Жанчыну, якой амапаўцы да крыві разбілі галаву, выклікалі ў СК

Ганна Чаркас змясціла ў Інстаграме сваё фота з акрываўленай галавой, да якога дадала ўзрушальны допіс. «Дакладна ведаю, што тое, што адбываецца апошнія дзесяцігоддзі, тое, што адбылося сёння — гэта не нармальна, гэта вар’яцтва, гэта подла і бесчалавечна», — напісала Ганна. У размове з карэспандэнтам Свабоды Ганна расказала пра падзеі, якія папярэднічалі яе збіццю.

Сілавікі збіваюць людзей 11 кастрычніка. Фота Алены Ляшкевіч

Сілавікі збіваюць людзей 11 кастрычніка. Фота Алены Ляшкевіч

Не заўважылі, як аказаліся ў хвасце калоны

Гэта адбылося на Машэрава прыкладна за сто метраў ад вуліцы Ціміразева. Цяпер Ганна ведае, што на Маршы годнасці, які прайшоў у Мінску 11 кастрычніка, калонаў дэманстрантаў было некалькі, але аб’яднацца ім так і не далі. «Дзеля таго якраз нас збівалі, хапалі, палівалі з вадамётаў. Такую задачу ім паставілі — каб не было карцінкі статысячнага шэсця», — лічыць Ганна.
Ганна Чаркас з сяброўкай Сашай аказаліся ў калоне, якая пасля трэцяй гадзіны дня адышла ад стэлы на праспекце Пераможцаў па Машэрава ў бок вуліцы Ціміразева. Да скрыжавання заставалася каля ста метраў, ззаду напіралі амапаўцы, і нечакана для сябе Ганна ўбачыла, што яны з сяброўкай засталіся ў апошніх шэрагах калоны. Але і тады яна не прадбачыла таго, што пачалося праз хвіліну.
«Што такое затрыманне, я ўжо ведала. Тры тыдні таму з сябрам нас затрымалі каля Акадэміі навук. Выскокваюць з бусікаў, цягнуць. Потым пакаралі штрафамі... А тут проста напіраюць, адціскаюць. Таму мы былі спакойныя, а галоўнае, ніхто з нас не супраціўляўся, сілавікоў не правакаваў, паступова адыходзілі да Ціміразева. І раптам пачалася каша. Нас сталі біць проста ўсіх: дзяўчат, хлопцаў, сталых людзей. Дубінкамі па галовах, плячах, руках. Мне разы, можа, тры дасталася па галаве, колькі па руках, не ведаю. Відаць, закрывалася рукамі, але не дапамагала. Шмат дэталяў не памятаю, бо ўсё ж па галаве атрымала моцна», — расказвае Ганна.
З яе словаў, у нейкі момант адзін з амапаўцаў сказаў ім прыціснуцца да сцяны, каб там перачакаць, пакуль яны пройдуць. Гэтак яны з сяброўкай і зрабілі. Ды яшчэ павярнуліся тварам да сцяны. Такі быў загад?
«Хутчэй інстынктыўная рэакцыя, каб не бачыць той жудасці, якая вакол адбывалася. У вачах дагэтуль стаіць апошняя карціна за намі: зламаныя парасоны, абутак, нейкія кавалкі і два целы нерухома ляжаць на дарозе. Нават не памятаю дакладна, гэты былі мужчыны ці жанчыны. Усё ж, бадай, мужчыны. Яны ляжалі як забітыя, з рукамі на галовах», — згадала Ганна.

«Нацягнулі капюшоны на галовы і гэтак вывезлі»

Ганна Чаркас не выключае, што яе з сяброўкай не затрымалі проста таму, што да першага шэрагу сілавікоў, якія малацілі людзей дубінкамі, не паспела падысці група, адказная за затрыманні. Як бы там ні было, дзяўчаты не разгубіліся і забеглі ў двор. Там, кажа Ганна, з ёю здарылася яшчэ адна неверагодная гісторыя.
«Мяне з акрываўленай галавой убачылі зусім незнаёмыя хлопцы і пачалі дапамагаць. Адзін збіраўся выклікаць хуткую, але вырашылі, што лепш самі нас вывезуць. Сказалі нацягнуць на галовы капюшоны і, рызыкуючы натрапіць на АМАП, правезлі праз горад у шпіталь хуткай дапамогі. Потым 4 гадзіны чакалі, пакуль агледзелі і апрацавалі мне рану, і адвезлі дамоў».
Пра рану на галаве Ганна расказвае спакойна. «Зашываць не давялося — зажыве так, а шышка пройдзе. Здаецца, страсення мозгу няма, бо галаву ўжо не кружыць, не ванітуе. Магло быць горш, але пашанцавала. Усё абышлося».

Чаму вучыцца на псіхолага?

Ганна працуе менеджарам, шмат вандруе, у тым ліку па Беларусі, займаецца спортам і захапляецца фатаграфіяй. Адносна палітычных падзей у краіне мае свой погляд, які сфармаваўся раней за цяперашнюю выбарчую кампанію. Дзівіцца людзям, для якіх учорашняя жорсткасць сілавікоў стала адкрыццём. «Ды яны такія былі і раней».
Ганна дзеліцца ўспамінамі, як пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і раптоўнага абясцэньвання рубля ўлетку наступнага года на плошчы Мінска таксама выходзіла моладзь з пратэстамі.
«Памятаеце маўклівыя акцыі? Людзі збіраліся на вуліцах і проста пляскалі ў ладкі на знак салідарнасці, а ўлада вар’яцела, пачаліся хапуны, як цяпер. У нашай фірме тады працавала жонка амапаўца, і яна не хацела верыць, што могуць схапіць каго заўгодна. Не верыла, пакуль яе саму не затрымалі, калі выходзіла з ГУМу. На ёй жа не напісана, што яна жонка амапаўца. Толькі тады прызнала, што нешта яе муж у дом не даносіць, нешта замоўчвае з таго, што ў іх там адбываецца», — кажа Ганна.
Ужо маючы адну вышэйшую адукацыю, Ганна атрымлівае другую — цяпер вучыцца на псіхолага. Вырашыла, што гэтая прафесія дапаможа ёй лепш разумець учынкі людзей. Сярод прычын, якія падштурхнулі Лукашэнку аддаць загад на ўчорашняе жорсткае абыходжанне з пратэстоўцамі, Ганна найперш называе псіхалагічныя.
«У мяне даверу да ягоных словаў пра дыялог не было — ведаючы ягоныя ранейшыя ўчынкі, на гэта не варта разлічваць. Але тое, што было ўчора, — гэта яўна рэакцыя на прыніжэнне, якое ён адчуў. Прыніжэннем для яго была сустрэча ў турме КДБ, і потым тое, што людзі зноў выйшлі на вуліцы, каб пратэставаць. Але, зноў паказаўшы сябе надзвычай помслівым, ён толькі прайграў. Яму цяпер зусім няма веры», — мяркуе Ганна Чаркас.
Паводле Ганны Чаркас, яна яшчэ не вырашыла, ці будзе скардзіцца на сілавікоў, якія яе збілі.
«Не думаю. Мне маральна будзе цяжка да гэтага вяртацца», — прызнае Ганна. Але зазначае, што дзяржава наўрад ці дасць забыць гэтую гісторыю.
«Учора збілі, а сёння ўжо пазванілі і запрасілі ў Следчы камітэт. Нават не ведаю, чаго ад іх чакаць», — кажа Ганна Чаркас.