Адбылася канферэнцыя па праблемах сучаснай беларускай ідэалогіі

3 лістапада ў Мінску адбылася навукова-практычная канферэнцыя па праблемах сучаснай беларускай ідэалогіі, арганізаваная грамадскім Інстытутам беларускай гісторыі і культуры, зарэгістраваным у Рызе (Латвія), і аналітычным праектам “Belarus security blog  (Мінск).



dealoh_ja_kanfierencyja.jpg

На  мерапрыемства былі запрошаныя палітолагі, філосафы, гісторыкі, псіхолагі, сацыёлагі, культуролагі і літаратары – аўтары зборніку дакладаў “Проблемы современной белорусской идеологии, каторы быў загадзя раздадзены ўдзельнікам канферэнцыі. І на ёй дакладчыкі не агучвалі свае тэксты, а адказвалі на крытычныя заўвагі і пытанні, што паступілі ў пісьмовым выглядзе на электронны адрас inbelhist@gmail.com, а таксама падчас дыскусіі. Дзякуючы такому падыходу, канферэнцыя пераўтварылася ў жывое абмеркаванне прапанаваных ідэй, а, часам, -- у гарачую палеміку паміж яе ўдзельнікамі.    
Трэба адзначыць, што канферэнцыя была добра арганізавана і яе ўдзельнікі атрымалі самую апошнюю інфармацыю па абмеркаванай праблематыцы.    
На думку гісторыка Алега Трусава, галоўная ідэя беларусаў у XX стагоддзі -- “Абы не было вайны!, бо беларусы ў мінулым стагоддзі перажылі дзве сусветныя вайны і шэраг рэвалюцый, з прычыны чаго сённяшняя колькасць насельніцтва краіны меншая, чым на пачатку Першай сусветнай вайны. Паводле ягоных слоў, на ідэі “Абы не было вайны! і прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе першы прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, як адзначыў навукоўца, зараз гэтая ідэя адыходзіць, бо ўпершыню за апошнія 300 год на тэрыторыі Беларусі няма ваенных канфліктаў так доўга – каля сямі дзесяцігоддзяў.

dealog_ja_taras_marachk_n.jpg

Анатоль Тарас і Алесь Марачкін


Трусаў звярнуў увагу на тое, што з 1988 году на грунце гістарычнай спадчыны пачалі фармавацца асноўныя складнікі сучаснай нацыянальнай ідэі, у тым ліку нацыянальныя сімвалы, памяць і годнасць, прычым найбольш вострая барацьба разгарнулася вакол беларускай мовы, як галоўнага паказчыка адметнасці, самабытнасці і існасці нацыі. Паводле ягоных слоў, сёння адукаваны чалавек на Беларусі, які не ведае беларускай мовы, не можа лічыцца інтэлігентам. “Пакуль нашая інтэлігенцыя не загаворыць па-беларуску паўсюдна, пакуль не стане ўсе рускамоўныя бланкі прынцыпова запаўняць па-беларуску, яна будзе заставацца гаротнай і зняважанай пры любой уладзе. Бо любая ўлада лічыцца толькі з тымі, хто ўмее сябе абараніць. А як толькі народ убачыць, што на змену малаадукаванай, “сярмяжнай уладзе з яе “трасянкай і рускім жаргонам ідуць культурныя людзі, каторыя карыстаюцца роднай мовай, поспех новай “камандзе забяспечаны, -- падкрэсліў Трусаў.   

dealog_ja_trusa_.jpg

Алег Трусаў
Паводле ягоных слоў, у апошнія гады ў грамадстве кардынальна змяняюцца адносіны да беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Пра гэта сведчыць павага большасці беларусаў да носьбітаў роднай мовы і аднаўленне дзяржавай шэрагу выбітных помнікаў дойлідства, у тым ліку замкаў у Міры і Нясвіжы, ратушаў і Мінску і Магілёве, сказаў Трусаў. На  ягоную думку, такая сітуацыя матывуецца тым, што з кожным днём усё больш беларусаў адчуваюць сябе еўрапейцамі.  
Паводле слоў псіхолага Уладзіміра Мацкевіча, беларуская нацыя пасля набыцця незалежнасці не паспела абзавесціся сваёй ідэалогіяй. “Але ж беларускай нацыі, як самай сучаснай, патрэбна не адзіная ідэалогія ці агульная рэлігія, а праграма развіцця. Да гэтай пары беларусы вельмі кепска сябе ведаюць і разумеюць. Іншыя разумеюць нас яшчэ менш. І калі мы будзе дзейнічаць праграмна, а не ідэалагічна, дык зможам стаць лідарамі, каб пракладваць шлях і сабе ў Беларусі, і іншым у Еўропе, -- сказаў Мацкевіч.

dealog_ja_mackev_ch.jpg

Уладзімір Мацкевіч


Вёў мерапрыемства навуковы сакратар Інстытута беларускай гісторыі і культуры, прафесар Анатоль Тарас, на думку якога высновай беларускай нацыянальнай ідэі з’яўляецца айчынная гістарыяграфія Беларусі. Тарас паведаміў, што наступная навукова-практычная канферэнцыя грамадскай арганізацыі, прызначаная на красавік 2013 года, будзе прысвечаная праблемам гуманітарнай бяспекі Беларусі.