Журналісты, услед за вяскоўцамі калгаса “Шлях да камунізму”, пайшлі да фермера Міхаіла Шруба
Гомельская філія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зладзіла прэс-тур да выбітнага беларускага фермера Міхаіла Шруба з вёскі Хільчыцы Жыткавіцкага раёна, што знаходзіцца на зямлі старажытнай Тураўшчыны.
У Хільчыцах — роднай вёсцы фермера
Журналісты з Гомельскай і Брэсцкай абласцей дазналіся, як дзесяць гадоў таму вяскоўцы адракліся ад свайго калгаса “Шлях да камунізму” і ўсе гуртам перайшлі да свайго земляка, мясцовага фермера Шруба. Каб зрабіць такі крок, ім трэба было вытрымаць ажно пяць агульных сходаў: упіралася начальства – ад райвыканкама да Міністэрства сельскай гаспадаркі. Такое ў найноўшай аграрнай практыцы краіны здарылася ўпершыню.
Паслухаць Шруба — таксама павучыцца
“Калгас наш не тое што ляжаў на лапатках, а знаходзіўся ў яме з галавою, – апавёў журналістам вясковец Фёдар Белка. – І Бог даў нам Шруба Міхаіла Рыгоравіча, які нас выратаваў. Дзякуючы яму мы цяпер па-людску жывём. Лічу так: калі зямлю будуць нават арандаваць такія людзі, як Шруб, сельскай гаспадарцы не спатрэбяцца датацыі дзяржавы. І наагул быў бы ў вёсцы сучасны камунізм – гэта стопудова!”
У кавярні “Будзьма”
Сам фермер паказаў удзельнікам прэс-туру сваю гаспадарку – ад аўтаматызаваных гароднінасховішчаў і жывёлагадоўчых памяшканняў да помніка рэпрасаваным вякоўцам і кавярні “Будзьма” з традыцыйнымі паляшуцкімі стравамі.
Фермер Шруб у аб'ектывах камер
“Колішні калгас вырошчваў 600 тон збожжа і 30 тон бульбы. Мы вырошчваем зараз 15 тысяч тон гародніны, тысячу тон мяса, маем сваю гандлёвую сетку, развіваем экатурызм. Зроблены захады, каб праз два гады мець 5-6 тысяч тон малака. На 3 працэнтах зямлі, якой у нас надзвычай бракуе, атрымліваем ад 15 да 30 адсоткаў выручкі, якую маюць усе сельгаспрадпрыемствы раёна. З кожнага гектара зямлі мы плацім дзяржаве 1000 долараў падаткаў. Сярэдні заробак працаўнікоў у нас складае цяпер 680 долараў”, – распавёў журналістам Міхаіл Шруб.
Пашыраныя публікацыі і відэасюжэты пра фермеркую гаспадарку Шруба можна будзе прачытаць і пабачыць у мясцовых і нацыянальных незалежных медыях.