Барды «Аршанскай бітвы»

Заўсёднікі адкрытага фестывалю беларускай аўтарскай песні і паэзіі «Аршанская бітва» ўжо не здзіўляюцца ні пастам міліцыі на дарогах, ні патрулям АМАПу ў баявым рыштунку, ні татальным праверкам на дарогах блізу маленькай рэчкі Крапіўна, што на ўсход ад Оршы. Усё гэта паўтараецца з 2007 года кожны раз у бліжэйшую да 8 верасня суботу.



f42c7f9c8aeab0fc412031e192e2119d.jpg

Заўсёднікі адкрытага фестывалю беларускай аўтарскай песні і паэзіі «Аршанская бітва» ўжо не здзіўляюцца ні пастам міліцыі на дарогах, ні патрулям АМАПу ў баявым рыштунку, ні татальным праверкам на дарогах блізу маленькай рэчкі Крапіўна, што на ўсход ад Оршы. Усё гэта паўтараецца з 2007 года кожны раз у бліжэйшую да 8 верасня суботу.
Нельга сказаць, што раней улады ставіліся надта лаяльна да фестывалю, які існуе з 1991 года. Хутчэй, яны абыякава глядзелі на тое, як сотні пераважна маладых людзей з заплечнікамі ды гітарамі з’язджаліся на бераг Крапіўны і Дняпра, каб паслухаць бардаў і паэтаў, пасядзець у коле сяброў ля вогнішча і пагаварыць пра сваё. Пра фэсты былі перадачы на радыё, а ў 1995 годзе адпаведны сюжэт паказалі нават па БТ.
Але зараз стаўленне ўладаў ссунулася ў рэзкі негатыў. Зачысткі на вакзалах Магілёва, Віцебска і Оршы, дзе маладых людзей ссаджваюць з электрычак і адводзяць у аддзелы транспартнай міліцыі для перагляду рэчаў (па падазрэнні ў наркатрафіку!), перапісваюць пашпартныя дадзеныя, настойліва раяць не ехаць на Крапіўну і саджаюць на зваротныя цягнікі. Міліцэйскія патрулі на дарогах і сцежках.
Ці думаў у 1991-м бацька ідэі фестывалю Андрэй Мельнікаў, што ў 2010 годзе давядзецца яму са сваім роварам сядзець у райаддзеле міліцыі і 3 гадзіны слухаць лекцыю аб правілах язды ў цёмны час сутак па дарогах?
* * *
Фестываль «Аршанская бітва» — дзейства пераважна начное. Так склалася ад самага пачатку. Другога такога фэсту ў нас няма. Ёсць «Бардаўская восень» на Беласточчыне з журы, з прызавымі месцамі і г. д. Нічога гэтага на Крапіўне ніколі не было. Час паказаў, што самае найлепшае ў свеце журы — гэта зацікаўлены і ўважлівы слухач, а самае большае, што ты можаш тут атрымаць, дык гэта карону «Аршанскай бітвы» ад мастака Алеся Пушкіна. У розны час на Крапівенскім полі выступалі практычна ўсе класікі беларускай аўтарскай песні.
Сёлета праз шчыльныя міліцэйскія кардоны і пасты на дарогах на гістарычнае поле прабіліся невядома як толькі 14 чалавек. З выступоўцаў жа ўсяго адзін — Мікола Рудакоўскі з Рэчыцы. Дарэчы, ён з 2004 года не прапусціў ніводнага фэсту.
Калісьці Мікола прыцягнуў увагу сваімі пацешнымі песенькамі на матывы розных папулярных шлягераў голасам надта ж вядомага ўсім персанажа. Адна з іх, на матыў расійскага гурта «Звери» «Я ўхажу красіва» цяпер стала бясспрэчным шлягерам аўтарскай песні. Другая адметнасць гэтага аўтара — надта камернае выкананне. Але сёлета ў яго нарэшце «прарэзаўся» голас, і можна гаварыць пра нараджэнне новага імя на сцэне беларускай аўтарскай песні.
Сёлета Мікола Рудакоўскі паказаў, што ён валодае не толькі наборам шаржавых песенек або гістарычнымі рэтраспектывамі. Цяпер ён здольны сур’ёзна гаварыць са слухачом: Мікола практычна ніколі не называе сваіх песняў, не гаворыць са слухачом у час выступу. І гэта сур’ёзны недахоп у сцэнічным вобразе цікавага барда. Практычна ўсе новыя песні Міколы самотныя і тужлівыя.
* * *
На світанні ў сонным фестывальным лагеры ціха з’явіўся сам бацька фэсту Андрэй Мельнікаў. Праспяваў пасля сняданку свае вядомыя песні — «Шляхецкую», «На полі Аршанскае бітвы ралля», яшчэ сёе-тое. Потым народ пацягнуўся да мемарыяльнага крыжа пры вусці Крапіўны. Гэта ўжо традыцыя. Крыж з надпісам «Героям аршанскай бітвы» паставілі ўдзячныя аршанцы ў 1995 годзе. Ён асвечаны святарамі каталіцкай, грэка-каталіцкай і беларускай праваслаўнай аўтакефальнай цэркваў. Раней правіліся тут у час фэсту і набажэнствы. Цяпер — не. Як патлумачыў мне ксёндз аршанскага касцёла Аляксандр Жарнасек, цяпер закон нібыта не дазваляе. Можна служыць імшу толькі ў афіцыйна ўстаноўленых месцах. Гэтае ж месца — «не ўстаноўленае».
Само поле ля крыжа і лужок ля памятнага знака ў гонар бітвы і дарогу па полі да іх паводле распараджэння мясцовай улады 9 верасня трактар узадраў плугам. Ну няхай сабе так. Рэчка Крапіўна вялікая, і на ёй хопіць месца для нашай удзячнай памяці. Недзе чытаў, што грунвальдскі мемарыял пачынаўся амаль гэтак жа сама: збіраліся польскія студэнты, чыталі вершы паэтаў, спявалі песні, неабавязкова толькі патрыятычныя. Што можа быць лепш, чым спяваць песні і чытаць вершы там, дзе калісьці зямля дрыжэла ад тупату дзясяткаў тысяч коней, дзе лілася кроў і адляталі душы?
Цяпер Грунвальд — месца нацыянальнай славы і гонару. Там кожны год бываюць першыя асобы дзяржавы. У нас пакуль што вось гэтак. Але не на лініі Сталіна, не ля вёскі Студзёнка, а вось якраз на гэтым Крапівенскім полі вырастае і сталее тое пакаленне, якое зробіць нас нацыяй, вартай свайго мінулага.

Юрка Копцік, Орша