У Дубліне скончыў працу кангрэс Міжнароднай федэрацыі журналістаў
Ці сугучныя беларускія праблемы ў галіне СМІ з сусветнымі? Пра гэта гутарым з дэлегатамі кангрэсу Андрэем Бастунцом і Святланай Калінкінай.
Андрэй Бастунец, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў:
«БАЖ з’яўляецца сталым чальцом Міжнароднай федэрацыі журналістаў, а гэта значыць, што мы маем права ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах. Такіх, напрыклад, як прайшоўшы кангрэс. Самае галоўнае, што было для мяне важна на кангрэсе, — гэта сустрэчы з калегамі з МФЖ, Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, з калегамі з Украіны, Нямеччыны, Азербайджана. Менавіта падчас такіх вялікіх форумаў ты яшчэ больш адчуваеш сябе часткай міжнароднай журналісткай супольнасці.
Асноўныя выклікі ж, з якімі сутыкаюцца журналісты ва ўсім свеце, гэта пытанні бяспекі. Вельмі шмат у свеце адбываецца забойстваў, нападаў, ціску на журналістаў. І ў гэтым, на жаль, беларускія праблемы цалкам сугучныя з сусветнымі.
Таксама на кангрэсе шмат абмяркоўвалася пытанне фрылансу ў журналістыцы. У Еўропе падчас крызісу шмат журналістаў згубілі працу, скарачаліся штаты супрацоўнікаў, і таму большасць звольненых журналістаў зараз працуюць як фрылансеры. Пытанне журналісцкіх заробкаў і раўнапраўя фрылансераў таксама вельмі актуальныя для Беларусі».
Святлана Калінкіна, шэф-рэдактар газеты «Народная Воля»:
«Пасля такога кангрэсу дакладна можна сказаць, што хоць беларуская дзяржава зараз, на жаль, і не ўпісваецца ў еўрапейскі кантэкст, БАЖ цалкам жыве ў еўрапейскім кантэксце і працуе над агульнаеўрапейскімі праблемамі.
Да прыкладу, на кангрэсе большасць краін Азіі і Афрыкі ўздымалі пытанне гендарнай роўнасці: каб больш жанчын было ў журналістыцы, каб была роўнасць у правах. Але для нас, еўрапейцаў, гэта абсалютна неактуальна. У Беларусі журналістыка становіцца ўсё больш жаночай прафесіяй. Таксама зараз БАЖ займаецца праблемамі на стыку прафесійнай супольнасці і журналісцкага прафсаюза — гэта таксама сусветная тэндэнцыя.
На кангрэсе шмат казалі пра ўмовы працы журналістаў, заробкі, адносіны з выдаўцамі, праблемы доступу да інфармацыі, свабоды слова, заканадаўства аб СМІ. Калі казаць пра прафесійныя стасункі і прафесійныя праблемы, то яны ў нас цалкам тыя самыя, што і ў многіх еўрапейскіх краінах.
Мне таксама падаліся цікавымі сустрэчы з калегамі па былому СССР, бо шмат пра што ў гэтых краінах мы, як высветлілася, у дэталях не ведаем. Так, напрыклад, азербайджанскія прадстаўнікі расказалі, што ў іх не існуе міністэрства інфармацыі. А ў прэзідэнта Ільхама Аліева, які не лічыцца ў свеце дэмакратычным кіраўніком, існуе свой фонд падтрымкі СМІ. Прычым ён падтрымлівае не толькі афіцыйныя, але і незалежныя выданні. Ва Украіне таксама шмат гавораць пра наступ на свабоду прэсы, справядліва гавораць, але ў гэты ж час ідзе працэс прыватызацыі дзяржаўных СМІ, нават існуе цэлая праграма.
Каб даведацца пра ўсё гэта, абмяняцца досведам, практыкай рашэння тых ці іншых праблем, вельмі патрэбныя і карысныя такія форумы, як прайшоўшы кангрэс МФЖ».
Барыс Гарэцкі, БАЖ