«Танк расстраляў нас як курапатак». Гісторыя бою пад Лісічанскам, які забраў Брэста, Папіка, Атама і Сябро
26 чэрвеня 2022 года група батальёна «Волат» Палка Каліноўскага трапіла ў бой пад Лісічанскам, які стаў адным з самых трагічных эпізодаў у гісторыі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. У той дзень загінулі Іван «Брэст» Марчук, Васіль «Атам» Грудавік, Васіль «Сябро» Парфянкоў і Вадзім «Папік» Шатроў, а Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў трапілі ў расійскі палон. Да чацвёртай гадавіны тых падзей львоўскае выданне «Вісник» падрыхтавала спецвыпуск з успамінамі ўдзельнікаў бою і іх пабрацімаў. «Новы Час» пераказвае галоўныя сведчанні пра той дзень.

«Мы не ведалі, куды ідзём»
Калі пачалася поўнамаштабная вайна, баявы медык з пазыўным «Бровар» пакінуў працу і выехаў у Польшчу, спадзеючыся трапіць ва Украіну. У першыя тыдні вайны Палка Каліноўскага ў яго цяперашнім выглядзе яшчэ не існавала. Добраахвотнікаў правяралі, збіралі ў групы і накіроўвалі ва Украіну.
— Я чалавек абсалютна цывільны, нават не служыў. Таму не патрапіў у самы першы заезд, а толькі ў трэці ці чацвёрты, — успамінае ён.

Бровар
У Кіеве Бровар далучыўся да беларускага падраздзялення. Спачатку дапамагаў з медычным забеспячэннем, а пасля стаў баявым медыкам. Там ён пазнаёміўся з Іванам «Брэстам» Марчуком.
Аднойчы на палігоне Бровар заўважыў, што Брэсту цяжка рухацца.
— Кажу яму: «Дружа, у цябе праблемы са спінай». Ён здзівіўся: «Адкуль ведаеш?» — «Ну я ж бачу».
Увечары Бровар прапанаваў дапамагчы. Да вайны ён займаўся спортам і меў навыкі спартыўнага масажу.
— Пачаў расціраць яму спіну. А ён быў шырачэзны, проста суцэльныя мышцы. У нейкі момант кажа: «Ой, козытна!» — і проста мышцамі спіны заціскае мне руку. Давялося прасіць: «Ваня, адпусці».
Боль крыху адступіў, а паміж імі завязаліся прыяцельскія адносіны. З таго часу Брэст стаў давяраць Бровару, а пазней нават пазнаёміў яго са сваёй дзяўчынай.
— Ён вельмі добра ставіўся да сваіх людзей. Гэта была адна з яго галоўных рыс.
«Мы вельмі хацелі, каб ён застаўся жывы»

Волат. Фота: Полк Каліноўскага
У траўні 2022 года падчас разведвальнага выхаду быў цяжка паранены камандзір батальёна «Волат» Павел «Волат» Суслаў.
Бровар быў адным з тых, хто спрабаваў яго выратаваць.
— Раненні былі несумяшчальныя з жыццём. Я гэтага тады яшчэ не разумеў і працягваў працаваць.Волат яшчэ быў пры свядомасці. Ён сказаў: «Нясіце мяне». І я не дапрацаваў з ім. Паслухаўся параненага. Так рабіць нельга. Баявы медык ніколі не павінен слухаць параненага, нават калі гэта генерал-маёр.
Мы пачалі эвакуацыю, і я бачу, што ён не дыхае. Спыняю эвакуацыю, хлопцы разсяроджваюцца па сектары і ахоўваюць, а я пачынаю рэанімацыю.
У гэты момант падлятаюць на пікапе Брэст, Север і яшчэ адзін баявы медык. Загружаем Пашу. Сэрца зноў спыняецца. Той медык робіць кампрэсію грудной клеткі, а я пачынаю дыхаць у Пашу.
Ён, выбачце за падрабязнасці, у гэты момант пачынае ванітаваць. Я ўсё сплёўваю і працягваю: дыхаю, сплёўваю, зноў дыхаю...
Мы вельмі хацелі, каб ён застаўся жывы.
Але бачылі, што раненні страшэнныя. Былі прабітыя лёгкія, некалькі аскепкаў прайшлі наскрозь праз печань. Падчас рэанімацыі кроў пачала збірацца ў брушной поласці, жывот павялічыўся і забулькаў.
Нас з другім медыкам трымала Север, каб мы не выпалі з пікапа, а мы працягвалі працаваць. Па дарозе яшчэ раз запусцілі сэрца.
На месцы нас ужо чакалі брыгада, хірург і аперацыйная — Север загадзя ўсё падрыхтавала.
Пашу перадалі лекарам. Я падышоў да Брэста і сказаў: «Мы яго выцягнулі». Але праз некалькі хвілін выйшаў хірург.
— Не.
Не жывы. Вось так мы страцілі Пашу.
Пасля гібелі Волата значная частка адказнасці за падраздзяленне легла на плечы Івана Марчука.
— Ён быў страшэнна стомлены. Але працягваў цягнуць усё на сабе.
«Я абараняю свой дом. А вы, беларусы, што тут робіце?»

