«Беларусь, якая чакае» — літаратурная. «Каларадская Пушча». Частка 2. Менск

Працягваем вандраваць па старонках «Каларадскай пушчы» і сёння наведваем другую частку сталіцы — Менск. Спачатку падаецца, што Менск нашмат лепшы за горад-герой: больш каляровы, крэатыўны, свабодны. Але ці так гэта на самой справе? Чытаем і шпацыруем.


Першае, што бачыць Стас «Дзікун» — выхад у горад са станцыі метро «Кастрычніцкая» і столікі кафэ побач з «Цэнтральным». Як кажа ягоны суправаджальнік Арцём, «Столікі каля «Цэнтральнага» — гэта наш «Фэйсбук», «Твітар» і «Інстаграм» разам». І ён мае рацыю. Столікі, канешне, там раней былі, але не ўвесь час. А вось знакаміты кафетэрый універсама «Цэнтральны» вядомы шмат каму. Гэтай нефармальнай тусоўцы больш за 30 гадоў, і дагэтуль там можна сустрэць як моладзь, так і «ветэранаў».

Міма Палаца Рэспублікі, які ў рамане ператварыўся ў радовішча будаўнічых матэрыялаў, ідзём да Ратушы. На другім паверсе мусяць змяшчацца офісы мэра Менска і іншага чынавенства.

А вось і вуліца Койданаўская, па якой Арцём са Стасам у атачэнні людзей крочылі да офіса радыё «Адзінкі», каб распавесці жыхарам Менска аб вялікай пагрозе з боку «чорных», пра якіх ужо ведаюць у горадзе-героі. Менавіта ў адным з гэтых утульных двухпавярховікаў і ёсць гэты самы офіс.

Нашы героі дабіраюцца да іншага культавага месца сталіцы — у рамане гэта бар «Айцы-Заснавальнікі», які больш вядомы сучасным мінчукам як «Чабурэчная» або проста «Чабурэчка». Паводле рамана, калісьці гэты бар таксама быў «Чабурэчнай», але потым яго перайменавалі. Можа, такім чынам аўтар звяртае нашу ўвагу на тое, што менавіта ў гэтым будынку 25 сакавіка 1918 года Рада БНР прыняла Трэцюю Устаўную грамату аб незалежнасці нашай дзяржавы?

Ад «Чабурэчкі» мы разам са Стасам, Арцёмам і іх новым знаёмцам Артурам Карлавічам, які хутка стане адной з ключавых асоб у падзеях, хутка крочым праз пост анархістаў паміж паштамтам і гатэлем «Мінск» у кірунку вакзала. Прыпыняемся ля будынка Менгарвыканкама і высвятляем, што ў «Каларадскай пушчы» некаторыя радкі з песні Сяргея Міхалка «Маніфест» увасобіліся ў жыццё досыць літаральна.


Паводле кнігі, паміж дамоў-вежаў побач з прывакзальнай плошчай анархі адбудавалі КПП, а ў будынку вакзала размешчана натуральная штаб-кватэра. Паспрабуем уявіць сабе гэтыя змены ў звыклым абліччы сталіцы. Адсюль падзеі пачынаюць разгортвацца вельмі імкліва.


Менавіта адсюль штурмавы атрад накіроўваецца ў бок былога Чэрвеньскага рынку для вырашальнага бою са стваральнікамі «чорных» пачвар.

Падзеі ў лабараторыі Бульбаінстытута, у якой знайшоўся пульт кіравання «чорнай» зграяй, сутычкі ў недабудаваным паркінгу, здрадніцтва… Не, больш нічога казаць не будзем. Захапляльныя сцэны мяняюць адна адну менавіта вось у гэтых месцах, якія зараз мы бачым такімі.

Падзеі рамана яшчэ не раз вернуцца ў горад-герой і Менск і працягнуцца ў іншых месцах сталіцы, але мы скончым наша фотападарожжа тут, каб вам было цікава чытаць «Каларадскую пушчу» да канца. А ён будзе досыць непрадказальным!

Чытайце сваё і сцеражыцеся бульбы гатунку «Дружба»!

Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз чат-бот у Тэлеграме @novychas_bot, праз электронную пошту novychas@gmail.com ці ў прыватным паведамленні ў нашых акаўнтах у сацыяльных сетках. Беларусь чакае ўсіх сваіх людзей — малых, дарослых, старых. Беларус беларусу Беларусь!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: