Беларусі бракуе свабоды. Па старонках альманаха суайчыннікаў замежжа “Беларус–2012”

Прыгожы і самы аб’ёмны літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа “Беларус 2012 года выйшаў з друку ў Нью-Ёрку і ўжо трапіў на Беларусь.



222222.jpeg

Гэта шосты том твораў нашых суайчыннікаў і ён самы вялікі — налічвае 331 старонку, дзе змешчаныя творы 24 беларускамоўных аўтараў з 10 краінаў свету. Калі пагартаць ранейшыя выпускі “Беларуса, то ў альманаху за 2007 год былі змешчаныя творы 18 аўтараў з 9 краінаў свету, за 2008 год — 19 беларускамоўных аўтараў з 9 краінаў свету, за 2009 год — 23 беларускамоўных аўтараў з 9 краінаў свету, за 2010 год — 24 беларускамоўных аўтараў з 10 краінаў свету, за 2011 год — 19 беларускамоўных аўтараў з 10 краінаў свету.


Альманах-штогадовік выдае са жніўня 2007 года нью-ёркскі беларускі грамадскі дзеяч Марат Клакоцкі, які з 2002 да 2010 гадоў рэдагаваў галоўную газету суайчыннікаў замежжа — «Беларус». Марат Клакоцкі вельмі адукаваны і вопытны рэдактар, ён добра ведае беларускую літаратуру, культуру, журналістыку, палітыку, выдавецкую справу. Дзякуючы яму, пад адну вокладку ў альманах адзін раз на год трапляюць аўтары, якія пастаянна пражываюць па-за межамі Беларусі. Іх аб’ядноўвае выданне Марата Клакоцкага. І ў гэтым выданні заўсёды ёсць што пачытаць, пра творы можна доўга разважаць, спрачацца, думаць.


Шыкоўны “Беларус за 2012 год парадаваў дэбютам Таццяны Саланко. Вершы паэткі пра незалежнасць, родную мову, Радзіму вылучаюцца смеласцю, праўдай і непасрэднасцю. Вось некалькі строф з яе твораў:


Мы разам заспяваем гімн,
Мы разарвем рэжыму межы.
Няхай вядома будзе ўсім,
Што беларусы — незалежны!

***

Змагацца будзем мы усе,
Народ наш стаў адважным, смелым.
І Беларусь для нас ЖЫВЕ
Пад сцягам бел-чырвона-белым!


Паэтка прыгожа апявае Бацькаўшчыну, яна перажывае за яе лёс, яна марыць стаць птушкай і паляцець “у край, дзе ручаі звіняць, дзе сонца будзе прачынацца. Але птушкай ёй ніколі не быць, таму ёсць іншая надзея, надзея і спадзяванні на Радзіму — Беларусь:


Як добра, што ты ёсць, Радзіма,
Пакуль ты ёсць, жыву і я.


Тэму птушак, прыроды і Радзімы працягвае ў альманаху вопытная і вядомая беларуская паэтка з Украіны Іна Снарская. Яе вершы глыбокія, шчырыя, філасофскія. “Я прылятаю… на плечы маладой атавы саджуся сонечнаю птушкай, — піша Іна Снарская ў вершы “Зіма і птушкі. У іншых радках і вершах паэтка таксама не абмінае птушак.


Магчыма, птушкі для тых, хто жыве далёка ад Бацькаўшчыны, з’яўляюцца нейкім сімвалам вяртання і мужнасці, цярпення і смеласці. Птушкі Іны Снарскай прысутнічаюць амаль ва ўсіх яе вершах, часам іх і замнога: “урастаю травой і птушкамі, “азярнулася маўкліва птушка сумная начы, “няхай ляцяць, як птушкі, над зямлёй, “да першага сну паляцела, як птушка, душа, “а мы ўспаміналі лета, за пазухай птушак хавалі, “цені — сляпыя птушкі, “мы разляцеліся, як птушкі, па галінах і г.д.


Сур’ёзную падборку паэтычных радкоў вынес на суд чытачоў “Беларуса–2012 Алег Мінкін. У іх паэт разважае пра жыццё і смерць, пра Эльдараду і гастарбайтараў, для якіх “так мала грошай і так многа працы….


