Цярэшку жаніць — галоўка баліць
Каляды на Беларусі адзначалі весела і маштабна. А пакуль яшчэ ідуць святочныя дні, варта распавесці падрабязней пра традыцыі, якія бытавалі на тэрыторыі нашай краіны ды нашага рэгіёна. Адной з такіх традыцый, якая мела з большага забаўляльны характар, быў абрад «Жаніцьба Цярэшкі».
Гэта ўяўнае вяселле. Папулярнай гэтая гульня была ў нашых краях ажно да сярэдзіны мінулага стагоддзя, а да пачатку ХХ стагоддзя дык увогуле была абавязковым атрыбутам зімовых святак.
Зараз жа гэты абрад у калядныя дні можна ўбачыць, напрыклад, на Лепельшчыне, дзе гэтую традыцыю, на радасць турыстам ды не толькі, аднавілі і паспяхова бавяць час у беларускім стылі.
Просімся прыйсці ў вашу хаціначку, хочам зрабіць вечарыначку
Першапачатковай функцыяй гэтай гульні было бліжэй пазнаёміць нежанатую моладзь з розных вёсак і мястэчак. Потым сэнс крыху памяняўся — «Жаніцьба Цярэшкі» стала добрай нагодай, каб сабрацца моладзі недзе ў вялікай хаце ці карчме, што часцяком будаваліся па дарозе з аднаго мястэчка ў другое. Бавіць час, гуляючы ў «Жаніцьбу Цярэшкі» можна і зараз, аднак варта памятаць, што гульня гэтая патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі.
З ліку мясцовай моладзі выбіраліся арганізатары: завадатар ці завадатарка ды «бацька з маткай». Арганізатарам усяго гэтага бязладдзя быў, хутчэй за ўсё, гаспадар карчмы ці хаты.
Канешне, раней, калі песням, танцам ды розным абрадам вучылі з маленства, праблемы ўдзельнічаць у «Жаніцьбе Цярэшкі» не было. Усе прыходзілі падрыхтаваныя. Зараз жа, напэўна, трэба вывучыць словы песень ці хаця б даведацца, што і як будзе.
Перад пачаткам гульні ў складчыну рыхтавалі «вясельны стол» з выпіўкай ды закускамі.
Вечарына пачыналася звычайна — танцамі. Падчас іх вызначаліся першыя пары. Бывала так, што з якой дзяўчынай хлопец першы раз таньчыць, з той і будзе «жаніць Цярэшку».
Калі ўсе натанчыліся, пачыналі выбіраць сватоў. Сярод галоўных дзеючых асобаў былі і «бацькі маладых» — хутчэй за ўсё, гаспадары хаты ці нейкія старэйшыя людзі, лёгкія на пад’ём. Усё, як на сапраўдным вяселлі! Уласна гульня пачыналася менавіта ў гэты момант.
Тата, мама, хачу жаніцца!
Самы смелы хлопец браў сваю «нявесту» і вёў да «бацькоў». Тут было два варыянты. Згодна дзяўчына ці не. Калі не — дык пачынаўся лямант, крыкі ды вырыванні. Сяброўкі адбівалі «нявесту», астатнія, назіраючы за гэтым спектаклем, весяліліся.
А вось калі дзяўчына была не супраць «выйсці замуж», то маладыя прамой хадой кіраваліся да кута, дзе іх чакалі названыя бацькі.
Тут адбываўся прыкладна такі дыялог:
— Тата, мама, хачу жаніцца!
— Жаніся, сынок, жаніся. Толькі ці ўмее твая дзеўка ткаці-праці, дзетак даглядаці?
Ну хто ж будзе сваю нявесту выстаўляць у дрэнным святле?
— Умее.
Тут падключаліся музыкі ды моладзь, каб патанчыць вакол маладых. А ў гэты час бацькі прыглядаюцца да нявесты. Тут ёсць адна асаблівасць — яны па правілах павінны быць супраць. Абавязкова! Інакш не цікава.
Абмяркоўваюць маладую яны гучна, каб усе чулі. І вышыванак яна не зробіць, і нічога не прыгатуе смачнага ды ўвогуле не такая добрая партыя для іх сына.
На што нявеста павінна была адказаць. Прыкладна так (у розных рэгіёнах былі розныя версіі):
Замуж выйсці не напасць,
Абы замужам не прапасць
.
Не ўмею ні праці, ні ткаці.
Толькі ўмею вашага сына цалаваці
Ды грошыкі лічыць.
Калі захочаце мяне навучыці,
Усё навучуся рабіці,
Толькі замуж мяне вазьміце.
На што бацькі адказвалі:
— Матрац не падушка,
Нявестка не дачушка.
Дзяўчына адказвала:
— Каморка не хатка,
Свякроўка не матка.
І вось у гэты момант падключаўся будучы «муж»:
— Дару зарплату тату,
Каб памог збудаваць хату,
А маме арэнбургскі пуховы платок,
Каб памагла гадаваць дачок.
Бацькі здаваліся і дазвалялі «шлюб». Такая цырымонія праходзіла з кожнай парай, якая мела жаданне ўдзельнічаць у гульні.
Лічылася, што чым больш пар «пажэніцца», тым лепш бацькі выканалі свае абавязкі, а вечар лічыўся ўдалым.
Жадаем вам мех золата і торбу медзі, каб былі здаровыя, як мядзведзі
Не абыходзілася ў гэты вечар і без дадатковых забавак. Гралі, напрыклад, у гульню, вядомую нам пад назвай «ручаёк».
Усе становяцца ў шэраг па парах. З аднаго боку — дзяўчаты, з другога — юнакі.
Першая пара пачынае ўвесь працэс. Дзяўчына ўцякае, а хлопец — даганяе. Канешне, ён павінен яе злавіць. Злавіўшы — сам ўцякае. Калі ж дзяўчына злавіла — пара становіцца назад. І ўсё пачынаецца занава.
Пільна сачылі, каб у гэтую гульню гралі толькі «маладыя».
Пасля гульняў і танцаў садзіліся за стол. Кожнай пары «бацькі» жадалі сямейнага шчасця, дзетак паболей. Гэткая рэпетыцыя сапраўднага вяселля. Ды і за сталом маладыя людзі паводзілі сабе, як быццам бы сапраўды нядаўна ажаніліся.
Падымаліся тосты за тыя пары, якія ў гэты вечар адыгрывалі ролю «маладых». Канешне, былі і сімвалічныя падарункі, жартоўныя віншаванні бацькоў ды крыкі «горка». Пасля вечарыны дзяўчын наваяўленыя мужы праводзілі дахаты.
На такіх вечарынах панавалі дастаткова разняволенныя жарты, а «жаніцьба Цярэшкі» часцяком сканчалася абдымкамі ды пацалункамі. Часцяком пасля такіх пасядзелак ствараліся пары, якія праз нейкі час гулялі ўжо сапраўднае вяселле.