Дэпартаваны на 5 гадоў: суд яшчэ не пачаўся, а праяздны дакумент ужо выпісаны
29 красавіка адбылося судовае пасяджэнне па справе Уладзіслава Вараксіна, асобы без грамадзянства, якога затрымалі 13 красавіка і рыхтавалі да дэпартацыі.
У сваёй скарзе на пастанову першага намесніка начальніка АУС Брэсцкага райвыканкама І.С. Федарука ад 13.04.2016 аб дэпартацыі, Уладзіслаў прасіў пакараць яго штрафам без дэпартацыі, бо з 45 гадоў свайго жыцця 43 гады пражыў у Беларусі, нарадзіўся і вырас у Брэсце, адбываў свае пакаранні і працаваў таксама ў Беларусі, у Беларусі 2 разы ажаніўся і мае ў Брэсцкім раёне непаўнагадовага сына і састарэлую маці, якія патрабуюць ягонай дапамогі і апекі...
Падставай да дэпартацыі паслужылі ягоныя адміністратыўныя парушэнні, несваечасовая рэгістрацыя па месцы жыхарства, у дадатак скончыліся 90 дзён знаходжання на тэрыторыі рэспублікі замежніка. Справа ў тым, што замежным грамадзянінам Уладзіслаў Вараксін ніколі не быў, адзіная краіна, якая выдала яму пашпарт, — гэта СССР, а дакладна Аддзел унутраных спраў Маскоўскага райвыканкама г. Брэста. Пра якія 90 дзён ідзе гаворка, да канца не ясна.
Уладзіслаў кажа, што 12 красавіка ён прыйшоў у АГіМ (аддзел па грамадзянству і міграцыі), каб працягнуць рэгістрацыю, але з ім не сталі гаварыць — выгналі, 13 красавіка ён зноў прыйшоў, каб неяк вырашыць праблему, але яго арыштавалі.
Маці Вараксіна Юзэфа пачала змагацца за сына, але з ёй таксама ніхто з міліцыянтаў не захацеў размаўляць, нават у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) адмовілісь ўзяць перадачу.
Удзел адваката скрануў з месца справу, з’явілася магчымасць камунікацыі з затрыманым, пачалі браць перадачы. Была напісана скарга.
29 красавіка ў судзе Брэсцкага раёна інтарэсы затрыманага прадстаўляў адвакат... Суд адмовіў Уладзіславу Вараксіну ў задавальненні скаргі. Як вынік, пастанова была імгненна выканана — ужо праз некалькі гадзін Вараксін ехаў цягніком у бок Расіі пад канвоем. Дэпартацыя на 5 гадоў. 72-гадовая маці плакала: “Я яго (сына) больш не пабачу...”
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін пракаментаваў сітуацыю:
“Мяркую, што прынцыповае рашэнне аб лёсе Вараксіна было прынятае задоўга да суда. Суд яшчэ не пачаўся, а “праяздны дакумент ужо выпісаны”. У 12 гадзін суд скончыўся, а ў 17 гадзін ён ужо на вакзале пад канвоем. Мы выпадкова даведаліся, што яго ўжо рыхтуюць на дэпартацыю, спадзяваліся абскардзіць рашэнне суда...
Уладзіслаў Вараксін ужо ў Расіі. Для яго выраблены адмысловы дакумент на падставе, якога ён можа два з паловай месяцы легальна знаходзіцца на тэрыторыі Расіі, а што потым? Расійскае заканадаўства, таксама, як і беларускае, не прадастаўляе грамадзянства асобам у якіх не знятая судзімасць. Вараксін мае не пагашаную судзімасць.
Я дапускаю, што выпадак з асобай без грамадзянства Вараксіным, можа быць звязаны з вайной ва Украіне. Усе мы чулі, што на баку сепаратыстаў ваююць алкаголікі, наркаманы, крымінальнікі. Нядаўна ў СМІ прагучала інфармацыя, што ў сувязі з вялікімі стратамі ў Л/ДНР ідзе набор добраахвотнікаў. Дапускаю, што асобам кшталту Вараксіна на пэўным этапе прапануюць “праяздны дакумант” пашпарт ДНР, аўтамат і “прапіску” на могілках... Класічная ўтылізацыя асацыяльнага элементу — схема не новая, падобнае было ў Югаславіі, калі крымінальнікаў выкарыстоўвалі супраць паўстаўшых рэгіёнаў...
Уладзіслаў Вараксін намагаўся стаць паўнавартасным членам грамадства, ажаніўся, завёў гаспадарку, але адсутнасць грамадзянства і бытавыя абставіны не дазвалялі яму нармальна працаўладкавацца і наладзіць жыццё. Дзяржава выштурхнула яго ў невядомае. Мы праваабаронцы пастараемся адсачыць ягоны лёс і дапамагчы”.