З вершамі ў “Беларусу выступаюць Аляксей Арцёмаў, Лявон Баравы, Пётар Мурзёнак, Юрась Шамецька, Макс Шчур. Дарэчы, Макс Шчур — паэт-філосаф, якога хочацца чытаць заўсёды. Яго творы вылучаюцца сур’ёзнасцю, развагамі пра жыццё і смерць, а таксама сучаснасцю ва ўсіх яе праявах. У яго адсутнічае лірыка, хіба можа тады яна ёсць, калі паэт “да цемнаты гуляў у клятага паэта, ці тады, калі “худзеюць манашкі, каб жаніху быць даспадобы.


Але сярод жменькі падобных паэтычных строф, сустракаюцца і такія, дзе паэт, як самураі, разважае, што “любая кніга ёсць загробным светам…, дзе паэт разважае і па-беларуску:


Прыкольна памерці пад А.С. Пушкіна —
А ты паспрабуй, як Юлі Таўбін,
Каб кат, паводле прымхі навушніка,
У безабароннага кулю ўбіў.


Сёлета ў лютым не стала таленавітага Сяргея Вітушкі, які жыў у Вільні. Паводле беларускіх, рускіх і англійскіх казак вельмі цікавыя п’ескі пакінуў ён нашчадкам. Тры п’есы “Верабей і Сцяблінка, “Бурчун і Жэўжык, “Замак-замок друкуюцца ў альманаху.


Прыемна, што на старонках “Беларуса зноў з’явіўся Якуб Лапатка, які жыве ў Фінляндыі і ўспамінае пра свой кут лясны, успамінае цікава і шчыра. У 2008 годзе Якуб Лапатка пераклаў на беларускую мову фінскі эпас “Калевала, які да сённяшніх дзён так і не выдадзены асобнай кніжкай.


Акрамя Якуба Лапаткі шмат у альманаху “Беларус надрукавана і іншых успамінаў. Валянціна Якімовіч прыгадвае паэта Анатоля Сыса, Дзмітры Шатыловіч успамінае 1943–1944 гады і прымусовую працу ва Усходняй Прусіі, Алесь Тарановіч настальгуе па тэатру “Steel orgasm, Пётр Мурзёнак згадвае беларускія класы ў Атаве і іншыя.


Ірына Варабей публікуе рэштку апавяданняў з кнігі Паўлін Джонсан-Тэкеянуакей “Легенды Ванкувэра. Рэштку таму, што частка апавяданняў з гэтай легенды былі апублікаваны раней. Дарэчы, Ірына Варабей у 2011 годзе з брэндам “SoB была прынята ў Гільдыю Канадыйскіх Дызайнераў вышыўкі. У 2008 і ў 2009 гадах яна была пераможцам штогадовых фотаконкурсаў нацыянальнага часопіса “Canadian Geographic (Канада).


Шмат працуе ў апошні час на ніве літаратуры Віталь Воранаў. Тыя празаічныя развагі Віталя, якія апублікаваны на старонках “Беларуса, даволі цікавыя і разнастайныя. У адной мініяцюры аўтар адказвае на пытанне, чаго бракуе Беларусі... Аказваецца, нам бракуе свабоды. “Свабоды і толькі свабоды. Свабода, каб зразумець, што анічога больш не бракуе Беларусі… — разважае аўтар.


А яшчэ Віталь Воранаў знаёміць чытачоў і са сваімі апавяданнямі, напісанымі адным сказам. І што ж, атрымалася арыгінальна. Ну, напрыклад, “Яго засудзілі да пажыццёвага зняволення, па падазрэнні ў тым, што ён несмяротны. Адзін сказ, але ўсё ў ім канкрэтна і зразумела. Лішняга нічога няма.


Са сваімі новымі творамі ў альманаху “Беларус выступаць і такія аўтары, як Сяржук Сокалаў-Воюш, Анатоль Маўчун, Цімох Ліякумовіч, Віталь Зайка і іншыя творчыя беларусы замежжа.