Высокія пагрозы, «галубятні» і залатая бульба

Набраўшыся сілаў падчас адпачынку ў Сочы, кіраўнік Беларусі зноўку абрынуўся на сваіх тутэйшых і замежных апанентаў, не абмяжоўваючы сябе ў выразах. Ён таксама заявіў, што можа выкарыстаць армію для забеспячэння канстытуцыйнага парадку ў краіне.



b986700c627db479a4d9460b75de7222.jpg

Набраўшыся сілаў падчас адпачынку ў Сочы, кіраўнік Беларусі зноўку абрынуўся на сваіх тутэйшых і замежных апанентаў, не абмяжоўваючы сябе ў выразах. Ён таксама заявіў, што можа выкарыстаць армію для забеспячэння канстытуцыйнага парадку ў краіне.
Беларускі прэзідэнт ніколі не лезе ў кішэню за словам, асабліва калі яго перапаўняюць эмоцыі, тым больш адмоўныя. Вельмі нервова рэагуе афіцыйны беларускі лідар на ўсё, што тычыцца мінулых прэзідэнцкіх выбараў, якія міжнародная супольнасць не прызнала свабоднымі і справядлівымі. Асаблівую рэакцыю ў кіраўніка дзяржавы выклікаюць санкцыі, што ўжо ўведзены Еўрасаюзам у дачыненні да яго самога і яшчэ 156 асобаў, якім выстаўляюць за віну пераслед апанентаў дзейнай улады, асабліва пасля трагічных падзей 19 снежня і ў наступныя дні.
Аляксандр Рыгоравіч зноў дапусціў не вельмі прыстойныя (альбо вельмі не прыстойныя) выказванні на адрас міністра замежных спраў ФРГ Гіда Вестэрвеле. Адказваючы на пытанні журналістаў 19 лютага, прэзідэнт заявіў літаральна наступнае: «Яны нас закалыхвалі, Захад нас закалыхваў, прыехалі тут вялікія дзеячы правільнай і няправільнай арыентацыі, і мяне ўжо пачалі папракаць у тым, што я, бачце вы, асудзіў «галубятню» гэтую і гэтак далей. Ну, не падабаюцца мне блакітныя, я і сказаў, што не падабаюцца. Бачце вы, асобныя міністры замежных спраў на мяне пакрыўдзіліся. Чаго на мяне крыўдзіцца? Мы ў дэмакратычным грамадстве жывем, тым больш я прэзідэнт і маю права выказаць свой пункт гледжання і сваю пазіцыю. Я яму чэсна і сказаў гэта ў вочы. І за гэта, бачце вы, яны крыўдзяцца. Нармальны лад жыцця трэба весці. Мы яго (ненармальны лад жыцця — заўв. Г. К.) не прымаем, і нам не трэба яго навязваць. У Германіі гэта магчыма, у Польшчы — калі ласка, няхай яны там гэтым займаюцца, а нам сюды гэтага не трэба. Хаця гэтага дабра хапае, на жаль».
Што ж, сапраўдная плынь найвышэйшай талерантнасці і павагі да высокапастаўленых еўрапейскіх палітыкаў.
Праз некалькі дзён Аляксандр Лукашэнка зрабіў прызнанне, якое выклікала цэлую хвалю эмоцый у беларускім грамадстве. Кіраўнік Беларусі заявіў, што гатовы звярнуцца па дапамогу да вайскоўцаў для прадухілення спробаў звяржэння канстытуцыйнага ладу. Разам з тым, Лукашэнка падкрэсліў, што пойдзе на такія меры толькі ў выключных выпадках. З такой заявай Лукашэнка выступіў 21 лютага падчас наведвання Другой інжынернай брыгады ўзброеных сіл. У той жа час кіраўнік дзяржавы заявіў, што сістэма бяспекі Беларусі «вытрымала выпрабаванне на трываласць, пацвердзіла правамернасць прынятых раней рашэнняў, паказала ўсяму свету, як абараняць нацыянальныя інтарэсы і не дазваляць далучаць сябе да хаосу дзяржаўных пераваротаў».
Натуральна, тут мелася на ўвазе спецаперацыя 19 снежня па разгону масавай акцыі пратэсту, у выніку якой за кратамі апынуліся амаль сямсот чалавек, у там ліку абсалютная большасць кандыдатаў у прэзідэнты. 42 чалавекі абвінавачваюцца ў арганізацыі  і/альбо актыўным удзеле ў масавых беспарадках. Наступствы для гэтых людзей могуць быць вельмі адмоўнымі, прыкладам таму — прысуд, вынесены выпускніцай зліквідаванага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, а сёння суддзёй суда Фрунзенскага раёна Мінска Вольгай Комар сябру выбарчага штаба Уладзіміра Някляева Васілю Парфянкову ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. А што будзе далей?
Аднак у клетцы сядзелі два юнакі, аднаму з якіх 23, а другому — 28 гадоў, прычым абодва выглядалі даволі інтэлігентнымі асобамі, на выгляд, не здольнымі на інкрымінуемыя ім злачынствы. Відаць, гэта падчас судовага пасяджэння зразумеў і сам дзяржаўны абвінаваўца Кунаш. Бо пасля допыту сведак — супрацоўнікаў міліцыі Алега Дударчыка і Аляксандра Якаўлева, паказанні якіх былі, мякка кажучы, не пераканаўчымі, а таксама вывучэння відэаматэрыялаў справы пракурор заявіў хадайніцтва аб аб’яўленні ў судовым пасяджэнні перапынку да 1 сакавіка, таму што, па словах Сяргея Кунаша, у яго ўзнікла неабходнасць перафармуляваць і выставіць расіянам новае абвінавачанне. Юрысты ў адзін голас кажуць, што Брэусу і Гапонаву будуць інкрымінаваць іншы артыкул Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае не такое суровае пакаранне.
Такім  чынам, застаецца пачакаць да вясны ў літаральным сэнсе гэтага слова. Дарэчы, 1 сакавіка стане сапраўды «судным днём», бо, апроч Гапонава і Брэуса, у Маскоўскім райсудзе сталіцы пачнецца разгляд справы абвінавачанага ва ўдзеле ў масавых беспарадках Дзмітрыя Мядзведзева (во дык супадзенне!), а ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы пачнуцца працэсы над прэс-сакратаром экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандрам Атрошчанкавым, якому інкрымінуюць арганізацыю масавых беспарадкаў (ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі), і над Змітром Новікам, якому «шыюць» удзел у масавых беспарадках.
Тым часам чухаюць патыліцы і людзі, якія вельмі далёкія ад палітыкі і актыўнага грамадскага жыцця. Усе з жахам чакаюць жыровак з павялічанымі сумамі для аплаты камунальных паслуг, а калі глядзяць на цэннікі ў крамах, якія мяняюцца ледзь не штодня, то самы час назапашваць валер’янку. Кошты на грэчку, якая ўжо зрабілася недасягальным прадуктам для вялікай колькасці беларусаў, у некаторых гандлёвых кропках ужо перавысілі 18 тысяч айчынных рублёў за 900-грамовы пакуначак, двойчы за некалькі тыдняў даражэў цукар, растуць кошты на мяса і малочную прадукцыю. Але мяне асабіста больш за ўсё ўразілі кошты на «нацыянальны скарб» Беларусі — бульбу. 23 лютага (мо, спецыяльна да так званага мужчынскага свята — Дня абаронца Айчыны?) кошт кілаграма гэтага карняплоду на рынку «Максімус» у Мінску сягнуў 3 800 рублёў! Вось так! Бульбачка, як і грэчачка, ужо зрабіліся залатымі прадуктамі. Смачна есці!