Заснавальніца беларускага выдавецтва ў Кракаве: Наш рэдакцыйны план шчыльна распісаны на ўвесь год

Усё сваё свядомае жыццё Валянціна Андрэева займалася выданнем беларускіх кніг. І змушаная пакінуць радзіму, яна не пакінула любімае справы. У польскім Кракаве спадарыня Андрэева заснавала беларускае выдавецтва «Гутэнбэрг».

Фота «Св*боды»

Фота «Св*боды»

Валянціна Андрэева распавяла «Св*бодзе», як нямецкі першадрукар Ёган Гутэнбэрг стаў беларускім Янам Гутэнбэргам, чаму ня будзе, прынамсі пакуль што, выдаваць кнігі рэдкія, маланакладныя і супэрважныя, і чым парадуе чытачоў на Дзень Волі.

— Ці лёгка было запачаткаваць беларускае выдавецтва ў Польшчы грамадзянцы іншай краіны?

— Распачаць дзейнасьць было нескладана: ніякіх перашкодаў да рэгістрацыі прадпрыемства для замежнікаў няма, толькі працуйце. У Польшчы ня трэба здаваць іспыт на ліцэнзію, як у Беларусі, атрымліваць нейкія дазволы.

Зь іншага боку, разабрацца ў нюансах падаткаабкладаньня, бухгальтарскага ўліку, падатковых узаемаадносін унутры Эўразьвязу і па-за ім нават фізычна вымагае вельмі шмат часу. Нестае магчымасьці параіцца зь людзьмі, якія ўжо рабілі нешта падобнае, пазычыць шаблёны нейкіх неабходных дакумэнтаў. У Беларусі гэта ўсё можна даведацца па-сяброўску, тут — найчасьцей праз платныя кансультацыі.

Гутэнбэрг па-беларуску — Ян

— А чаму для свайго выдавецтва вы абралі назву па прозьвішчы нямецкага першадрукара — «Гутэнбэрг», а не беларускага — «Францішак Скарына» ці «Марцін Кухта»?

— Назва па прозьвішчы Францішка Скарыны ўжо занятая лёнданскім выдавецтвам. Але мы, зрэшты, і хацелі назваць выдавецтва словам, важным для ўсіх людзей на плянэце. Адзінае, што мы свайго Гутэнбэрга завём ня Ёганам, а на беларускі лад — Янам.

— Вы маеце досьвед працы ў недзяржаўных выдавецтвах Беларусі. Ці спатрэбіўся ён пры арганізацыі працы свайго выдавецтва ў Польшчы? Ці маеце вы дастаткова кваліфікаваных рэдактараў, карэктараў, дызайнэраў, вярстальшчыкаў для паўнавартаснай працы беларускага выдавецтва за мяжой?

— Сярод беларусаў, якія выехалі за мяжу, вельмі шмат добрых спэцыялістаў. Але сучасныя тэхналёгіі дазваляюць супрацоўнічаць і з тымі, хто ў Беларусі застаўся.

Іншая справа, што добры рэдактар, карэктар, дызайнэр кнігі — увогуле вялікая каштоўнасьць. На жаль, у апошнія дзесяцігодзьдзі быць рэдактарам беларускай кнігі значыла працаваць за вельмі невысокую аплату. Я вучылася на рэдактара, у мяне ў дыплёме напісана «Рэдактар», але з выпускнікоў (а збольшага выпускніцаў) майго аддзяленьня хіба дзясятая частка працягвае працаваць з тэкстамі.

Цяпер праца рэдактара аплочваецца нашмат лепей, толькі што і рэдактараў, здольных зь недасканалага часам тэксту зрабіць пасьпяховы твор, дапамагчы аўтару выразіць думку, падказаць эфэктныя прыёмы і, вядома, дапільнаваць моўнай культуры, даволі мала. Да некаторых зь іх чарга, і часам даводзіцца і варта пачакаць.

«Каб канкураваць зь іншамоўнымі выданьнямі, нам трэба даскочыць з накладамі хаця б да 5000 асобнікаў»

— Што ўжо ўдалося выдаць? Як вашыя выданьні знаходзяць чытачоў? І ці шмат іх?

