Кніганошы. Ці прыдасца Беларусі вопыт ХІХ стагоддзя?

«Барацьба з асветніцтвам» рэдка калі прыносіла жаданыя вынікі, і героямі ў ёй былі не тыя, хто ўзначальваў гэтую барацьбу, а тыя, хто ёй супрацьстаяў. 16 сакавіка Літва адзначае Дзень кніганошы. Таго самага кніганошы, услаўленага Уладзімірам Караткевічам.

Скульптура невядомага кніганошы ў Каўнасе аўтарства Ёзаса Зікараса

Скульптура невядомага кніганошы ў Каўнасе аўтарства Ёзаса Зікараса

Чаму Літва?

У 2004 годзе ЮНЭСКА прызнала нелегальны распаўсюд літоўскіх кніжак унікальнай гістарычнай з'явай, якая не мае аналагаў нідзе на свеце. І сапраўды, гэта феномен літоўскай гісторыі XIX стагоддзя, калі людзі, якія ў час абмежаванняў літоўскага друку ў Расійскай імперыі (1864—1904), нелегальна прывозілі і распаўсюджвалі забароненыя законам лацінкавыя кнігі на літоўскай мове. Рух кніганошаў быў важнай часткай барацьбы за захаванне ўласнай самабытнасці і складовай часткай літоўскага нацыянальна-вызваленчага руху.

Пачалося ўсё з русіфікацыі. Расійская імперыя імкнулася вынішчыць лацінку і пазбавіць уплыву традыцыйную каталіцкую царкву — зразумела, на карысць кірыліцы і праваслаўя. Таму ініцыятарам і пачатковым арганізатарам нелегальнага літоўскага лацінкавага друку і кніганоства было літоўскае каталіцкае духавенства. Біскуп Матэюс Валанчус стварыў першую вядомую арганізацыю кніганошаў. Ён праз Юргіса Бялініса пераслаў у Тыльзіт ксяндзу Ёнасу Забярману грошы на адкрыццё друкарні і тэксты першых 9 брашур. У гэтых кнігах ён выступаў супраць гвалтоўна ўведзенай перавагі праваслаўя, заклікаў змагацца супраць русіфікацыі — вучыць дзяцей літоўскай малітве, а таксама чытанню і пісанню на роднай мове.


Для выдання забароненай літоўскай літаратуры абіраліся друкарні, якія знаходзіліся, як правіла, побач з расійска-прускай (германскай) граніцай і былі лёгка дасягальнымі для літоўцаў з Вялікай Літвы, якія арганізоўвалі дастаўку і пераправу кніг праз мяжу. Знаходзіліся людзі, якія нелегальна правозілі гэтыя кнігі на тэрыторыю Расіі для распаўсюджання ў Вялікай Літве. Жыхары пагранічча ў Вялікай і Малой Літве (Малой Літвой называлі тэрыторыю Усходняй Прусіі), якія добра ведалі мясцовасць і прагалы ў ахове мяжы, станавіліся лепшымі памочнікамі кніганош: дапамагалі ім перайсці граніцу і пранесці кнігі з прыгранічнай зоны.

Потым кнігі раздаваліся іншым кніганошам-распаўсюджвальнікам. Першапачаткова ў кантрабандзе пераважалі рэлігійныя выданні, але з часам з’явіліся, а потым пачалі дамінаваць выданні, у якіх былі змешчаны нацыянальныя пастулаты. Адпаведна, і сама кантрабанда кніг станавілася не столькі заробкам, колькі ідэйнай працай на нацыянальнай ніве.

Усяго за 40 гадоў у Літве налічвалася 27 арганізацый, якія так ці інакш былі звязаныя з кніганошамі. Маштаб справы паказваюць нават царскія статыстыкі. Віленскі генерал-губернатар Святаполк-Мірскі ў сваёй справаздачы за 1902—1903 гады адзначаў: «На мытні літоўскіх кніг канфіскавана: у 1891—1893 гг. — 37 718, у 1894—1896 гг. — 40 335, у 1897—1899 гг. — 39 024, у 1900—1902 гг. — 56 182, а ў 1903 г. — 23 079». Паводле сучасных падлікаў, улады канфіскавалі толькі каля 8—10 % кантрабандных кніг. То-бок, кніжная кантрабанда дасягала тыражоў у сотні тысяч экзэмпляраў.

