Уладзімір Мацкевіч: Вывучаць Беларусь можна толькі ў мысленні людзей

У бліжэйшую пятніцу, 27 верасня Лятучы ўніверсітэт распачынае трэці сезон публічных лекцый “Urbi et Orbi”. Распачне новы сезон філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч. На тэму “Мысленне і крыўда, або Чаму рэчаіснасць не падпарадкоўваецца нашым загадам і што рабіць, каб было іначай” лектар запрашае паразважаць падчас сваёй публічнай прамовы 27 верасня ў галерэі “Ў” (пр-т Незалежнасці, 37а). Пачатак а 18.30. 



vv12_1_.jpg

Да пачатку заўсёды хочацца паставіцца нейкім адмысловым чынам, надаючы гэтаму моманту важнае значэнне і ролю. Праблематыка мыслення, адэкватных імкліваму, зменліваму свету падыходаў, спосабаў, інструмантаў мыслення — адзін з тых акцэнтаў, якому ў Лятучым ўніверсітэце надаецца асаблівая ўвага. Менавіта таму распачаць новы сезон мы запрасілі філосафа, метадолага Уладзіміра Мацкевіча. Напярэдадні лекцыі са спадаром Уладзімірам пагутарыла каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская.

У сваёй публічнай лекцыі вы збіраецеся звяртацца да тэмы мыслення. Яе можна назваць вашай улюбёнай ці традыцыйнай тэмай — у 1994 годзе выйшаў тэкст “Думаць Беларусь”, было шмат артыкулаў, серыя філасофскіх лекцый , публічныя дыскусіі і курс у межах Лятучага ўніверсітэта. Будучая публічная лекцыя — гэта патрэба сказаць нешта новае, ці вы яшчэ раз хочаце данесці тое, што не зразумела было падчас папярэдніх спробаў?

— Так, мысленне — гэта адна з галоўных тэмаў, якімі я займаюся ў сваім жыцці. І тваё пытанне здаецца простым, але насамрэч яно не такое простае і прымушае да роздуму. Пра гэта вельмі добра было сказана яшчэ ў кнізе Эклезіяста: нехта кажа — глядзіце, гэта новае, а прыглядзішся — і ўсё ўжо было на свеце і нішто не новае пад сонцам. І таму трэба было б набрацца нахабства, каб сказаць: тое, што я буду казаць на гэтай лекцыі — гэта зусім нешта новае. Канешне, не. Тое, што я хачу прапанаваць слухачам, так ці інакш я пісаў у іншых тэкстах, прамаўляў у іншых выступах. Але ж гэта былі менавіта іншыя тэксты і іншы кантэкст прамаўлення. Таму дакладна новым можа быць пераасэнсаванне і зборка думак і ідэй у рамках і межах той задачы, якую я сабе стаўлю сябе сёння.

Але зачапіўшыся за гэтую праблему навізны, мне ўжо не так проста адхіліцца ад роздуму пра яе. Ведаеце, нядаўна касмічны апарат “Voyager” выйшаў за межы сонечнай сістэмы і трапіў у адкрыты космас. І вось уявіце сабе, што нейкія іншапланецяне заўтра знойдуць гэты “Voyager” і захочуць па ім даведацца пра стан сучаснай цывілізацыі і тэхнікі на зямлі. А знойдуць яны касетны магнітафон, кампутар, памяць якога меншая за памяць ужо састарэлага мабільнага тэлефону, і гэтак далей… Вось такія рэчы сёння выйшлі за межы сонечнай сістэмы — цалкам архаічныя стварэнні чалавечай цывілізацыі сярэдзіны 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Калі вы сёння задумаеце, напрыклад, праект па высадцы на Венеру, то трэба разумець, што ён зойме не менш за 20 гадоў падрыхтоўкі. І мы кажам — “вось паляціць новы апарат”, але ж ён паляціць састарэлым на 20 год! Тое самае і нават больш выразна тычыцца нейкіх гуманітарных, сацыяльных праектаў.

— Якраз падаецца, што ў тэхніцы гэтае спазненне зразумелае, а выказванне думкі, ідэі можа быць максімальна набліжаным да моманту ўзнікнення гэтай думкі.
 

— Не зусім так. Вось глядзі: разважанні ідэолагаў ці лідараў французскай рэвалюцыі напрыканцы XVIII ст. былі новымі, піянерскімі для незалежных краінаў, якія ствараліся пасля першай сусветнай вайны, то бок напачатку ХХ стагоддзя. Потым тыя самыя ідэі былі як новенькія пры стварэнні новых дзяржаваў на руінах былога Савецкага Саюза. Таму датычна сацыяльных ідэй вельмі цяжка вызначаць — новыя яны ці старыя, калі мы маем такую гетэрахранію гістарычнага развіцця розных краінаў, розных народаў і г.д.

 І што ў гэтым сэнсе можна сказаць пра мысленне, якое ёсць тэмай майго роздуму і выступу?Я б сказаў, што той змест, які я прынясу на гэтую лекцыю, мае ўзрост некалькі дзясяткаў год. Гэта новае ці старое?

— А для вас самога — гэта будзе нечым новым?

