Цікавыя факты пра Язэпа Пушчу: да дня народзінаў паэта

Язэп Паўлавіч Плашчынскі нарадзіўся ў старажытнай вёсцы пад Менскам у 1902 годзе, здабыў сабе літаратурнае імя, быў рэпрэсаваны, панасіў Сталіна, і перад сьмерцю вярнуўся на Радзіму.

Язэп Пушча ў 1929

Язэп Пушча ў 1929

Ці я ў тэатры, ў рэстаране п'яным,

Дзе радасьць расьпіваюць пад джаз-банд,

Усюды зрок вачэй блакітных вяне,

І ўсюды бачу я жалобны бант.

Маладосьць

Язэп Пушча нарадзіўся ў вёсцы Каралішчавічы ў сям’і Паўла Вінцэнтавіча і Міхаліны Вінцэнтаўны Плашчынскіх 20 траўня 1902 года. Язэп Плашчынскі быў пятым дзіцём у сям'і. Ён рана стаў працаваць, і ў дванаццаць гадоў, паводле яго словаў, «у касьбе амаль не адставаў ад дарослых». Самі непісьменныя, яго бацькі, аднак, паклапаціліся пра тое, каб даць адукацыю дзецям.

Павел Вінцэнтавіч Плашчынскі і Міхаліна Вінцэнтаўна Плашчынская - бацькі паэта

Павел Вінцэнтавіч Плашчынскі і Міхаліна Вінцэнтаўна Плашчынская - бацькі паэта

Па словах жонкі, якая ўзгадвала сям’ю Язэпа Плашчынскага, “гэта была працавітая сям’я, улетку ўздымаліся а 4-5 раніцы, клаліся а 11-12 вечара. Бацькі былі клапатлівыя разумныя людзі. За вячэрай абмяркоўвалі ўсе пытаньні, хто дзе заўтра будзе выконваць якую працу”.

Мелі тры каровы, авечак, коней, сьвіней.

Пасьведчаньне аб нараджэньні паэта

Пасьведчаньне аб нараджэньні паэта

Будучы паэт навучаўся ў Каралішчавіцкай народнай вучэльні (1910–1913), у жніўні 1915 года быў залічаны вучнем 2-й клясы Менскай вышэйшай пачатковай вучэльні.

 

Заснавальнік «Маладняка» і «Ўзвышша»

Язэп Пушча увесь час трапляў у самы эпіцэнтр тагачаснага літаратурнага жыцьця Беларусі. Паэт быў сярод заснавальнікаў літаратурнага аб’яднаньня “Маладняк” у 1923 годзе. Быў адным з лепшых сяброў і паплечнікам Уладзімера Дубоўкі. Зьяўляўся і заснавальнікам літаратурнага аб’яднаньня “Ўзвышша”. Актыўна друкаваўся ў часопісе літаб’яднаньня.

Язэп Пушча, Янка Купала і іншыя літаратары на сустрэчы з Янам Райнісам

Язэп Пушча, Янка Купала і іншыя літаратары на сустрэчы з Янам Райнісам

На другое спатканьне прынес будучай жонцы прысьвечаны ёй знакаміты верш

Паэт пазнаёміўся зь ёй, калі прыехаў у Слуцк выступаць разам з Кузьмой Чорным. На сустрэчу з паэтамі ў клюб прыйшлі васямнаццацігадовая Стася з сяброўкай, паэткай Ідай Чырвань, як піша Людміла Рублеўская.

Стася, каханьне Язэпа Пушчы

Стася, каханьне Язэпа Пушчы

Праз нейкі час абедзьве сяброўкі выправіліся ў Менск да жаніхоў. Стася — да Язэпа Пушчы, Іда — да Кузьмы Чорнага. У 1926-м у Язэпа і Станіславы Плашчынскіх нарадзілася першая дачка. У Чорнага і Іды сямейнае жыцьцё не задалося, разьбегліся, моцна памучылі адно аднаго.

Калі ў 1930-м арыштавалі Язэпа Пушчу, Стасі і ў галаву не прыйшло выракацца любімага мужа. Яна хадзіла за пятнаццаць кілямэтраў у Менск, насіла яму перадачы. Потым паехала за ім у высылку, дзе нарадзіла трэцюю дачку. Разам і вярнуліся на Беларусь. «Смуглявая Стася» берагла спадчыну паэта, які пасьля вяртаньня ўжо напісаў: «Выстрыгалі з фотакартак, выстрыгаюць і цяпер… Успамінаць мяне не варта ні ў нядзелю, ні ў чацьвер».

