Наталля Русецкая: У Беларусі знішчана практычна ўся незалежная выдавецкая справа

Літаратуразнаўца, паэтка, перакладчыца, выкладчыца Універсітэта Марыі Складоўскай-Кюры (Люблін) Наталля Русецкая ў размове з «Филинам» абмяркоўвае сучасны стан выдавецкай справы ў Беларусі і перспектывы існавання беларускай літаратуры ў будучыні.

Адна са скульптур на Алеі ліхтароў у Брэсце. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Адна са скульптур на Алеі ліхтароў у Брэсце. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Днямі Эканамічны суд Мінска ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа. Падставай стаў зборнік гістарычных дакументаў «"Вызваленыя" i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускiх архiваў».

Выдавецтва было найперш вядомае перакладамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі і дзіцячай літаратуры.

Раней было пазбаўленае ліцэнзіі выдавецтва «Янушкевіч». Летась улады прыпынілі дзейнасць як мінімум чатырох незалежных выдавецтваў — «Галіяфы», «Медысонт», «Лімарыус» і «Кнігазбор».

Масавы чытач застанецца без белліту

— Наталля, як вы лічыце, да якіх наступстваў прывядзе ліквідацыя прыватных кніжных выдавецтваў?

— На маю думку, дзейнасць беларускіх выдаўцоў не была такой відавочнай, то-бок гэта натуральна ў нармальнай краіне — развіццё кнігадрукавання, існаванне дзяржаўных і недзяржаўных выдавецтваў. У кожнай краіне ўсё гэта развіваецца натуральным чынам, ёсць нейкія свае законы рынку, якія рэгламентуюць гэтае развіццё.


Па-рознаму ў розных краінах складваецца. У краінах з меншым насельніцтвам, напрыклад, цяжка гаварыць, што кнігавыдавецкі бізнес — гэта добры бізнес. Выдавецтвы функцыянуюць за кошт фінансавай падтрымкі — альбо з боку дзяржавы, альбо з боку мецэнатаў.

Іншыя краіны цалкам бяруць на сябе адказнасць за развіццё кніжнага рынку — там існуюць дзяржаўныя выдавецтвы і няма недзяржаўных. Але дзяржава не перашкаджае, а наадварот, падтрымлівае нацыянальную ідэю ў сваёй краіне. У Беларусі гэтага не было. Пра тое, што ў нашай краіне існавалі недзяржаўныя прыватныя выдавецтвы, многія даведаліся толькі тады, калі іх ліквідавалі.

То-бок чалавек прыходзіць у кнігарню і асабліва не цікавіцца, хто гэтую кнігу выдаў. Я звяртала ўвагу на тое, што ў нас перакладчыкі часта незаўважныя, кнігавыдавец — яшчэ менш заўважная персона. Таму не выпадае гаварыць пра тое, што ёсць нейкія вынікі, нейкія наступствы, тым больш, часу мінула мала.

Калі сітуацыя не зменіцца, наш масавы чытач застанецца ў Беларусі без беларускай літаратуры, бо тыя выдавецтвы, якія сёння аднаўляюць сваю працу ў замежжы, найбольшы клопат маюць з распаўсюдам і ўвозам сваёй прадукцыі на радзіму. Таму што заўсёды гэтая літаратура праходзіць нейкія праверкі — мы ведаем казус з тым жа «Гары Потэрам», якога правяралі на наяўнасць тэрарыстычнага зместу.


Выдаўцы выехалі, нават калі яны ўтрымаюцца, змогуць адрадзіцца ў замежжы. Але што з чытачом? Вось тут самая вялікая праблема — чытач застаўся ў Беларусі без найлепшай літаратуры.

Кнігацыд

— Выдавец Андрэй Янушкевіч нядаўна выказаў такую думку: сітуацыя на кніжным рынку Беларусі паказвае, што акупацыя не патрэбная — усё ўжо вырашана.

Паводле яго слоў, у лепшыя гады беларускай літаратурай было занята каля 10 выдавецтваў, беларуская кніга займала 15% рынку, а цяпер больш за 80% кніг ідзе з Расіі — натуральна, на рускай мове.

