Чаго не хапала першай беларускай Канстытуцыі? Паглядзелі на суседзяў

15 сакавіка 1994 году Вярхоўны Савет Беларусі прыняў першую Канстытуцыю нашай дзяржавы. Пад ёй стаяў подпіс тагачаснага кіраўніка краіны — Мечыслава Грыба. Шмат у чым прагрэсіўны дакумэнт, на жаль, ня здолеў абараніць радзіму ад дыктатуры. 

Першая беларуская Канстытуцыя

Першая беларуская Канстытуцыя

Паглядзелі, што было запісана ў Асноўным законе нашых суседзяў, у якіх атрымалася прайсьці шлях ад сацыялістычнага прыдатку да заможнай дзяржавы.

Пачнём з прэамбулы

Гэта тыя словы, якія папярэднічаюць разьдзелам і артыкулам у Канстытуцыі. Звычайна там узьнёсла апісваюцца ранейшыя дасягненьні і ў агульных рысах абмалёўваецца шлях, па якім мусіць рухацца дзяржава.

У Беларусі гэты тэкст быў даволі сьціплы і сухаваты, паглядзіце:

Мы, народ Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з адказнасьці за цяперашні стан і будучыну Беларусі, усьведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусьветнага супольніцтва і пацьвярджаючы сваю прыхільнасьць да агульначалавечых каштоўнасьцяў, грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэньне, абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцьця беларускай дзяржаўнасьці, імкнучыся зацьвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, жадаючы забясьпечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладзьдзя і прававой дзяржавы, прымаем гэтую Канстытуцыю.

А зараз давайце параўнаем з тым, што напісана ў польскіх суседзяў:

У клопаце пра існаваньне і будучыну нашай Айчыны, зноў набыўшы ў 1989 годзе магчымасць суверэнна і дэмакратычна вырашаць Яе лёс, мы, Польская Нацыя — усе грамадзяне Рэспублікі, як вернікі ў Бога — крыніцы праўды, справядлівасьці, дабра і прыгажосьці, так і тыя, хто не падзяляе гэтай веры, а выводзяць гэтыя ўнівэрсальныя каштоўнасьці зь іншых крыніцаў, роўныя ў правах і абавязках у адносінах да агульнага дабра — Польшчы, удзячныя нашым продкам за іх працу, за барацьбу за незалежнасьць, якая каштавала вялізных ахвяраў, за культуру, якая каранілася ў хрысьціянскай спадчыне Нацыі і агульначалавечых каштоўнасьцях, працягваючы найлепшыя традыцыі Першай і Другой Рэспублікі, якія абавязаліся перадаць будучым пакаленьням усё тое каштоўнае, што здабыта больш за тысячу гадоў, памятаючы аб горкім досьведзе часоў, калі асноўныя свабоды і правы чалавека былі ў нашай Айчыне патаптаныя, імкнучыся назаўжды гарантаваць грамадзянскія правы, а дзейнасьці публічных установаў забясьпечыць добрасумленнасьць і дакладнасьць, адчуваючы адказнасьць перад Богам ці перад уласным сумленьнем — уводзім Канстытуцыю Рэспублікі Польшча. 

Нашыя суседзі па Вялікім Княстве вырашылі даць наступны запіс:

Літоўскі народ, які стварыў шмат стагодзьдзяў таму Літоўскую дзяржаву, заснаваў яе прававы падмурак на Літоўскіх Статутах і Канстытуцыях Літоўскай Рэспублікі, які стагодзьдзямі рашуча абараняў сваю свабоду і незалежнасьць, захаваў свой дух, родную мову, пісьменнасьць і звычаі, увасабляючы натуральнае права чалавека і Народу свабодна жыць і ствараць на зямлі сваіх бацькоў і продкаў — у незалежнай Літоўскай дзяржаве, імкнучыся да адкрытай, справядлівай, гарманічнай грамадзянскай супольнасьці і прававой дзяржавы, па волі грамадзянаў адроджанай Літоўскай дзяржавы прымае і абвяшчае дадзеную Канстытуцыю.

Згадзіцеся, стваральнікі нашай Канстытуцыі 1994 году нібы прачыталі падобныя фармулёўкі палякаў і літоўцаў і вырашылі не фанабэрыцца. А дарма.

Вядома, пра падмурак сучаснай Літвы «на Літоўскіх Статутах» можна паспрачацца (ніводнага дакумэнта ў канцылярыі вялікага князя цалкам на літоўскай мове ніколі не было напісана за стагодзьдзі існаваньня ВКЛ), але гэта ўжо тэма для іншага артыкулу.

lit_4.jpg

Канстытуцыя Літвы. Фота: Olga Posaškova, Office of the Seimas

Паглядзім на асноўны тэкст

Усьведамляючы, у якім сьвеце і побач зь кім знаходзіцца Летува, нашыя суседзі адзначаюць у артыкуле №3:

Народ і кожны грамадзянін маюць права аказваць супрацьдзеяньне любому, хто гвалтоўным шляхам замахваецца на незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць, канстытуцыйны лад Літоўскай дзяржавы.

