У Беларусі стартуе Тыдзень супраць смяротнага пакарання
З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі пройдзе традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання.
Арганізатары акцыі прапаноўваюць паглядзець на смяротнае пакаранне шырэй, задумацца над тым, на якія страты яно асуджае грамадства, адзначае праваабарончы сайт spring96.org.
Мерапрыемствы ў рамках тыдня пройдуць у розных гарадах краіны. Так, сёння ў Баранавічах у кінаклубе «Крытычнае мысленне» запланаваны прагляд і абмеркаванне фільма «Жыццё Дэвіда Гейла», а ў гомельскай арт-прасторы «Каўчэг» пакажуць фільм «Сальвадор».
Публічная дыскусія «Смяротнае пакаранне: за ці супраць» з удзелам прадстаўнікоў закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча пройдзе 6 кастрычніка ў адукацыйнай прасторы PUNKT у Мінску.
У той жа дзень у аграсядзібе вёскі Стаўры (Аршанскі раён, Віцебская вобласць) адбудзецца дыскусія «Масавыя рэпрэсіі і смяротнае пакаранне» з удзелам каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэя Палуды. Удзельнікам дыскусіі будзе паказаны дакументальны фільм «Гісторыя смяротнага пакарання».
7 кастрычніка ў берасцейсцкім клубе «Фантазія» і 8 кастрычніка — у менскім RE:PUBLIC пройдуць канцэрты «Рок за жыццё».
9 кастрычніка ў галерэі TUT.BY адбудзецца прэзентацыя інтэрактыўнага сацыяльнага комікса «Мама, гэта я!» з удзелам Андрэя Палуды і спецыялістаў па стварэнні коміксаў.
10 кастрычніка праваабаронцы і актывісты плануюць правесці ў Менску і рэгіянальных гарадах вулічныя інфармацыйныя акцыі з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання.
У гэты ж дзень у Страсбургу (Францыя) адбудзецца канферэнцыя Савета Еўропы «Вяртанне да смяротнага пакарання ў Еўропе: рэальная пагроза або папулісцкая фікцыя?», у працы якой возьмуць удзел праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак (Беларускі Хельсінкскі камітэт).
Першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання праводзіўся ў Беларусі ў 2013 годзе. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ прымяняецца смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў было пакарана больш за 400 чалавек, і толькі адзін з прыгавораных да смяротнага пакарання быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.
Еўрасаюз, Савет Еўропы і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі афіцыйны Мінск увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены.
Паводле racyja.com