«Жанчыны дзякавалі сілавікам, што так заўзята абараняюць родную зямлю ад «змагароў». Казалі, што трэба больш жорстка іх біць»
Алег Сягоднік — мантажнік з Гродна, бацька траіх дзяцей. 31 кастрычніка яго і яшчэ аднаго веласіпедыста на праспекце Касманаўтаў затрымалі супрацоўнікі АМАП. Алега збілі і разам з сябрам загрузілі ў аўтобус, які пасля пад’ехаў да Кургана Славы. Там іх паказалі ўдзельнікам праўладнага мітынгу. Гісторыю Алега распавядае hrodna.life.
«Мы з сябрам былі каля Кургана Славы, глядзелі на калону аўтамабіляў, там жа быў праўладны мітынг. Пасля паехалі ў бок цэнтра. На праспекце Касманаўтаў каля ГІАП спыніўся аўтобус з АМАПам. Нікога на тратуары больш не было, і мы спыніліся.
Падбеглі супрацоўнікі, я нават паспеў сказаць «добры дзень». А яны нам крычаць: «Папаліся, вы каардынатары!» — і сталі біць мяне за налепку з «Пагоняй» і стужачку на ровары. З сябра яны знялі акуляры і гадзіннік, хацелі разбіць. Адзін з супрацоўнікаў заступіўся за яго. Ну якія мы каардынатары? Мы проста прыехалі паглядзець на мітынг», — распавядае Алег.
Прасілі паказаць «змагароў»
Мужчын затрымалі разам з роварамі. Пасля гэтага аўтобус пад’ехаў да запраўкі каля Кургана Славы. Туды сталі падыходзіць людзі з мітынгу.
«Спачатку нас маральна прыніжалі, потым некалькі жанчын прыйшлі да сілавікоў падзякаваць за тое, што так заўзята абараняюць родную зямлю ад „змагароў“. Казалі, што трэба больш жорстка іх біць, каб нават не думалі выходзіць. Потым наступная дэлегацыя падарыла ім торты ў падзяку, фатаграфаваліся. А як даведаліся, што мы ў салоне, то прыйшлі ў захапленне: прасілі паказаць нас і нават ударыць. На нас глядзелі, як на малпаў нейкіх».
Толькі пасля гэтага Алега і яго сябра даставілі ў РАУС Кастрычніцкага раёна. Там на іх склалі пратаколы затрымання і абшукалі.
«Тэлефона ў мяне з сабой не было, але ў міліцыі паглядзелі мае сацыяльныя сеткі, вызначылі як „змагара“. Пасля гэтага пасадзілі ў перапоўнены аўтазак і завезлі ў турму на Кірава. Там спачатку распранулі, прымусілі прысядаць галышом, а потым змясцілі ў камеру».
І сорам і радасць
У зняволенні Алег з сябрам прабылі двое сутак. Выпусцілі іх у панядзелак, 2 лістапада.
«Суддзя прыехаў і надаў мне толькі 5 хвілін свайго часу. Нават быў нейкі сведка, але ён казаў, што затрымліваў людзей на вакзале, а мы туды нават не даехалі. Далі ў выніку штраф 20 базавых. Калі выйшаў з турмы, на вуліцы ўжо чакалі сябры і родныя. І сорам і радасць, але вельмі крыўдна. Бо мне 540 рублёў плаціць. За што? За налепку і стужачку на ровары? І забраць я яго змагу толькі пасля аплаты штрафу».
На наступны дзень Алег пайшоў на працу і папрасіў прабачэння ў калег за тое, што адсутнічаў. Да медыкаў не звяртаўся. У яго да гэтага часу баліць нага і рэбры. На працы яму трэба капаць траншэю.
Hrodna.life звярнуўся па каментар з нагоды затрымання веласіпедыстаў у міліцыю. Ад каментара ў прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама адмовіліся.
Міліцыя не любіць веласіпедыстаў?
За апошнія паўгода ў Гродне пачасціліся выпадкі затрымання веласіпедыстаў. Напрыклад, 15 ліпеня ў цэнтры горада затрымалі 5 веласіпедыстаў. Іх асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве: нехта атрымаў некалькі сутак арышту, хтосьці штраф. Затрымлівалі гродзенцаў на роварах і ў першыя дні пасля выбараў, і пазней. 19 кастрычніка гродзенец Аляксей ехаў на ровары ў McDonald’s і апынуўся ў міліцыі. Хлопца пры затрыманні збілі.