Летняя акадэмія "Дрэздэн — музыка пры двары Аўгуста Саксонскага" ў Мірскім замку
З 26 па 31 жніўня ў замкавым комплексе "Мір" будзе працаваць Музычная летняя акадэмія "Дрэздэн — музыка пры двары Аўгуста Саксонскага".
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Мірскага замка, удзельнікамі праекта стануць прыкладна 40 музыкантаў з Беларусі, Германіі, Галандыі, Польшчы, Расіі, Украіны. У іх распараджэнне будуць дадзеныя практычна ўсе залы старадаўняга замка — там пройдуць майстар-класы, прафесійныя дыскусіі, канцэрты.
"Музычныя тэмы пачатку XVIII стагоддзя выдатна гарманіруюць з убраннем музейных залаў і экспанатамі з нашай калекцыі. Усё гэта дапаможа нашым гасцям, музыкантам з розных краін, ва ўсёй
паўнаце адчуць атмасферу даўно мінулай эпохі. Хачу адзначыць, што некаторыя творы будуць выкананыя на аўтэнтычных інструментах, створаных каля трох стагоддзяў таму — мы рыхтуем каралеўскі
падарунак сапраўдным знатакам музыкі", — расказала дырэктар музея Вольга Папко.
Праект арганізаваны па ініцыятыве Інстытута імя Гётэ ў Мінску. Мастацкімі кіраўнікамі летняй акадэміі выступяць Сюзана Рэгель (Германія, барочны габой) і Крыстафор Хамер (Германія/ЗША, клавесін), з
беларускага боку — Уладзімір Неўдах (клавесін). У ліку выкладчыкаў летняй акадэміі будуць такія вядомыя музыканты, як Сінтыя Робертс (барочная скрыпка, віёла) і Фібі Караі (барочная
віяланчэль) з ЗША, Аксель Вольф (лютня) і Крысціян Бойсе (барочны фагот) з Германіі, Галіна Мацюкова (флейта, флейта-траверса) з Беларусі.
У фокусе ўвагі акадэміі будзе музыка барока, што ўзнікла ў часы культурнага росквіту дрэздэнскага двара Аўгуста Саксонскага, які сабраў у сваёй прыдворнай капэле самых віртуозных і вядомых музыкантаў
эпохі.
Як адзначыў менеджар праекта, каардынатар аддзела культурных праграм Інстытута імя Гётэ ў Мінску Ігар Куксін, "старадаўняя музыка мае асаблівую прыцягальную сілу". "Мы рады,
што ў межах нашага праекта зможам не толькі садзейнічаць абмену вопытам паміж прафесійнымі музыкантамі з розных краін, але і яшчэ раз прыцягнуць увагу аматараў музыкі да твораў эпохі барока",
— сказаў ён.
Арганізатары падкрэсліваюць, што доступ у Мірскі замак на перыяд правядзення там музычнай акадэміі будзе свабодным для ўсіх ахвотнікаў.
Ася Паплаўская, БелаПАН