Тых, хто парушыць самаізаляцыю, могуць прымусова шпіталізаваць
Улады зацвердзілі інструкцыю аб парадку ўзаемадзеяння дзяржорганаў па забеспячэнні выканання мер самаізаляцыі асобамі, якія прыбылі ў Беларусь з краін, у якіх рэгіструюцца выпадкі інфекцыі COVID-19. Сумесная пастанова Міністэрства аховы здароўя, МУС і Дзяржпагранкамітэта № 27/73/4 ад 2 красавіка апублікавана на Нацыянальным прававым партале.
Раней урад увёў абавязковую самаізаляцыю дадзенай катэгорыі грамадзян на працягу 14 дзён. Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла правілы паводзінаў у такой сітуацыі.
Згодна з сумеснай інструкцыяй, МУС на падставе дадзеных Дзяржпагранкамітэта аб перасячэнні мяжы будзе фармаваць спісы асоб, якія прыбылі з краін, дзе рэгіструюцца выпадкі COVID-19. Грамадзяне павінны ўказваць адрасы рэгістрацыі і знаходжання. Да 11:00 гэтыя звесткі будуць перадавацца Міністэрству аховы здароўя. Тое, у сваю чаргу, будзе да 12:00 падаваць іх у галоўныя ўпраўленні выканкамаў па ахове здароўя і тэрытарыяльныя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Ацэнка выканання патрабавання самаізаляцыі ўскладзена на мясцовыя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. «Наведванне праводзіцца без ўваходу ў жылое памяшканне і непасрэднага кантакту з прыбыўшымі асобамі альбо з асобамі, што сумесна пражываюць з імі, шляхам іх вуснага апытання або іншым спосабам», гаворыцца ў дакуменце.
У выпадках калі самаізаляваны будзе адсутнічаць па месцы жыхарства або парушыць правілы самаізаляцыі, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі сумесна з міліцыяй павінны прыняць меры па ўсталяванні яго месца знаходжання і матывах невыканання самаізаляцыі. На працягу аднаго працоўнага дня санстанцыя павінна разгледзець пытанне аб прымяненні спецыяльных мер па аказанні медыцынскай дапамогі, прадугледжаных законам аб папярэджанні распаўсюджвання захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, ВІЧ. Адным з пунктаў дакумента дапускаецца прымусовая шпіталізацыя і лячэнне.
tut.by