Верная Стася

Каханьне, залатое каханьне,

Я стаю, пахіліўшы чало!

Не спаткаў я цябе пры кургане,

Не сустрэў у завейных палёх.

Ты само да мяне, маладога,

Прыгарнулася сэрцам сваім.

Усьміхаліся далі, разлогі,

Усьміхалася радасьць у сінь.

А песьні, санцавейныя песьні

Разьліваліся ўсплёскамі хваль.

Яны з сэрца каханьне разьнеслі,

Яны з сэрца памчаліся ўдаль.

Ў гэты вечар самоты не песьціў,

Найшчасьлівейшы быў між людзей.

Ціха зоры сьмяяліся ў вецьці,

Я на іх задуменна глядзеў.

Разгадаць мне хацелася ўсьмешку

Адной зоранькі яснай, як дзень.

Ружавела каліна на ўзьмежку,

Я прыціснуў яе да грудзей.

Застануся з табою, красуня!

Я не ведаў уцехі ў жыцьці.

Мне расслухаць хацелася ў шуме,

Аб чым ліст да ліста шапаціць.

Яна слоў мне тады не казала,

Толькі вусны палілі мой твар.

Не было, не было ў песьні жалю,

Толькі кідала сэрца у жар.

А што далей?.. у ветра спытайся.

Пакахаў, як ніхто, пакахаў.

Ой ты, Стася, смуглявая Стася,

Ўзгадаваў цябе Случчыны гай!

 

Па сваёй волі выкладаў сялянам замежныя мовы

У 1920 годзе быў прызначаны настаўнікам у Каралішчавіцкую школу. Вось як узгадвае сам паэт: «...я сваім одумам праз два-тры месяцы пачаў выкладаньне на беларускай мове, ды яшчэ ўвёў нямецкую і французкую мовы, бо я, толькі што скончыўшы рэальную вучэльню, больш-менш ведаў іх». Пазьней у лісьце да Адама Бабарэкі пісаў: «...трэба хоць збольшага ведаць новыя эўрапейскія мовы...»

jazep_puszcza_anketa_delehata_maladnjak_1925.jpg

Арыштаваны ГПУ

ГПУ БССР арыштавала Язэпа Пушчу 25 ліпеня 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 прысуджаны да 5 гадоў высылкі як «чалец контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю». Працаваў бухгальтарам у г. Шадрынску на Ўрале (1931–1935), восем месяцаў (1935–1936) у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы.

3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Язэпа Пушчы прадугледжвалася «спальваць».

Дом Плашчынскіх у Каралішчавічах

Дом Плашчынскіх у Каралішчавічах

Усьлед за сынам пад рэпрэсіі падпалі і бацькі: раскулачаныя, пазбаўленыя маёмасьці і выгнаныя з уласнай хаты, яны аказаліся жабракамі.

Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 30.1.1956. Вярнуўся з сям’ёй у Беларусь у 1958-м.

jazep_puszcza_reabilitacyja_1958.jpg


 

Брат у ЗША

Трыццатыя гады раскідалі па сьвеце вялікую сям'ю Плашчынскіх, усіх дзяцей адлучылі ад зямлі. Брат Ізідар (Язэп Гуткоўскі) навучаўся ў БДУ. У часе нямецкай акупацыі працаваў у «Беларускай газэце». З 1944 года ў эміграцыі. У Нямеччыне жыў у лягеры DP у Гановеры.

Брат паэта Ізідар з маці

Брат паэта Ізідар з маці

Супрацоўнічаў з перыёдыкам «Вольнае слова». У 1950-х гадах друкаваўся на старонках выданьняў Мюнхенскага інстытута вывучэньня СССР, быў пазаштатным аўтарам беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленьне». Жыў у ЗША, у Нью-Ёрку, дзе і памёр у 1986 годзе.

 

Антысталініст

Урыўкі зь вершаў Язэпа Пушчы пра крывавага дыктатара:

«...Маё жыцьцё паволі гасьне,

Ня ўбачыць мне сямʼі.

Я высах, як таран.

Праклён табе, тыран!»

 

У дзень сьмерці Сталіна Язэп Пушча піша:

«Нязвыклы дзень: тыран сканаў...

Вартуй жа, сьмерць, ўсю ноч і рань,

Каб больш ня ўстала яго здань».