— Кожны дзень, калі я думаю і дбаю пра прадмет сваіх зацікаўленасцяў, я знаходжу новае — развароты, пытанні, аспекты. Але каму і як я магу пра гэта распавесці, калі я не падрыхтую слухача да таго новага, што я магу даць? Ты бачыла шмат гэтых публічных лекцый. Колькі людзей прыходзіць туды падрыхтаванымі настолькі, каб тое, што я прыдумаў пазаўчора, яны маглі ацаніць як новае, не ведаючы таго, што я пісаў два месяцы, два гады, ці два дзесяцігоддзі таму?

А тыя, хто ведае? Для іх няма сэнсу прыходзіць на гэтую лекцыю?

— Я не магу адказаць на гэтае пытанне — мае сэнс ці не. Я думаю, яны павінны інакш ставіцца да веды. Я распавядаю звычайна не веды, прадмет маёй зацікаўленасці — гэта мысленне. Я прыходжу ў сітуацыю і прыходжу мысліць на вачах аўдыторыі, якая сабралася, уключаць у гэтае мысленне тых, хто прыйшоў, і мысліць разам, а не даваць нейкую новую веду. Што за глупства? Я ж не ў пачатковую школу прыходжу, каб распавесці дзецям тое, чаго яны не ведаюць. Для мяне публічная лекцыя — магчымасць уцягнуць у мысленне тых, хто прыйшоў са мной размаўляць.

Трохі раней вы казалі, што новы кантэкст, сітуацыя можа патрабаваць іншага прамаўлення. Што сёння вымушае вас выступіць з публічнай лекцыяй?

— Мяне вымушае агульны стан нашай краіны і нацыі. Але гэта вельмі шырока і абстрактна. Каб быць больш зразумелым, мне трэба трохі збочыць і распавесці пра метадалагічны падыход да мыслення.

Метадолагі ў свой час зрабілі пэўную рэвалюцыю ў мысленні, адвярнуўшыся ад мыслення пра нейкія аб’екты, супрацьлеглыя самому мысленню, і прапануючы зусім іншае стаўленне. Як звычайна разважаюць пра мысленне? Мы можам мысліць пра штосьці — пра космас, кветачку, жывёлу, самалёт. І можам мысліць штосьці — напрыклад, прыгажосць гэтай кветачкі. Разглядаючы гэтую кветачку, працуючы з ёй, выводзячы новыя гатункі, мысліць, каб яна была прыгожай. То бок мы мыслім не пра прыгажосць, а прыгажосць у гэтай кветачцы. Ісціну мысляць у матэматычнай формуле, справядлівасць — у законе. Мысляць пра закон, і справядлівасць — у законе. І вось доўгі час усё мысленне круцілася вакол гэтых двух модусаў — мысліць пра нешта і мысліць нешта ў гэтым. У 1994 годзе я казаў, што Беларусь павінна стаць аб’ектам мыслення. Мысліць пра Беларусь — гэта архаізм. Трэба думаць Беларусь. Што гэта значыць? Працуючы, напрыклад, над рэформай адукацыі (а я тады гэтым займаўся) мысліць трэба пра рэформу, а ў рэформе адукацыі мысліць Беларусь, якая квітнее, развіваецца, прыгажэе і г.д. Бо сістэма адукацыі ў Беларусі — гэта, зразумела, не ўся Беларусь і не Беларусь як такая. Але ж праз адукацыю людзі разумеюць каштоўнасць Беларусі, здабываюць уменні, пэўныя здольнасці, каб упрыгожваць гэтую Беларусь. Таму займаючыся чым заўгодна — палітыкай, адукацыяй, мясцовымі супольнасцямі — я думаю пра мясцовую супольнасць і адначасова ў гэтай мясцовай супольнасці думаю Беларусь. Гэты разварот — другі модус мыслення — быў вельмі істотны для інтэлектуальнай працы Беларусі напачатку 90-х.

Гэта было істотна для Беларусі ва ўмовах незалежнага развіцця. Але, як вы казалі, гэтыя два модусы мыслення ўжо доўгі час прысутныя ў інтэлектуальнай прасторы чалавецтва. Яны не з’яўляюцца плёнам рэвалюцыі, якую зрабілі метадолагі.

— Так, рэвалюцыйны падыход метадолагаў тычыўся таго, што яны перасталі думаць пра нешта (і думаць нешта) супрацьлеглае мысленню, а пачалі думаць пра само мысленне. У мысленні мысліць мысленне. Бо ёсць такая ілюзія ў людзей, што калі ў іх штосьці варушыцца ў галаве, то гэта значыць, што яны адразу і мысляць. Але гэта не так, бо нешта варушыцца ў галаве і ў коціка, і ў малпачкі, і гэта яшчэ не ёсць мысленне. Да таго часу, пакуль мы не зразумеем, што не ўсё, што адбываецца ў чалавечай галаве, ёсць мысленне, мы не ставім перад сабой пытанне: а што ж ёсць мысленне як такое? І вось метадалогія — гэта наварочванне самога мыслення ў мысленні.

Працяг размовы з Уладзімірам Мацкевічам чытайце ТУТ

Нагадваем, што лекцыя “Мысленне і крыўда. Або чаму рэчаіснасць не парадкоўваецца нашым загадам і што рабіць, каб было іначай”, адбудзецца 27 верасня а 18.30 у галерэі “Ў” (пр-т Незалежнасці, 37а). Традыцыйна будзе даступная online-трансляцыя лекцыі.