«Прыкметы экстрэмізму такія відавочныя, што і экспэртыза ніякая не патрэбная»

Улады прызналі «экстрэмісцкай» чарговую кнігу Альгерда Бахарэвіча, некаторыя нумары часопісаў «Arche Пачатак» і «Наша гісторыя» і каляндар «Не маўчы па-беларуску-2021 з малюнкамі i словамi». Бахарэвіч адрэагаваў, а выдаўцы часопісаў проста прыводзяць вытрымкі з судовага рашэння.

bacharevic2020_fb.jpg


Альгерд Бахарэвіч піша ў сваім Facebook:

«Апошняя кніга пана А.» — у сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яшчэ адна мая кніга прозы пад забаронай. Да «Сабакаў» дадаўся пан А. — і цяпер яны крочаць разам па эўрапейскіх дарогах.

А калі падрабязьней — гісторыя такая.

6 сакавіка менскі Цэнтральны суд прызнаў «Апошнюю кнігу пана А.» экстрэмісцкай літаратурай. Разам з рознымі нумарамі часопіса «Архэ» і часопіса «Наша гісторыя» ды календаром «Не маўчы па-беларуску».

Пра тое, што будзе суд, я ведаў. Вынік таксама быў прадказальны. Але ёсьць і што-нішто новае. Гэтым разам працэс ініцыявала ня нейкая там мытня і нейкая камісія, а фармаваньне пад назвай ГУБАЗіК. Які і зьвярнуўся ў суд і ў міністэрства інфармацыі з патрабаваньнем забараніць кнігу. Маю афіцыйны ліст (адрасаваны ня мне), дзе напісана, што «Апошнюю кнігу пана А.» праверылі на экстрэмізм з дапамогай розных відаў экспэртызы і што прыкметы экстрэмізму ў ёй такія відавочныя, што і экспэртыза ніякая не патрэбная. Тэкст там наогул варты самага пяшчотнага цытаваньня, але пакуль што лянота ўсё гэта набіраць на клявіятуры.

Што ж, тое, што яны называюць «экстрэмізмам», у кнізе і праўда ёсьць. Мая свабода.

Кнігу ўсе, хто хацеў, даўно прачыталі — яшчэ ў 2020-м (выд. «Янушкевіч-Вясна»). Хто не пасьпеў — купіў і прачытаў перавыданьне 2022 году (выд. «Вясна», Прага). Водгукаў на яе было вельмі шмат.

Празь месяц «Апошняя кніга пана А.» выйдзе ў нямецкім перакладзе ў Бэрліне (edition.fototapeta) і ў канцы красавіка будзе прэзэнтаваная на Ляйпцыгскім кніжным кірмашы.

Так што віншую маіх чытачоў і выдаўцоў. Як аўтар цяпер ужо дзьвюх экстрэмісцкіх кніг — раману «Сабакі Эўропы» і экстрэмісцкай казкі для дарослых на 500 старонак — ганаруся намі і абяцаю працаваць далей».


«Экстрэмісцкімі» прызналі наступныя нумары часопіса «Наша Гісторыя»: №2 (19) — 2020 год, №8 (25) — 2020 год, №9 (26) — 2020 год, №3 — 2018 год, №5 — 2018 год, №4 (9) — 2019 год, №1 (18) — 2020 год, №3 (20) — 2020 год, №11 (28) — 2020 год.

А таксама гэтыя нумары часопіса «Arche Пачатак»: №4 (163) — 2019 год, №3 (166) — 2020 год, №4 (159) — 2018 год.

Суд вырашыў, што ў нумарах «у форме схаванай, але лёгка распазнавальнай экстрэмісцкай тэматыкі» прыводзяцца ідэі, «якія дыскрэдытуюць і ачарняюць савецкую ўладу і савецкае мінулае Беларусі».

А таксама ўлады ўгледзелі «прапаганду пратэсных ідэй, установак і схем дзеяння пратэстоўцаў у барацьбе за змену ўлады ў краіне па прыкладзе дзеянняў рэвалюцыйна актыўных народных мас у іншых краінах і іншых гістарычных эпохах», «распальванне варожасці па прыкмеце прыналежнасці да прыхільнікаў захавання гістарычнай памяці аб Другой сусветнай вайне і дасягненнях савецкага перыяду развіцця Беларусі і праціўнікаў, арыентаваных на перафарматаванне гістарычнай памяці ва ўгоду ідэалагічных дактрын, дамінуючых у краінах Захаду».

«Ідэі аўтараў артыкулаў скіраваныя на палярызацыю беларускага шматнацыянальнага грамадства на дзве рэзка проціпастаўленыя адна адной групы, якія прытрымліваюцца супрацьлеглых поглядаў на гісторыю і будучыню Беларусі», — сказана ў судовым рашэнні.

Рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска набыло моц 9 сакавіка. Суддзёй была Вольга Манкевіч.