Кусь і Папік. Лісічанск
У чэрвені батальён апынуўся пад Лісічанскам.
Менавіта там Аляксандр «Кусь» Клачко па-сапраўднаму пасябраваў з Вадзімам «Папікам» Шатровым. Некалькі дзён яны разам неслі службу на пераправе праз Северскі Данец у бок Севераданецка і шмат размаўлялі.
Папік быў беларусам з Оршы, але ва Украіне пражыў больш за дваццаць гадоў.
— Я абараняю свой дом. А вы, беларусы, што тут робіце? — спытаў ён аднойчы.
Падчас начных дзяжурстваў яны часта гаварылі пра Беларусь і Украіну. Кусь даведаўся, што бацькі Папіка памерлі, калі той быў яшчэ падлеткам, і яго выхоўвала бабуля. Пазней ён вырашыў з'ехаць ва Украіну.
— Я яшчэ тады зразумеў, што пры Лукашэнку нічога добрага ў Беларусі не будзе, — успамінаў Папік.
Ва Украіне ён пабудаваў новае жыццё. Яго дом знаходзіўся ў Кіраваградскай вобласці, прыкладна за 250 кіламетраў ад лініі фронту.
— Ён казаў, што не хоча, каб рускі салдат прыйшоў у ягоны дом. Таму і пайшоў ваяваць.
У Папіка засталіся жонка і трое дзяцей. Старэйшы сын на момант пачатку вайны быў у Еўропе, малодшыя яшчэ хадзілі ў школу.
— Пра сям'ю ён заўсёды гаварыў вельмі цёпла, — успамінае Кусь.
Пасля некалькіх тыдняў пад Лісічанскам батальён ненадоўга вярнуўся ў Кіеў. Папік паехаў да сям'і, а Кусь рыхтаваўся да ад'езду ў Вільню, каб падаўжыць дакументы.
Яны сустрэліся яшчэ раз 22 чэрвеня.
— Папік часта казаў, што прыйшоў ваяваць, а не ўдзельнічаць ва ўнутраных спрэчках. Калі нешта яго раздражняла, мог сказаць, што ўвогуле сыдзе ў УСУ, бо галоўнае цяпер — вайна.
23 чэрвеня група выехала на баявое заданне. На наступны дзень Кусь пакінуў Украіну. Перад развітаннем Папік папрасіў яго абавязкова напісаць, калі дабярэцца да Вільні.
— Я спытаў: «Навошта?» А ён адказаў: «Прыедзеш да сваёй дзяўчыны, пабудзеш у сытай Еўропе і ўжо не захочаш вяртацца».
Я напісаў, але не паспеў...
«Ваня, калі ласка, ты хаця б не хадзі з гранатай на танк»

Дзядзька, Север і Брэст. Фота з архіву Дзядзькі
Успамінае былая кіраўніца медычна-эвакуацыйнай службы батальёна «Волат» Анастасія «Север» Махамет.
— Уласна, задача была такой. Вані «Брэсту» патэлефанавалі і сказалі, што патрэбная група прыкладна з дзесяці чалавек, якая будзе прыкрываць іншую групу. А тая, у сваю чаргу, павінна была выводзіць людзей з акружэння.
Пад гэтую задачу Ваня вырашыў узяць хлопцаў, якія раней мала ўдзельнічалі або ўвогуле не ўдзельнічалі ў такіх аперацыях. Для таго ж Тромблі гэта быў першы баявы выхад.
Нас, медыкаў, ён таксама не хацеў браць, бо яшчэ не была да канца ўкамплектаваная машына эвакуацыі. Гэта быў новы эвак, і шмат чаго трэба было дарабіць.
Ваня кажа: «Заставайцеся дарабляць машыну». А я яму: «Не, так не пойдзе. Мы і на пікапах людзей эвакуявалі. Што нам той недароблены эвак?»
На той момант вельмі мала брыгад і падраздзяленняў мелі нармальную медычную лагістыку. Таму я вельмі баялася адпускаць хлопцаў проста ў нікуды, без медычнага кантролю і дадатковай арганізацыі.
Пакуль мы ехалі, сітуацыя моцна змянілася. Першапачатковую задачу фактычна адмянілі. Нас перакінулі ў іншае месца. Мы апынуліся на заводзе пад Валчэяраўкай, на пункце кіравання, дзе спрабавалі неяк паўплываць на танкавы прарыў у раёне Лісічанска.
Мы не ведалі, якія задачы нам могуць паставіць, і Ваня дамагаўся, каб нам далі нармальную задачу. Мне, зрэшты, было не да гэтага, у той момант я паралельна займалася арганізацыяй новай медычнай лагістыкі і разбіралася, як будзе працаваць пункт стабілізацыі.

