Упершыню са жніўня. Расійская авіяцыя нанесла ракетны ўдар па Украіне з тэрыторыі Беларусі
Раніцай 6 кастрычніка расійская авіяцыя нанесла ракетны ўдар па Украіне з тэрыторыі Беларусі.
![_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg _mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg](/img/v1/images/_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта заявіў намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення генштаба УСУ Аляксей Громаў і спікер паветраных сіл Юрый Ігнат.
«Сёння раніцай 4 самалёты Ту-22 М3 стратэгічнай авіяцыі краіны-агрэсара з паветранай прасторы Беларусі нанеслі авіяцыйны ўдар па тэрыторыі Украіны. Папярэдняе прымяненне авіяцыі з гэтага кірунку было 28 жніўня», — паведапіў Громаў.
Як удакладніў Юрый Ігнат, гаворка ідзе пра ўдар па Хмяльніцкай вобласці, які рускія нанеслі ракетамі Х-22. Адна з двух ракет упала побач з аб'ектам інфраструктуры. Іншая ўпала на пустцы. Ахвяр і пацярпелых няма.
Учора Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь удзельнічае ў спецыяльнай ваеннай аперацыі на Украіне, але вайскоўцаў у зону канфлікту не накіроўвае.
«Што тычыцца нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем свае абавязацельствы. Наш удзел у тым, каб не дапусціць распаўсюджвання гэтага канфлікту на тэрыторыю Беларусі, па-першае. Па-другое, не дапусціць нанясення ўдару па Беларусі пад прыкрыццём спецыяльнай ваеннай аперацыі з боку Польшчы, Літвы і Латвіі. Як я казаў, у спіну рускім страляць ніхто не будзе з тэрыторыі Беларусі. Вось наш удзел», — заявіў Лукашэнка.
Паводле «Украінскай праўды», ВВС