У беларускіх школах і садках зьбіраюць дапамогу «дзецям Данбасу і вызваленых тэрыторыяў»

У беларускіх установах адукацыі ідзе збор дапамогі «дзецям Данбасу». Бацькам прапаноўваюць добраахвотна прынесьці канцылярскія рэчы, прадукты, цацкі і сродкі гігіены.

Эвакуацыйны цягнік з Данбасу, жнівень 2022 году. Фота расійскай службы «Радио Свобода»

Эвакуацыйны цягнік з Данбасу, жнівень 2022 году. Фота расійскай службы «Радио Свобода»

Збор грошай і рэчавай дапамогі для «дзяцей Данбасу» — даволі пашыраная ў Расеі зьява. Яна актывізавалася з пачаткам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Пра тое, што падобныя зборы вядуцца і ў беларускіх школах, «Св*бодзе» расказала адна з чытачак.

«Сын вучыцца ў чацьвёртай клясе. У бацькоўскі чат у Viber кінулі спасылку на фонд Аляксея Талая. Папрасілі "ня быць абыякавымі" і прынесьці ў школу асадкі, алоўкі, дзіцячае харчаваньне і іншае. Як я заўважыла, ніякага абмеркаваньня не было. Усе прамаўчалі. Ці моўчкі прынесьлі, ці праігнаравалі, ня ведаю», — падзялілася суразмоўца.

На старонцы дабрачыннага фонду Аляксея Талая — дзесяткі паведамленьняў пра збор рэчаў у дзіцячых садках і школах. Напрыклад, фонд дзякуе дзіцячаму садку № 140 Гомля, які прыняў удзел у акцыі і дапамог «дзецям Данбасу і вызваленых тэрыторыяў».

Далучыўся да акцыі і дзіцячы сад № 119 Гомля. Ягоны калектыў «перадае самыя лепшыя пажаданьні дзецям Данбасу».

Беларускі паралімпіец Аляксей Талай вядомы сваёй падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі і вайны Расеі супраць Украіны. Пасьля падзей жніўня 2020 году ён неаднаразова выказваўся ў падтрымку дзеяньняў беларускіх уладаў. Таксама Талай наведваў на тэрыторыі Расеі і акупаванага Данбасу расейскіх салдатаў, якія страцілі канцавіны ў баявых дзеяньнях.

«Балюча было бачыць маладых хлопцаў пасьля такіх раненьняў, як у мяне (Талаю ў 16-гадовым узросьце адарвала рукі і ногі мінай часоў Другой сусьветнай вайны). Хлопцы страцілі канцавіны ў сувязі са спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй, падарваліся на фашысцкіх мінах, новых, якія цяпер пастаўляе Нямеччына. Недзе на мяне нахлынулі ўспаміны. Але разумеў, што ў многіх зь іх сытуацыя не такая фатальная. І гэта супакойвала. Паглядзяць на мяне і вырашаць: а чаго тут сумаваць? Рады, што прыехаў і ўласным выглядам іх падтрымаў», — цытаваў Талая «Прессбол».

Інфармацыю пра збор гуманітарнай дапамогі для акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыяў распаўсюджваюць і афіцыйныя telegram-каналы райвыканкамаў.

«Сёньня ў сьвеце, як і раней, неспакойна, і сваю грамадзянскую пазыцыю нашы землякі выказваюць, удзельнічаючы ў дабрачынных праектах. Школьнікі раёну сабралі гуманітарную дапамогу дзецям Данбасу», — паведамляецца ў канале Гомельскага райвыканкаму. Ёсьць абвесткі пра такія зборы і ў тэлеграм-канале БРСМ.

Пра зборы сродкаў і рэчаў для ўкраінскіх дзяцей, якія пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў, у афіцыйных беларускіх крыніцах не паведамляецца. З 24 лютага 2022 году ў выніку расейскай агрэсіі на тэрыторыі Ўкраіны загінула сама меней 450 дзяцей, а амаль тысяча атрымалі раненьні.