Пра маштаб і ўплыў кніганошаў сведчыць тое, што ў 1897 годзе нямецкі кайзер Вільгельм II і расійскі цар Мікалай II правялі ў Пецярбургу перамовы па сумесных дзеяннях супраць кніганошаў і літоўскага друку. То-бок, пытанне дасягнула найвышэйшага ўзроўню.

Праўда, захады абодвух імператараў нічога не далі, і ў 1904 годзе забарону на літоўскі друк давялося адмяніць.

Помнік кніганошам з пералікам імён і заняткаў перад музеем Вітаўта Вялікага ў Літве.

Помнік кніганошам з пералікам імён і заняткаў перад музеем Вітаўта Вялікага ў Літве.

Кніганошы і Беларусь

У Беларусі гэты феномен быў распаўсюджаны толькі на прыкладзе Літвы. Дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, які вывеў вобраз кніганошаў у аднайменнай навеле, мы лічым гэты феномен і сваім, але ў нашых Палестынах гэты рух з’явіўся пазней, і быў не такім масавым. Першыя выданні на новай беларускай мове пачалі бесперапынна з’яўляцца толькі пасля 1891 года. І, зразумела, іх было амаль немагчыма друкаваць у Расійскай імперыі. Таму выдаўцы беларускіх кніжак часта карысталіся магчымасцямі друку за мяжой. Брашуры перапраўляліся нелегальнай дарогай цераз расійска-нямецкую граніцу і пазней перасылаліся паштовымі пасылкамі ў Мінск.

Дый аб'ёмы ў Беларусі былі меншыя. Паводле справаздачы Польскай Сацыялістычнай Партыі, у 1895 годзе праз пераходны пункт каля Таўраге ля прускай мяжы былі перапраўленыя 332 экзэмпляры нейкіх беларускіх выданняў.

Але гэты досвед не быў забыты. Ужо ў часы СССР вядомы беларускі дзеяч Юры Туронак арганізаваў асаблівы канал дастаўкі нелегальнай беларускай літаратуры, выкарыстоўваючы ў сваёй дзейнасці досвед літоўцаў XIX стагоддзя.

Рэпрэсіі супраць асветы: хто пераможа?

Сёння беларуская ўлада шчыруе ў вынішчэнні «непажаданых» кніг. «Экстрэмізм» знаходзяць не толькі ў гістарычных ды мастацкіх творах беларускіх аўтараў (Альгерд Бахарэвіч стаў «экстрэмістам» двойчы — за дзве кніжкі), але нават у дзіцячых творах сусветна вядомых пісьменнікаў кшталту Іосіфа Бродскага. Улады палююць на выдавецтвы і кніжныя крамы — усім вядомая «Кнігаўка», якая праіснавала лічаныя дні.

За мінулы год у Беларусі спынілі працу выдавецтвы «Янушкевіч», «Галіяфы», «Кнігазбор», «Лімарыус» і іншыя. У гэтым годзе выдавецтва «Зміцер Колас» паведаміла аб прыпыненні сваёй дзейнасці, а сам кнігавыдавец Зміцер Колас толькі-толькі выйшаў з-пад 10-суткавага арышту. Выдаваць у Беларусі кнігі становіцца складаней.


Але беларускія кнігі пачынаюць выдавацца за мяжой. Як кажа выдавец Андрэй Янушкевіч, які цяпер запускае сваё выдавецтва ў Польшчы, і раней кнігі друкаваліся за межамі Беларусі. «Калі браць пытанні падрыхтоўкі кнігі да друку, то тут, у прынцыпе, нічога не змянілася — у асноўным гэта адбываецца аддалена. Што тычыцца друку кніг, мы і з Беларусі працавалі з замежнымі друкарнямі. У Польшчы вялікі выбар і прымальныя кошты», — кажа Янушкевіч. Галоўная праблема ў тым, што была згублена каманда выдавецтва.

