Амерыканскія Дажынкі

Ці святкуюць грамадзяне ЗША дажынкі? Кагосьці пытанне павесяліць, але давайце зірнем на тыповы амерыканскі стол у чацвёрты чацвер лістапада, сёлета — 21 лістапада!



the_first_thanksgiving_jean_louis_gerome_ferris.png

Пры стале сабралася ўся сям’я, а на ім побач з традыцыйнай фаршыраванай індзейкай пад журавінавым соусам тое, што сімвалізуе шчодрасць прыроды адыходзячага года. Салодкі гарбузовы пірог і, як у рогу дастатку, — яблыкі і грушы, кукурузныя пачаткі і арэхі, вінаград і апельсіны — сапраўдны нацюрморт у стылі фламандцаў ці галандцаў ХVІІ стагоддзя, сімвалічнае падсумаванне пладоў працы напярэдадні каляднага перыяду. А як нашыя продкі ўшаноўвалі дажынкі за хатнім сталом? Правільна, гасцінным пачастункам з абавязковымі блінамі з маслам і кашай ды з пажаданнямі, каб радзіла жыта ды ішла на лад гаспадарка. Дастатак быў сціплейшы — і стол адпаведна.

Паходжанне амерыканскага і канадскага свята Thanksgiving day — Дня ўдзячнасці (канадцы святкуюць яго ў другі аўторак кастрычніка і яшчэ больш падобна да еўрапейцаў — пірагамі і яблычнай слойкай) угледжваецца ў старадаўнім гаспадарчым гадавым цыкле земляробчых народаў. Свята падзякі за шчодры ўраджай і размаітасць здабытых працай пладоў. Зрэшты, і сёння пры стале людзі на іншым краі зямной кулі прыгадваюць атрыманыя цягам года здабыткі і добрыя падзеі. А паданне пра «першы штуршок» традыцыі на амерыканскім кантыненце мае канкрэтныя гістарычныя абрысы. На вядомым палатне славутага серыямі карцін з гісторыі ЗША жывапісца Жана Лявона Жэрома Феры (1863–1930) можна ўбачыць намаляваны ў архаічнай стылізацыі пад ХVІІ стагоддзе сюжэт «Першы дзень удзячнасці». Сцэна адсылае да гісторыі Плімуцкай калоніі ангельцаў на тэрыторыі сучаснага штата Масачусэтс. Яны прыплылі праз акіян у 1620 годзе на гандлёвым галеоне «Мэйфлаўэр» і, спыніўшыся тут у лістападзе, напярэдадні халоднай зімы, былі фактычна ўратаваныя Скванта, індзейцам племені патуксетаў. Ён навучыў перасяленцаў правілам вядзення гаспадаркі на мясцовых неўрадлівых глебах, паказаў месцы рыбных ловаў. Зрэшты, сам Скванта ведаў англійскую мову: у 1614 годзе, вывезены ў Еўропу гандлярамі людзьмі, ён быў выратаваны ад цяжкага рабскага лёсу манахамі ў Малазе, хрысціянізаваны, а потым пэўны час жыў і працаваў у Лондане.

Гістарычныя пераказы цвердзяць, што ўсё адбывалася, як на палатне Феры. У наступную ўраджайную восень 1621 года кіраўнік каланістаў-«пілігрымаў» (як яны сябе называлі) Уільям Брэдфард запрасіў у пасяленне, названае таксама, як англійскі порт, з якога прыплыў карабель, Плімутам, 90 індзейцаў на шчодры пачастунак. Як нацыянальнае свята адзначаць дзень удзячнасці 26 лістапада прапанаваў Джордж Вашынгтон. Праз стагоддзе, пасля Грамадзянскай вайны ў 1864 годзе прэзідэнт Лінкальн вызначыў для свята апошні чацвер лістапада, а канчаткова на чацвёрты чацвер адзінаццатага месяца ўрачыстасць перанёс падпісаны Рузвельтам у 1941 годзе біль Кангрэса ЗША.

mayflower_ii.jpg

Пэўна, 21 лістапада 2012 года шмат амерыканцаў наведаюць Плімут, каб пабываць ля Плімуцкай скалы, дзе амаль чатыры стагоддзі таму запачаткавалася адно з першых паселішчаў новай краіны. І падняцца на борт «Мэйфлаўэра ІІ», копіі карабля 1620 года, якая з 1957-га прышвартаваная ў Плімуцкай бухце. А за святочныя сталы разам з астатнімі амерыканцамі сядуць і беларускія імігранты, колькасць якіх Вікіпедыя вызначае зусім не малою лічбай — ад 600 да 750 тысяч. Каб падзячыць за ўдалы год і за ласку, з якой вялікая заакіянская краіна імкнецца прымаць усіх сваіх новых грамадзян. Чым, уласна, і мацнее. Можна не любіць і не віншаваць пераабранага новага-старога прэзідэнта ЗША Барака Абаму, як робіць беларускі афіцыёз. Але павіншаваць простых амерыканскіх грамадзян з роднымі нам Дажынкамі — Днём удзячнасці на іх манер, напэўна, варта.

Аляксей Хадыка