдны майстар прыгожага чытання, якім заслухоўваюцца не толькі дзеці, але і муж.
Замест творчасці і самастойнасці — фармалізм
Яшчэ адна мара сям’і — перавод дзяцей на індывідуальнае навучанне. Старэйшы Георгій быў на хатнім навучанні паводле стану здароўя — бацькам удалося яго пакінуць дома, а не адпраўляць у інтэрнат, хаця фармальна ён лічыўся пры гэтай установе. Потым хлопца не хацелі залічваць у школу, але і гэтае пытанне ўдалося вырашыць.
— Сістэма адукацыі не прыстасаваная да надомнікаў і індывідуальнай працы. Настаўнік прыходзіць з тым, каб правесці занятак для класа, а перад ім сядзіць адзін чалавек. Некаторыя ўвогуле прыходзілі і чыталі тэму з падручніка. Навошта? — абураецца Яўген.
Марк і Францыск пакуль у школу ходзяць. У бацькоў былі спробы перавесці іх на індывідуальнае навучанне, але ў школьнай адміністрацыі няма фармальных падстаў для гэтага. Але Яўген і Ірына мяркуюць, што старэйшых дзяцей ужо позна пераводзіць на хатняе навучанне, паколькі яны прыстасаваліся да школьнай сістэмы.
— Апошнія гадоў 20 школа — гэта толькі «камера захоўвання». Выкладчыкі цяпер, у асноўным, — толькі працаўнікі сістэмы адукацыі, бо сапраўднаму настаўніку ў школе цесна. Хаця раз-пораз такія настаўнікі там здараюцца. Але на сённяшні час школа не ведае, што фарміраваць у дзяцей. Запыту няма ніадкуль, апроч таго, што трэба падрыхтаваць выпускнікоў да ЦТ. Школа адбівае ў чалавека самастойнасць выбару, — мяркуе Яўген Брыцько.
— Цяпер такога няма, але яшчэ год таму, калі я вадзіла дзяцей у школу, у мяне быў жах, — распавядае Ірына. — Мне не падабалася стаўленне дзяцей адно да аднаго. Я бачыла, што яны агрэсіўныя, іх жарты былі дзікімі для мяне. Настаўнікі часта мяняліся, і гэта былі, па сутнасці, дзеці, якія самі яшчэ не ведаюць, хто яны такія, а ўжо выхоўваюць маіх дзяцей. І што яны могуць ім даць, калі самі сабе яшчэ не задалі важныя жыццёвыя пытанні? Я кажу нават пра сябе: калі выкладала першы год пасля ўніверсітэта, я адчувала, што крышачку… хлусіла. Таму што ты кажаш нейкія высокія словы, напісаныя ў тваім канспекце, кшталту «выхаваць грамадзяніна, патрыёта» — а ці сама дацягваеш да грамадзяніна і патрыёта?..
Па словах Ірыны, у школе выпустошваюць цікаўнасць да вучобы, дзеці перастаюць вучыцца, а проста выконваюць тое, што ім задаюць. Вучаць не творчасці, а фармалізму, не «працаваць», а «работаць». І ўзровень ведаў у школе нават не сярэдні, а ніжэйшы за сярэдні. Шмат часу там дзеці проста марнуюць, тым больш, што пры сучасным развіцці тэхналогій існуе дастаткова анлайн-пляцовак, дзе можна атрымліваць веды, перакананы Яўген. На думку бацькоў, няма праблемы ў тым, каб здаваць кваліфікацыйныя іспыты ў школе, атрымліваючы веды дома і фарміруючы заняткі паводле ўласных жаданняў і патрэбаў. А калі дзіця не здасць кваліфікацыйны мінімум, то яно можа вярнуцца ў клас.
Сужэнцы пагаджаюцца, што такая сістэма падыдзе не для ўсіх, а толькі для самастойных і адказных дзяцей і бацькоў, якія, да таго ж, не загружаныя працай і маюць вольны час. Менавіта таму Яўген параўноўвае школу з камерай захоўвання: большасць людзей, прыязджаючы на вакзал і маючы вольны час, здаюць туды валізы, каб не хадзіць з імі па горадзе. І толькі адзінкі носяць торбы з сабой. Гэтак жа і з навучаннем дзяцей дома: на такое могуць пайсці адзінкі. І тое, і другое — нармальна, падкрэсліваюць бацькі.
— Калі мы змагаліся за навучанне Жоркі, я амаль напамяць вывучыў увесь Кодэкс аб адукацыі. Але заўжды хочацца з сістэмай вырашаць пытанні па-чалавечы. Аднак з ёй па-чалавечы немагчыма. Дамовіцца з сістэмай не атрымаецца ніколі. Працуе толькі веданне сваіх правоў і таго, што вам трэба. А так сістэма насустрач не пойдзе.
Беларуская школьная мадэль, як і сістэма адукацыі агулам, далёкая ад ідэалу. Відавочна, што з многімі сваімі задачамі яна не спраўляецца. І прыкра, што сем’ям, дзе на належным узроўні трымаюць планку ведаў, выхавання, творчасці, яна не толькі не дапамагае, а часам наўпрост замінае.