Нягледзячы на тое, што ў Янушкевіча ўсё яшчэ ёсць ліцэнзія на распаўсюд кніг у Беларусі, адпраўляць туды новыя свае новыя выданні ён не плануе: «Зразумела, што на мне пастаўлена "чорная метка". Кнігі проста не дойдуць да чытача, застаецца спадзявацца на перадачу кніг у Беларусь у нейкім індывідуальным парадку».

«Індывідуальны парадак» — гэта цікавае азначэнне. Не варта забывацца і на тое, што беларускі непадцэнзурны друк, як і свабодны друк часоў СССР, меў не адно вымярэнне. Больш сталыя людзі ведаюць, што ў СССР існавала два такіх феномена — «самвыдат» і «тамвыдат». І калі «самвыдат» быў больш вядомы — гэта перадрук кніг звычайнай друкарскай машынкай, то «тамвыдат» — гэта справа якраз друку твораў па-за межамі краіны Саветаў. І гэтыя творы нейкім чынам траплялі ў СССР — мабыць, у тым самым «індывідуальным парадку».

А ў сувязі з распаўсюдам ксераксаў і прынтараў, якія ёсць ці не ў кожнай фірме, забарона нейкіх кніг выглядае поўнай бздурай.

Тэхнічны прагрэс у дапамогу!

А ці патрэбныя нам сёння кніганошы? Проста часы змяніліся, і цяпер, каб данесці слова для чытача, не патрэбныя папяровыя старонкі.

Той жа Андрэй Янушкевіч пачаў выпускаць кнігі не толькі на паперы, але і ў электронным выглядзе — у фармаце EPUB. Напрыклад, раман Эрнэста Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» ў перакладзе Юркі Гаўрука ад выдавецтва «Янушкевіч» ужо дасяжны для набыцця на Google Books. А неўзабаве выдавецтва прапануе і аўдыяверсію кнігі.

Беларускі пераклад Хэмінгуэя, выдадзены ў Польшчы. Фота facebook.com/januskevic.books

Беларускі пераклад Хэмінгуэя, выдадзены ў Польшчы. Фота facebook.com/januskevic.books


Праўда, сам выдавец кажа, што беларусы, на яго думку, не вельмі гатовыя набываць электронныя кнігі. Але, па-першае, калі інакш яе набыць немагчыма, то і электронная кніга будзе карыстацца попытам. А па-другое, расійскі Litres ужо даўно і паспяхова гэтым займаецца. Дык чаму б не быць першапраходцам у Беларусі ў гэтай сферы?

Увогуле, цягам мінулага года настаў нейкі нечаканы росквіт беларускіх аўдыякніг. Ініцыятыва «Кніжны воз», якая пачынала з дзіцячай літаратуры, цяпер агучвае цыкл пра Шэрлака Холмса Артура Конан Дойла. У 2022 годзе «Возу» споўнілася два гады, і толькі за мінулы год было запісана 15 аўдыякніг. Дадатак «Возу» ўсталявалі на свае гаджэты больш за 6000 разоў, штодзень — каля 500 праслухоўванняў.

Ініцыятыва Audiobooks.by стварыла агрэгатар беларускіх аўдыёкніг, дзе можна знайсці спасылкі на ўсе агучкі, якія ёсць па-беларуску.

Праект BelarusMusic.com сабраў больш за 4000 беларускіх песень, беларускія аўдыёкнігі і казкі. Ён працуе на любых прыладах — у браўзеры, на тэлефоне, планшэце, Smart TV, кансолях, Chromecast, Apple TV і іншых…

Падобна на тое, што «кніганошы» цяпер набываюць новы фармат. Гэта ўжо не людзі, якія пераносяць кнігі праз мяжу. Гэта людзі, якія абменьваюцца спасылкамі і файламі. І гэта галоўнае, чаму цяпер літаратуру проста нельга забараніць, хоць ты сто разоў абвяшчай яе «экстрэмісцкай».