Пра мову

Якім чынам было акрэсьленае моўнае пытаньне?

У Летуве артыкул №14: Дзяржаўнай мовай зьяўляецца літоўская мова.

У Эстоніі артыкул №6: Дзяржаўнай мовай Эстоніі зьяўляецца эстонская мова.

У Латвіі артыкул №4: Дзяржаўнай мовай у Латвійскай Рэспубліцы зьяўляецца латышская мова.

У той час як у нашай Канстытуцыі 1994 году артыкул №17 быў не такі адназначны:

Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь зьяўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забясьпечвае права свабоднага карыстаньня расейскай мовай як мовай міжнацыянальных зносінаў.

Гэта, вядома, не дзьве дзяржаўныя мовы, як было зроблена лукашэнкаўцамі пазьней, але і не так канкрэтна, як у суседзяў. Таксама можна зьвярнуць увагу і на нумары, прысьвечаныя дзяржаўнай мове ў розных краінах. Прыярытэт паказальны.

Мечыслаў Грыб падпісвае беларускую Канстытуцыю

Мечыслаў Грыб падпісвае беларускую Канстытуцыю

Пра сымбалі

У нашым артыкуле №19 бачым: Сымбалямі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы зьяўляюцца яе Дзяржаўны сьцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

Глянем на Летуву, артыкулы №15 і 16:

Колерамі Дзяржаўнага сьцягу зьяўляюцца жоўты, зялёны, чырвоны. Дзяржаўным гербам зьяўляецца белы Віціс на чырвоным тле. Дзяржаўным гімнам зьяўляецца «Нацыянальная песьня» Вінцаса Кудзіркі.

Канстытуцыя Латвіі

Канстытуцыя Латвіі

Латвія — артыкул №4: Сьцяг Латвіі — чырвоны зь белай паласой.

Польшча — артыкул №28: Гербам Рэспублікі Польшча зьяўляецца выява белага арла ў кароне на чырвоным полі. Колерамі сьцяга Рэспублікі Польшча зьяўляюцца белы і чырвоны колеры. Гімнам Рэспублікі Польшча зьяўляецца «Мазурка Дамброўскага».

Мы адразу можам уявіць сымбалі краінаў-суседак, а ў нас заяўленыя «сьцяг, герб, гімн».

Пра камунізм

Польшча ў артыкуле №13 пазначае:

Забараняецца існаваньне палітычных партыяў і іншых арганізацыяў, якія зьвяртаюцца ў сваіх праграмах да таталітарных мэтадаў і практыкі дзейнасьці нацызму, фашызму і камунізму. 

Тое, чаго дакладна не хапіла першай беларускай Канстытуцыі 1994 году

Артыкулы №41, 43 у Польшчы:

Кожны незаконна пазбаўлены свабоды мае права на кампэнсацыю шкоды. Да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці тэрміны даўніны не выкарыстоўваюцца.

Гэтыя выразы неабходна тлустым вылучыць у нашай наступнай Канстытуцыі.

Канстытуцыя Польшчы. Фота: Adrian Grycuk

Канстытуцыя Польшчы. Фота: Adrian Grycuk

А таксама залатыя словы, якімі сканчваецца літоўскі Асноўны закон, што выразна фармулююць тое, якой краінай павінна быць Летува. Адзначым, што яна такой і стала:

Вярхоўны Савет Літоўскай Рэспублікі на падставе актаў ад 16 лютага 1918 году і 11 сакавіка 1990 году аб аднаўленьні незалежнай Літоўскай дзяржавы і выяўленай 9 лютага 1991 году волі ўсяго народу і адзначаючы намаганьні ў любым выглядзе захаваць былы Саюз ССР з усімі яго заваёвамі, а таксама намэры ўцягнуць Літву ў абаронныя, эканамічныя, фінансавыя і іншыя «прасторы» постсавецкага Усходняга блёку, пастанаўляе:

  1. Разьвіваць узаемавыгадныя сувязі з кожнай дзяржавай, якая раней знаходзілася ў складзе СССР, аднак ніколі і ні пад якім выглядам не далучацца да любых ізноў створаных на аснове былога СССР палітычных, ваенных, эканамічных ці іншых саюзаў альбо садружнасьцяў дзяржаваў.

  2. Дзейнасьць, мэтай якой зьяўляецца ўцягваньне Літоўскай дзяржавы ў пазначаныя ў артыкуле першым гэтага Канстытуцыйнага акту саюзы або садружнасьці дзяржаваў, лічыцца варожай у дачыненьні да незалежнасьці Летувы, і адказнасьць за яе ўсталёўваецца ў адпаведнасьці з законамі.

  3. На тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі ня можа быць ніякіх вайсковых базаў і вайсковых частак Расеі, Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў або дзяржаваў, якія ў яе ўваходзяць.

Скажыце, ці жадалі б вы мець такі запіс у Новай беларускай Канстытуцыі?