Брэст. Фота з архіву Дзядзькі
На заводзе мы прабылі амаль паўдня. Да ночы стала больш-менш зразумела, што нас чакае. Вані ўсё гэта вельмі не падабалася.
Памятаю, сядзім ноччу на пункце кіравання. Ён ходзіць туды-сюды, з кімсьці гаворыць. Потым сеў насупраць мяне, і я заўважыла, што ў яго нейкі вельмі трывожны выгляд. Мне гэта страшэнна не падабалася, і ў нейкі момант у мяне было дзікае жаданне схапіць яго за руку і сказаць: « Ваня, усё пох..., паехалі адсюль! Няхай нам дадуць піз... і няхай. Не ведаю, што з намі зробяць, але давай проста звалім з сектара».
Але я разумела, што ён не пагодзіцца. І што так нельга.
Я дагэтуль думаю: а што было б, калі б я гэта сказала? Хоць ні я, ні Ваня не схільныя да такіх рашэнняў, але мне часам здаецца, што яму, магчыма, проста трэба было, каб нехта гэта сказаў.
Урэшце яму далі загад. Ён пабег за нашымі хлопцамі, пагрузіў іх у пікапы, а я пытаюся: «Вань, куды вы едзеце? Што нам рабіць?»
Ён адказаў: «Вы сядзіце тут і чакайце».
І ўсё. Яны проста з'ехалі на двух пікапах у невядомае. Памятаю, тады яшчэ Чэх згубіўся — спаў на другім паверсе. Яны ледзь не з'ехалі без яго.
Я амаль не спала ўсю ноч. Сядзела каля радыёстанцыі і слухала ўсё, што адбывалася.
Рана раніцай першае раненне атрымаў Чэх. Кулявое ў плячо. Нічога крытычнага, але з таго моманту я была напружаная да мяжы.
Я чула, як Ваня загадаў хлопцам адыходзіць. У мяне было адчуванне, што ён пайшоў іх прыкрываць. Не ведаю, рабіць што, але нешта, каб у іх быў хаця б шанец.
За некалькі дзён да гэтага мы з ім размаўлялі. Я казала, што на той момант вельмі шмат у палку трымалася менавіта на ім. Мы будавалі структуру, мелі планы, але ўсё было завязана на Вані.
І тады я сказала: «Калі ласка, ты хаця б не хадзі з гранатай на танк».
А цяпер, Божа... Па сутнасці, Ваня апынуўся перад танкам. Часам мне хочацца адарваць сабе язык.
Усё, што адбывалася пасля яго каманды адыходзіць, — гэта страшны хаос. Я вельмі добра памятаю, як ён спрабаваў высветліць, што гэта за танк. Наш? Не наш? Яму па радыё ўпарта паўтаралі, што наш. А потым Ваня кажа: «На іх жа зэткі п...рскія!»
І я разумею, што нашы хлопцы ўжо ў зоне бачнасці гэтага танка. І далей — поўны п...
На той момант у нас яшчэ была сувязь з Тромблі. Ён казаў па радыё, што Брэст жывы і цяжкі «трохсоты». Але я не ўпэўненая, што ўсё было менавіта так. Па апісанні Бровара гэта выглядала малаверагодна. Я вельмі пра многае хацела б распытаць Тромблі пра тую раніцу.

