Міністэрства здароўя не лічыць мэтазгодным усеагульнае дыстанцыйнае навучанне
Старшыня Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Надзея Гацак атрымала адказ з Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя на калектыўны зварот адносна ўвядзення дыстанцыйнага навучання ва ўстановах адукацыі Беларусі з прычыны распаўсюду каронавіруснай інфекцыі.
Даць адказ цэнтру даручыла Міністэрства аховы здароўя.
«Увядзенне каранцінных мерапрыемстваў ва ўсіх установах адукацыі не з’яўляецца мэтазгодным. Разам з тым, рашэнне па аб’ёму санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў (у тым ліку арганізацыя дыстанцыйнага навучальнага працэсу) прымаецца сыходзячы з эпідэміялагічнага становішча ва ўстановах адукацыі», — гаворыцца ў адказе.
Збор подпісаў пад зваротам быў распачаты 19 сакавіка. За тры дні пад зваротам свае подпісы паставілі каля 120 чалавек.
Тэкст звароту
Звяртаемся да вас у сувязі з ростам выпадкаў распаўсюду каранавіруса ў Беларусі і суседніх краінах. Заклікаем увесці дыстанцыйнае навучанне ва ўсіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, а таксама каранцін у сярэдніх і дашкольных навучальных установах.
Заклікаем Міністэрства адукацыі не перашкаджаць такім дзеянням ВНУ, асабліва з улікам таго, што Беларусь уступіла ў Балонскі працэс, які прадугледжвае аўтаномію вышэйшай школы. Лічым неабходным прадугледзець арганізацыю навучальнага працэсу без асабістых кантактаў – дыстанцыйна ў электронным выглядзе, а таксама магчымасць пераводу студэнтаў на індывідуальныя навучальныя планы.
Гэтая мера дазволіць запаволіць распаўсюд каранавіруса не толькі сярод студэнтаў, а таксама іх бацькоў і старэйшага пакалення, для якіх вірус з'яўляецца найбольш небяспечным. Гэта таксама створыць магчымасці своечасовага і адэкватнага рэагавання сістэмы аховы здароўя на магчымы рост колькасці захворванняў.
Просім:- перанесці пачатак вясенніх канікулаў у сярэдніх адукацыйных установах (школах, гімназіях і ліцэях) на 23 сакавіка 2020 года;- рэкамендаваць усім вышэйшым і сярэднім спецыяльным установам увесці дыстанцыйнае навучанне з выкарыстаннем сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (праз інтэрнет і з дапамогай мультымедыя);- адмяніць і ўвесці забарону на любыя масавыя мерапрыемствы з удзелам студэнтаў і навучэнцаў;- арганізаваць у навучальных установах гарачыя лініі для кансультацый студэнтаў, навучэнцаў і іх бацькоў.
bchd.info