Аўтар бэстсэлера “Вясна барбараў” едзе ў Беларусь
Выдавецтва “ПАПЕРУС”, культурніцкая пляцоўка “Беларуская Прастора” (www.Prastora.by) і Інстытут імя Гётэ ў Менску запрашаюць на мерапрыемствы з нагоды выхаду ў сьвет кнігі Ёнаса Люшэра “Вясна барбараў” па-беларуску. У навэле яскрава апісваецца, як сусьветны фінансавы бамонд увадначасьсе ператвараецца ў статак барбараў, і што з гэтага выходзіць…
У Эўропе кніга ўжо сталася сапраўдным бэстсэлерам – толькі на мове арыгіналу агульны наклад перавысіў 60’000 прададзеных экзэмпляраў. Цяпер і беларускі чытач можа пазнаёміцца з творчасьцю прагрэсіўнага эўрапейскага пісьменьніка – больш за тое, пазнаёміцца зь ім асабіста! Спадар Люшэр прыме ўдзел у прэзэнтацыях беларускамоўнага выданьня ў Менску, Віцебску й Гомлі, зьдзейсьніўшы своеасаблівае турнэ па Беларусі – краіне, стан “барбарызаванасьці” якое ён пакуль што не бярэцца ацаніць.
Запрашаем і вас пазнаёміцца з узыходзячай зоркай сучаснай эўрапейскай літаратуры –маладым, але, безумоўна, самабытным творцам – і ягоным нашумелым творам “Вясна барбараў”, які адгэтуль можна і трэба чытаць па-беларуску!
Прэзэнтацыі адбудуцца:
Віцебск: 2 сьнежня, а 16-й гадзіне ў Віцебскім абласным краязнаўчым музэі (Ратуша), вул. Леніна, 36.
Гомель: 3 сьнежня, а 12-й гадзіне ў Гомельскай абласной бібліятэцы імя Леніна, пл. Перамогі, 2А.
Менск: 4 і 5 сьнежня, а 19-й гадзіне ў актавай залі Інстытута імя Гётэ, вул. Веры Харужай, 25/3; 4 паверх. УВАГА: 4 і 5 сьнежня праграмы будуць адрозьнівацца!
На ўсе мерапрыемствы ўваход вольны.
У імпрэзах бяруць удзел:
Ёнас Люшэр, аўтар;
Ірына Герасімовіч, перакладніца, мадэратарка;
Сяргей Паўлавіцкі, рэдактар;
Максім Карасцялёў, артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы; мастацкае чытаньне тэксту.
А таксама іншыя асобы, якія мелі непасрэднае дачыненьне да выхаду кнігі ў Беларусі і Расіі.
5 снежня 2014г. а 19 гадзіне адбудзецца імпрэза “Тры абліччы адной вясны”: прэзентацыя беларускага і рускага перакладаў кнігі Ёнаса Люшэра «Вясна барбараў» ў Інстытуце імя Гётэ (вул. Веры Харужай, 25/3; 4 паверх, актавая зала).
Хто, як не аўтар, асабліва зацікаўлены ў адэкватным перастварэнні свайго твора? Менавіта аўтара Ёнаса Люшэра мы запрасілі прамадэраваць гэтую сустрэчу з дзвюма ягонымі перакладчыцамі. Не толькі перакладчыкі спаткаюцца гэтым вечарам у адной прасторы, але таксама і розныя інтэрпрэтацыі аднаго тэксту, і розныя мовы.
Публіка зможа не толькі, нібы пад павелічальным шклом, разгледзець шматгранны працэс перакладу, але і далучыцца да абмеркавання шырокага спектру пытанняў: ад таго, што ж такое арыгінал і ці існуе ён наагул, да пытання, на якое часта даводзіцца адказваць у нашай краіне: ці варта перакладаць на беларускую мову тое, што ўжо ёсць у перакладзе на рускую.
У імпрэзе бяруць удзел:
Ёнас Люшэр, аўтар і мадэратар;
Марыя Зоркая (Масква), перакладніца кнігі;
Ірына Герасімовіч (Мінск), перакладніца кнігі;
Максім Карасцялёў, артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (мастацкае чытанне);
Сяргей Паўлавіцкі, пераклад.
Пра аўтара: Ёнас Люшэр нарадзіўся ў 1976 годзе ў Цюрыху, Швэйцарыя. З 2001 году жыве ў Мюнхене. Атрымаў настаўніцкую адукацыю. Колькі гадоў адпрацаваў у кінаіндустрыі. Вывучаў філязофію ў Мюнхене, цяпер піша дысэртацыю па філязофіі ў Швэйцарскай вышэйшай тэхнічнай школе Цюрыху.
Пра кнігу: На шыкоўным курорце ў Тунісе прадстаўнікі лёнданскага фінансавага сьвету гуляюць на вясельлі, куды трапляе і спадар Прайзінг – надзвычай «памяркоўны» ўладальнік буйной швэйцарскай кампаніі – чалавек, якому абы не рабіць актыўных дзеяньняў і наогул не прымаць аніякіх рашэньняў…
У гэты час ідзе прахам уся брытанская фінансавая сыстэма, падымаецца страшэнны вэрхал, і нават хвалёная памяркоўнасьць не ратуе галоўнага пэрсанажа ад сапраўднага барбарства, што хавалася пад танюткім вэлюмам «цывілізаванасьці».
Бэстсэлер «Вясна барбараў» намінаваны на германскую і швэйцарскую кніжныя прэміі.
http://budzma.by/news/awtar-bestselyera-vyasna-barbaraw-yedzye-w-byelarus.html