Шлем Тромблі
Мы доўга не маглі зразумець, у якім стане група. Толькі тыя, у каго былі радыёстанцыі, маглі паведаміць пра сябе. Група была раскіданая, і хлопцы выбіраліся з таго поля кожны сам па сабе.
Урэшце мы вывезлі тых, хто выйшаў. З Тромблі яшчэ заставалася сувязь, але мы не маглі знайсці яго дроном, а ён не мог дакладна растлумачыць, дзе знаходзіцца. Апошні раз Тромблі выйшаў на сувязь каля адзінаццаці гадзін. Ён паведаміў, што да яго выйшлі Клешч і Сябро, якія раней пайшлі ў разведку асобна ад асноўнай групы. Клешч быў паранены ў руку. Але і пасля гэтага мы так і не змаглі высветліць, дзе яны знаходзяцца. Мы ведалі поле і прыкладны раён, але не маглі вызначыць канкрэтную кропку. А без гэтага немагчыма было спланаваць эвакуацыю. Пешыя групы некалькі разоў спрабавалі прабіцца туды, але траплялі пад абстрэл, уступалі ў кантакт і былі вымушаныя адыходзіць.
Пакуль была сувязь з Тромблі, заставалася хоць нейкая надзея. А потым яна абарвалася. І я вельмі добра памятаю момант, калі раптам зразумела: усё. Мы ўжо нічога не зможам зрабіць. Хоць спробы працягваліся яшчэ доўга. Я заставалася там да вечара ў надзеі, што нешта яшчэ зменіцца. Але пагаварыць з ім больш не ўдалося.
«Танк расстраляў нас як курапатак»
Раніцай група атрымала задачу выйсці на пазіцыі.
У складзе былі Іван «Брэст» Марчук, Вадзім «Папік» Шатроў, Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудавік, Ян «Тромблі» Дзюрбейка, Сяргей «Клешч» Дзёгцеў, Чэх, Рэспект і баявы медык Бровар.
— Нам сказалі, што трэба прайсці наперад, заняць пазіцыі і ўтрымліваць іх да наступных распараджэнняў. Але мы не ведалі, дзе мы і куды ідзём. Нам не паспелі нічога растлумачыць.
Глядзіце таксама

Група рухалася ўздоўж завода.
Бровар успамінае:
— Я ўжо разумеў, што мы прайшлі значна больш, чым павінны былі. Брэст некалькі разоў спыняўся, звяраўся з мапай. На світанку Брэст узяў некалькі чалавек і пайшоў у разведку. Праз некалькі хвілін пачулася страляніна. Я пачуў, як ён крычыць: «Якое падраздзяленне? Чыё падраздзяленне?» А пасля ўсё пачалося.
Чэх атрымаў раненне ў плячо. Я аказваў яму дапамогу, калі з боку зялёнкі выехаў танк.
Брэст пытаўся: «Нашы? Не нашы?» Яму паўтаралі: «Нашы, нашы». А потым Ваня кажа: «На іх жа зэткі!»
Па танку былі выпушчаныя снарады, якія неслі нашы хлопцы, але ён стаяў лабавой праекцыяй, і ўсё адскоквала. Я добра чуў гэты гук.
Танк расстраляў нас як курапатак.
За метраў пятнаццаць-дваццаць ад мяне Ваню адкідае, як ляльку. Ён падае, рукі і ногі пад няправільным кутом. З-пад каскі пачынае сачыцца чырвона-белая маса. Я разумею, што ён усё. Нават калі яшчэ жывы, я яго ўжо не выцягну і нічога не зраблю.
Глядзіце таксама

Побач падымаецца Атам. Пачынае ісці прыгнуўшыся... І тут стрэл. Мяне адкідае, а ў Атама вырывае частку спіны. Бачу, што са спіны тырчаць органы. Бачу вельмі цёмны, густы струмень. Разумею, што гэта спіннамазгавая вадкасць уперамешку з крывёю. І я разумею, што яму таксама ўжо нічым не дапамагу. Прапаўзаю паўз яго. І пакідаю іх.
Бачу Рэспекта і Чэха — яны яшчэ вядуць агонь. Крычу ім: «Адыходзьце!»
Сябро і Клешча побач няма. Ім Брэст загадаў пайсці ў разведку іншым маршрутам, і яны адтуль не вярнуліся.
Я скінуў заплечнік медыка, бо ён замінаў рухацца. Не мог нават устаць у поўны рост. Проста поўз.
Мне здаецца, Тромблі застаўся ўнізе на схіле яра. Магчыма, ён нават не ведаў, што нас ужо няма наверсе.
Потым на расійскіх фатаграфіях мы ўбачылі на Брэсце турнікеты. Магчыма, гэта Тромблі спрабаваў спыніць яму кроў. Чаму ён не паспеў адысці, мы не ведаем.
Я поўз, пакуль танк не знік за зялёнкай. Тады падняўся. Мне стала дрэнна. Укалоў сабе супрацьірвотнае і абязбольвальнае. Выкінуў усё, што замінала, пакінуў толькі зброю, боекамплект, броню і каску.
Да сваіх я дабраўся першым. Дакладваў камандзіру, але ўжо вельмі дрэнна разумеў, што адбываецца. Памятаю толькі, што мне некалькі разоў казалі: «Вас там не павінна было быць».
Тромблі і Клешч застаюцца ў палоне

