У Мінску развіталіся з Пятром Марцавым
У панядзелак сваякі, сябры, калегі, прадстаўнікі грамадскасці праводзілі ў апошні шлях выбітнага журналіста і выдаўца Пятра Марцава. Ён пайшоў з жыцця пасля хуткацечнай цяжкай хваробы — вострага лейкоза.

Пятру Марцаву было толькі 52 гады — яшчэ жыць ды жыць. Тыя, хто з кветкамі ці вянкамі, прыйшлі аддаць апошнюю даніну павагі памерламу, не хавалі слёз. Малады, таленавіты, прыгожы. Добры і чуллівы. Адказны і дасведчаны. Мудры і разумны. Якімі толькі эпітэтамі не надзялялі Пятра прысутныя каля рытуальнай залы на вуліцы Альшэўскага ў беларускай сталіцы. І выглядала гэта не высакапарна, бо ніякіх прамоваў ля труны нябожчыка не было.
Людзі ціха падыходзілі, клалі кветкі, ставілі вянкі і моўчкі выходзілі, каб даць магчымасць развітацца з Пятром іншым. А гэтых іншых было, па прыкідках аўтара гэтых радкоў, за ўсе тры гадзіны развітання некалькі соцень.
Звяртала на сябе ўвагу разнастайнасць тых, хто апошні раз прыйшоў да Марцава. Гэта і кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў на чале са старшынёй БАЖ Жаннай Літвіной, і добра вядомыя супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачання ў асобах Святланы Бароўскай, Ягора Хрусталёва, Уладзіміра Максімкова, Ларысы Грыбалёвай, а таксама блізкі сябра Пятра Леанід Шырын, народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч, рэжысёр Юры Хашчавацкі і рок-князёўна Кася Камоцкая ды многія іншыя знаныя ў краіне асобы.

І, натуральна, калегі Марцава, такія як Ірына Халіп, Святлана Калінкіна, Вадзім Сяховіч, Андрэй Александровіч, Марына Загорская ды іншыя, хто поплеч з Марцавым працаваў у створаных ім выданнях “Белорусская деловая газета”, “БДГ. Для служебного пользования”, “Имя”. Хоць гэтыя выданні ўжо не існуюць (“дзякуй роднай уладзе”), але іх яшчэ добрым словам узгадваюць многія беларусы.

Дарэчы, апазіцыйных палітыкаў на развітанні і на паахаванні было вобмаль.
Калі труну з целам выносілі з рытуальнай залы і неслі да катафалку, прысутныя праводзілі Пятра апладысментамі, якія ён дакладна заслужыў. Некалькі жанчынаў праспявалі “Магутны Божа”. Пасля гэтага жалобны картэж накіраваўся да крэматорыя на Паўночных могілках. Пасля крэмацыі урна з попелам Пятра Марцава будзе падзахаваная ў магілу ягонай бабулі на Усходніх (Маскоўскіх) могілках беларускае сталіцы.
Светлая памяць.