— Я заўсёды хацела знайсці, але так і не знайшла інфармацыю пра тое, які рэальна працэнт расійскіх выдаўцоў трапляе на беларускі рынак. То-бок умоўная кнігарня — і колькі ў яе на паліцах стаіць кніг расійскіх выдаўцоў, таму што ў розных размовах з афіцыйнымі і неафіцыйнымі прадстаўнікамі беларускага кніжнага рынку называецца лічба каля 70%. У лепшым выпадку беларускаму выдаўцу застаецца 30%.

З гэтых адсоткаў яшчэ нейкая частка — гэта рускамоўныя выданні. І гэта разам з расійскімі выданнямі займае практычна пад 90%. А вось з тых 10%, якія застаюцца, гэта беларускамоўныя выданні, і там 90% — падручнікі.

На мастацкую літаратуру застаецца 2-3 працэнты — гэта ў межах пагрэшнасці. То-бок рэальна мастацкая літаратура па-беларуску ў Беларусі прысутнічае ў нейкіх, напэўна, сотых долях працэнта. І гэта страшныя лічбы.

Я цікавілася данымі за 2016-2019 гады. І гэта былі ўмоўна лепшыя гады, чым тыя, якія прыйшлі зараз, калі ў нас знішчаная практычна ўся незалежная выдавецкая справа ў Беларусі.

— Калі казаць пра доўгатэрміновыя наступствы знішчэння выдавецтваў, да чаго гэта прывядзе? Дзеці і моладзь не будуць ведаць сучасных беларускіх літаратараў? Ці ліквідацыя прыватных кніжных выдавецтваў не такая катастрафічная, бо ва ўсіх ёсць інтэрнэт, і гэтую літаратуру можна пачытаць на «Камунікаце» ці праз ВПН?

— Мне б хацелася быць аптымісткай. Але я працую выкладчыцай у Люблінскім універсітэце, і да мяне прыходзяць студэнты пасля школы, і, паводле маіх назіранняў, малады чалавек, які на сёння значна лепш, чым я, арыентуецца ў інтэрнэце, не ведае, што і дзе шукаць. Не думаю, што беларусы ў гэтым плане нейкія асаблівыя ці выключныя.

Мне здаецца, што большасць у любой краіне ведае тое, што яму закладзенае ў школе. То-бок школьная праграма плюс пазакласнае чытанне. Калі пашанцавала і чытаюць бацькі, то можна нешта яшчэ захапіць з актуальнай сучаснай літаратуры. Але большасць мае ўяўленні пра літаратуру на падставе так званага школьнага канону. І калі ў нас у Беларусі гэта Купала і Колас, то і ўсё, студэнты нікога больш не могуць назваць.

Апошнім часам сталі трапляць пад забарону Барадулін, Арлоў, Быкаў, Алексіевіч, каторых нават у савецкую школу настаўнікі нейкімі шляхамі ўмелі прыцягнуць і расказаць пра гэтых пісьменнікаў.

Цяпер застрашаныя ўсе настолькі, і я моцна сумняюся, што нейкім чынам настаўнікі беларускай мовы і літаратуры спрычыняцца да таго, каб данесці да вучняў хоць нейкія веды пра сучасную беларускую літаратуру.


А моладзь, на жаль, не ведае, дзе шукаць. То-бок аб’ём даных у інтэрнэце настолькі вялікі, што часам вельмі складана знайсці дакладную інфармацыю. Мы збіраемся працаваць у гэтым кірунку. Ініцыятыўная група Інстытута беларускай кнігі збіраецца стварыць старонку, дзе можна будзе знайсці інфармацыю пра сучасную беларускую літаратуру.

Сёння ёсць «Беларуская палічка», бібліятэка «Камунікат» — там бясплатна сабрана даволі шмат літаратуры, але і пра іх далёка не ўсе ведаюць. І мне бачыцца задача нашых СМІ распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што і дзе можна знайсці, працаваць у гэтым кірунку, збіраць базы — хто што выдае, прадае. Таму што сёння шмат беларускіх выдавецтваў пачынае функцыянаваць за мяжой.

Цалкам інтэрв'ю з Наталляй Русецкай чытайце на «Філіне».