У тым баі загінулі чацвёра беларусаў. Яшчэ двое — Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў — трапілі ў палон. Праз некалькі дзён пасля бою ў сеціве з'явіліся відэа з абодвума беларусамі.
Ян «Тромблі» Дзюрбейка да вайны працаваў інжынерам, скончыў Акадэмію авіяцыі і быў вымушаны з'ехаць з Беларусі пасля падзей 2020 года. Ва Украіне ён будаваў новае жыццё, а пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў. Для яго выхад пад Лісічанск стаў адным з першых сур'ёзных баявых заданняў.
У адным са сваіх ранніх допісаў ён апісваў новую базу падраздзялення:
«Наша новая распалага ў будынку школы. У сталоўцы цывільна, і калі б не мяшкі на вокнах, можна было б падумаць, што вайны няма».
На сцяне калідора віселі дзіцячыя малюнкі.
«Хлопцы хацелі іх зняць, але я настаяў, каб іх пакінулі. Мне яны нагадваюць пра мір, які скончыўся тыдзень таму».
Побач з дзіцячымі малюнкамі байцы павесілі свае сцягі.
Сяргей «Клешч» Дзёгцеў таксама пакінуў Беларусь пасля пратэстаў 2020 года і пазней далучыўся да Палка Каліноўскага.
Абодва беларусы дагэтуль застаюцца ў расійскім палоне.
Іх пабрацімы і родныя працягваюць дамагацца вызвалення. Аднак вяртанне замежных добраахвотнікаў застаецца адной з самых складаных праблем абменнага працэсу. Украінскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што Расія адмаўляецца ўключаць частку іншаземных добраахвотнікаў у абменныя спісы і выкарыстоўвае іх як інструмент палітычнага ціску.
«Так страшна не было ніколі»
Сам Бровар пасля бою атрымаў цяжкую кантузію. Ён амаль не памятае дарогу да шпіталя.
— У бахмуцкай лякарні мяне пастаянна пыталіся прозвішча, імя і імя па бацьку. Я ўжо амаль не мог гаварыць, але ўсё роўна спрабаваў адказваць.
Пасля была эвакуацыя ў Дняпро.
— Некалькі дзён я не мог хадзіць і амаль не мог гаварыць. А потым мяне давялі да прыбіральні, і я змог стоячы сам пасцаць. Божа, якое гэта было шчасце!
Пасля былі шпіталі, рэабілітацыя і кароткі выезд у Польшчу.
Але вайна для яго не скончылася. Бровар вярнуўся ва Украіну і працягнуў службу. Былі Запарожскі напрамак, Гуляйполе, Бахмут, Харкаўшчына. Пазней ён сам узначаліў медычную службу падраздзялення.
— Страшна было. Дужа страшна. Так страшна не было ніколі ў жыцці.
Ён кажа, што дагэтуль памятае смерць Паўла «Волата» Суслава, Івана «Брэста» Марчука і іншых пабрацімаў, якіх не ўдалося выратаваць.
— Я дагэтуль лічу, што гэта мая віна. Магчыма, трэба было знайсці іншыя маршруты, самому ўсё разведаць. Магчыма, яны дзесьці разгубіліся, трапілі пад агонь і паехалі не туды. Тая дарога на нашых мапах была пазначаная зялёным. Гэта таксама быў недагляд штаба. Але я іх туды накіраваў, і яны загінулі. Значыць, я недапрацаваў, недаразведаў. Недаробленая камандзірская работа.
Мабыць, самыя страшныя мае эпізоды — гэта смерць Пашы, смерць Вані і хлопцаў, а таксама смерць экіпажа на Харкаўшчыне. Гэта мяне даламала.
Адказнасць за жыццё параненых, адказнасць як камандзіра за жыццё людзей, якія выконваюць твой загад, — гэта тое, што я больш не магу ўзяць на сябе.
Спампаваць і прачытаць цалкам спецвыпуск выдання «Вісник» можна тут.



