Часопіс "Arche" прэзентаваў у Гродне новую кнігу Юрыя Гардзеева

Днямі прайшла першая ў гэтым годзе прэзентацыя "Arche" ў Гродне. Нешматлікія прысутныя маглі пазнёміцца з кнігай Юрыя Гардзеева пра мясцовую адміністрацыю канца XVIII ст. і новым выданнем “Балахоўцаў” пад рэдакцыяй Андрэя Вашкевіча.



get_img106.jpg

Новыя “Балахоўцы” значна пашыраныя ў параўнанні з выданнем 2012 года. Цяпер гэта не толькі сучаснае выданне ўспамінаў польскага афіцэра Станіслава Ліса-Блонскага пра армію Станіслава Булак-Балаховіча, але і цікавая магістарская праца Юрася Юркевіча пра стварэнне і дзейнасць Асобнага атрада БНР у Балтыі. Акрамя гэтага, у кнізе ёсць некаторыя малавядомыя ўспаміны і дакументы, датычныя жыцця і дзейнасці Балаховіча і яго вайсковых фармаванняў, а таксама спіс усіх жаўнераў Асобнага атрада БНР па стане на канец 1919 г.

 

get_img?ImageId=40325

Рэдактар выдання Андрэй Вашкевіч сказаў нават, што другое выданне настолькі больш дасканалае, што першае можна без шкадавання каму-небудзь падараваць або наогул выкінуць. Гэтаксама ён намякнуў, што ў гісторыкі Булак-Балаховіча далёка не ўсё даследавана, таму цалкам апраўдана чакаць і трэцяга, яшчэ больш пашыранага выдання.

 

get_img?ImageId=40324

Кракаўскі гісторык Юрый Гардзееў прэзентаваў сваю працу са складанай “антымаркетынгавай” назвай “Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага сойма”. Гэта пераклад ягонай польскамоўнай працы 2010 года, з якой ён абараніў габілітацыю. Па словах аўтара, у кнізе вельмі шмат не толькі пра пачаткі публічнай адміністрацыі на нашых землях, але і пра штодзённае жыццё: як багатыя людзі спрабавалі пазбягаць падаткаў, або як камісіі спрабавалі ўвесці “сацыялізм”, кантралюючы цэны на тавары. Вельмі шмат у кнізе падзей, звязаных з Гродна і Гарадзенскі паветам, што не дзіўна, бо аўтар вядомы адмысловец у гэтай тэматыцы.

 

get_img?ImageId=40323

 

get_img?ImageId=40326

На прэзентацыі можна было пабачыць і набыць таксама іншыя кнігі "Arche", сярод іх другое выпраўленае выданне працы Яна Шумскага “Саветызацыя Заходняй Беларусі”, якая стала прычынай пераследу часопіса восенню 2012 года. Гэтаксама прадаваліся кнігі з “літоўскай серыі” (пераклады важных прац літоўскіх гісторыкаў), а таксама найноўшыя і некаторыя вельмі старыя нумары часопіса.

 

get_img?ImageId=40327

 

get_img?ImageId=40328

 

get_img?ImageId=40329

Паводле www.t-styl.info

 

Здымкі Яна Лялевіча