
Кніганошы
У 2004-м ЮНЭСКО прызнала нелегальнае распаўсюджаньне летувіскіх кніжак унікальнай гістарычнай зьявай, якая ня мае аналягаў нідзе на сьвеце.
Да ўсяго цікавая гендарная гісторыя кніганошаў: жанчыны на роўных з мужчынамі ўдзельнічалі ў пераносе і асабліва ў распаўсюдзе забароненых летувіскіх кнігаў і газэтаў. І нават сярод распаўсюднікаў ужо ў самой Летуве часам большасьць складалі жанчыны, якія на кірмашах, у бажніцах і па вёсках раздавалі, прадавалі, абменьвалі кнігі. Іх зьбівалі, гвалцілі, трымалі разам з мужчынамі ў турмах, адмаўляючы ім асобнае месца, высылалі ў Карэлію, Валагодчыну і Ніжагародчыну, а яны вярталіся і зноў з кайстрамі ды лубянымі корабамі скіроўваліся ў дарогу па кнігі.
Адна зь першых кніганошаў у Летуве Караліна Лаўрынавічутэ тройчы арыштоўвалася, за сьмеласьць і ўпартасьць у кніжнай справе ў 1872 годзе высланая ў Карэлію, адкуль не вярнулася. Дасюль невядома, як і дзе загінула яна. Таму 16 сакавіка — дата гістарычная і важная для Летувы, каб не забыць вычын кніганошаў і трагічны лёс, які напаткаў многіх такіх непрыкметных волатаў і герояў.
Сьцяна кніганошаў. Фота музэю Літоўскага народнага побыту
Чаму Дзень кніганошы 16 сакавіка
Дзень кніганошы адзначаецца ў гадавіну нараджэньня Юргіса Бялініса (16 сакавіка 1846 году), кніганошы і заснавальніка сеткі нелегальнага распаўсюджваньня летувіскай літаратуры. Сьвята, якое сёньня рэабілітуе старыя мэтады барацьбы за мову і зьвяртае ўвагу на беларускіх непрыкметных волатаў, якія нясуць, вязуць і перадаюць кнігі па-беларуску па ўсім сьвеце. Бо наяўнасьць кнігаў на роднай мове як на радзіме, так і ў беларускіх асяродках у замежжы ўсё яшчэ яднае, мабілізуе, а часам прыцягвае ўвагу ўладаў і органаў. Як і ў 19 ст., сёньня праз кнігі па-беларуску робяцца ператрусы, людзі арыштоўваюцца і абвінавачваюцца ў здрадзе дзяржаве.
Вядомы ў Летуве эксьлібрыс, прысьвечаны кніганошам, у прыватнасьці аднаму з пачынальнікаў руху кніганошаў Юргісу Бялінісу.
Беларусы-кніганошы ў свеце
У 20 ст. беларусы ўжо вярталіся да кніганоства: так, слынны дзеяч беларускай меншасьці ў Польшчы Юры Туронак ужо ў XX ст. арганізаваў асаблівы канал дастаўкі нелегальнай беларускай літаратуры, цалкам выкарыстоўваючы ў сваёй дзейнасьці досьвед летувіскіх кніганошаў. Пазьней мэтад кніганошаў выкарыстоўвалі беларускія дыяспарнікі, каб, наадварот, вывезьці рукапісы з БССР на Захад: так, айцец Аляксандар Надсан вывез рукапісы беларускіх дысыдэнтаў і друкаваў іх у Лёндане: напрыклад, вядомае эсэ А. Каўкі «Ліст расейскаму сябру». Часткова дзякуючы кніганошам папаўнялася Скарынаўка. Лёнданскія беларусы і беларускі як ніхто іншы разумелі вартасьць кнігі, якая часта эфэктыўней і галасьней за зброі, грошай і нават дзяржаўнасьці ўзмацняла беларускасьць.
Кнігі, кніжнікі, кніжніцы ды кніганошы, «кніжныя рэцыдывісты» ці «кніжныя кантрабандысты», як часта абразьліва называлі іх, здаўна палохалі аўтарытарныя ўлады, бо разьбівалі як па зьмесьце, так і па форме ману дыктатуры, сьмяяліся зь яе. Кнігі стваралі і аб'ядноўвалі супольнасьці ў мінулым, стварылі нацыі, але і цяпер яны зьбіраюць раскіданую па сьвеце беларускую супольнасьць: ствараюцца цэнтры і бібліятэчкі ў Сакартвэла (Грузіі), Італіі, Летуве, Польшчы, Францыі. У летувісаў мы ўсё яшчэ можам навучыцца салідарнасьці, упартасьці і закаханасьці ў роднае слова. Кніганоства хоць і разьвіваецца цяпер у іншых, больш спрыяльных умовах, аднак сваёй місіі не згубіла: данесьці праўду і прыгажосьць па-беларуску і супрацьстаяць імпэрыі.
Але сяньня кніганоства мае да ўсяго і наступнае вымярэньне: беларусізацыю. Так, у 21 ст. з спазьненьнем у нас зноў зьявіўся шанец выправіць моўную сытуацыю, скансалідавацца з беларускамоўнымі, дапамагчы ім і сабе: набыць, прачытаць і перадаць іншым кнігі па-беларуску. Не абавязкова рызыкаваць і везьці ў Беларусь забароненую літаратуру — ня ўсе ўмеюць рызыкаваць фізычна, але ўсе беларусы і беларускі здатныя падтрымаць кніжную справу па-беларуску, набыць кнігу, прачытаць яе па-беларуску і пачаць адмаўляцца ад звычкі чытаць, думаць і размаўляць на мове імпэрыі і акупацыі.
Кнігі пра кніганошаў

Помнік кніганошам у Коўне