 

Мэдаль з абліччам крывавага дыктатара 

Мэдаль з абліччам крывавага дыктатара 

Імажынізм

Раньняя лірыка Язэпа Пушчы зазнала моцны ўплыў сялянскай стыхіі, што фармавала сьветаадчуваньне будучага паэта ў маленстве. У сваіх аўтабіяграфічных нататках Я. Пушча адзначаў:

“Асабліва ў часе жніва захаплялі мяне мэлёдыі жніўных песень, якія, здавалася, коцяцца і коцяцца з шумам сьпелых жытніх каласоў у чыстыя блакітныя далі. Нездарма ж гэта матывы маёй раньняй лірыкі”.

jazep_puszcza_versz_1923.jpg

Назва першага лірычнага зборніка Язэпа Пушчы — “Раніца рыкае” (1925) — сама па сабе сьведчыць пра захапленьне аўтара імажынісцкай вобразатворчасьцю. Вынесеная ў загаловак метафара ўяўляе сабой згустак асацыяцый і скіроўвае ў тэматычнае рэчышча: жыцьцё вёскі і прыроды.

На думку В. Максімовіча, імажынісцкая тэндэнцыя ў творчасьці паэта мела ня толькі ўласна літаратурны перадвыток, а была зьвязаная найперш з імажынісцкай вобразатворчасьцю раньняга С. Ясеніна, якога глыбока шанаваў Язэп Пушча. Раньняй лірыцы Пушчы ўласьцівы экспэрымэнтальны пошук магчымасьці выяўленчых сродкаў, слова, часткі, але ня цэлага. Ён не выходзіць за межы канстатацыі ўбачаных зьяваў. На думку М. Мішчанчука, першы зборнік паэта «Раніца рыкае» — прыклад таго, як фармальны экспэрымэнт адмоўна адбіваецца на паэзіі ў цэлым, але неабходны ў час пошуку новых паэтычных прыёмаў.

jazep_puszcza_zbornik_4.jpg

Апроч таго, Язэп Пушча прапанаваў тэрмін, патрэбны ў адпаведным рэчышчы: вітаізм, што значыць прынцып новага.

 

Цішка Гартны прапаноўваў Язэпу Пушчу паправіць глузд у лякарні

У рэцэнзіі на зборнік «Дні вясны» (1927) Зьміцер Жылуновіч (чырвоны камісар, які выкарыстоўваў літаратурны псэўданім Цішка Гартны) пісаў: «...яму падабаюцца нялюдзкія вобразы, словы і разуменьне... Пісьменьніку трэба лячыцца, каб не спаралізаваць сябе. Яму трэба прайсьці інфэкцыённую камэру і забавіцца ад шкодных наростаў, атруціўшых яго думкі і ўзбаламуціўшых яго настрой».

Лісты да сабакі як магчымая алюзія на Булак-Балаховіча

Чытач нумара часопіса «Ўзвышша» 1927 года выявіць там вось такі незвычайны для эпохі твор, пра адзіноту паэта і нежаданьне прыслугоўваць, якое называецца «Лісты ды сабакi».

«Лісты ды сабакі» выклікалі цэлую буру. Адам Бабарэка, крытык "Узвышша", адзначаў высокія мастацкія вартасьці "Лістоў". А Максім Гарэцкі непакоіцца: "Панская хвароба ў нашай мужыцкай дагэтуль паэзii!" Паўлюк Трус напісаў на твор сваю пародыю.

Перажываньне лірычным героем болю ад цярновага вянка сваёй краіны, ад выгнаньня не знайшло разуменьня ў калег па цэху. Пушча піша, маючы на ўвазе перыяд свайго жыцьця ў выгнаньні:

 

jazep_puszcza_sajuz_pismennikau_1.jpg

Ці я ў тэатры, ў рэстаране п’яным,         

Дзе радасьць расьпіваюць пад джаз-банд,

Усюды зрок вачэй блакітных вяне,         

І ўсюды бачу я жалобны бант.               

 

Мой дружа, ці ж у гэтым рытмы песень

І смутак нашай сонечнай красы?         

Калі паэт галоў на грудзі зьвесіць,         

Няўжо краіне ён тады не сын?             

А пільныя органы тут жа высоўваюць сваю вэрсію. Як узгадваў крытык Антон Адамовіч, у якасьці правобразу сабакі Джэка ўгледжвалі не каго іншага, як... «генэрала беларускага белага руху» Булак-Балаховіча. У 1927 годзе ў размове з Булак-Балаховічам польская журналістка назвала яго тыграм.

У адказ генэрал заявіў, што лічыць сябе не тыграм, а толькі адданым гаспадару сабакам. Антон Адамовіч сьцьвярджае, што Язэп Пушча прысутнічаў пры абмеркаваньні ў літаратарскай кампаніі гэтага выпадку, што і паслужыла штуршком да стварэньня выявы сабакі.