— У рукі чытачам на сёньня трапіў толькі наш слоўнічак-каляндар «Мова вольных». Гэта такі збор цікавых беларускіх словаў на кожны дзень зь перакладам на польскую, украінскую і ангельскую мовы.

Мы прадавалі яго на ўласным сайце mova365.club, а таксама з дапамогай сайтаў symbal.by, litarka.com і офлайн у беларускіх крамах Варшавы, Гданьску і Вільні. Слоўнічак купілі некалькі тысяч беларусаў па ўсім сьвеце, геаграфія — Аўстралія, Тайлянд, Кіпр, Паўднёвая Афрыка, Японія, Турэччына, ЗША і Бразылія.

Вельмі дзякуем за падтрымку ўсім тым, хто напісаў пра слоўнічак у сваіх сацсетках і ў СМІ: на старце гэта было гаючым сродкам, нібы сяброўскі поціск рукі.

— Ці будзеце спэцыялізавацца на нейкім адным сэгмэнце беларускай літаратуры, ці выдаваць усё і ўсіх, абы быў попыт?

— Адна з найважнейшых праблемаў беларускага кнігавыданьня — малыя наклады, на мой погляд. Таму першыя год-два мы будзем выдаваць толькі тыя кнігі, якіх можна спадзявацца прадаць хаця б па 1000 асобнікаў. Гэта дазваляе аплаціць якасную рэдактуру, дызайн, наладзіць прасоўваньне і дыстрыбуцыю — і пры тым даць прыстойную цану на кнігу. Праўда, каб канкураваць з выданьнямі польскімі, расейскімі ды англамоўнымі, нам трэба даскочыць у накладах хаця б да 5000 асобнікаў.

Рэдкія, малатыражныя, супэркаштоўныя выданьні мы сабе пакуль дазволіць ня можам.

«Распачалі працу над сучасным падручнікам па беларускай мове для дарослых»

— Якія кнігі вы ўжо падрыхтавалі для выданьня і можаце анансаваць іх зацікаўленым чытачам?

— Мы падрыхтавалі дзьве кнігі і дзьве настольныя гульні, якія анансуем на нашым асноўным сайце jangutenberg.com 25 сакавіка, у Дзень Волі. Настольныя гульні будуць гістарычныя, пра Рэнэсанс. Кніжкі — нечаканыя: адна дзіцячая, геройская гісторыя пра дыназаўраў, у выдатным афармленьні; другая — этнаграфічны соньнік, багаты збор аўтэнтычнага матэрыялу з навуковым камэнтаром і ў сучасным дызайне.

Але наш рэдакцыйны плян даволі шчыльна расьпісаны на ўвесь год. Напрыклад, мы ўжо распачалі працу над сучасным падручнікам па беларускай мове для дарослых. У камандзе маем выдатных спэцыялістаў, за ўзоры бяром найсучасьнейшыя дапаможнікі па вывучэньні іншых моваў, плянуем мабільную праграму для інтэрактыўнага навучаньня.

На жаль, пакуль мы ня маем ніякай падтрымкі звонку, ніякага капіталу, таму хуткасьць выхаду новых праектаў будзе залежаць ад таго, ці патрапім мы ў густы публікі сваімі першымі выданьнямі, ці добра яны будуць прадавацца. Працаваць на валянтэрскіх умовах або для пэрспэктывы, як гэта часам адбывалася ў Беларусі, мы ня маем магчымасьці. Гэты год пакажа, ці здольныя мы ўвогуле займацца выданьнем кніг, ці пасьпяховая гэта задума. Але кожны дзень мы працуем над гэтым.

— Ці ёсьць у вас дамоўленасьць аб супрацы зь іншымі беларускімі выдаўцамі, якія не па сваёй волі апынуліся ў Польшчы? Напрыклад, адчыніць у тым жа Кракаве ці Варшаве беларускія кнігарні?

— Мы камунікуем зь іншымі польскімі выдаўцамі і кніганошамі. У Кракаве, сапраўды, пакуль няма месца, дзе можна набыць беларускую кніжку. А перад намі востра стаіць патрэба наняць офіс-сховішча, каб было дзе захоўваць і пакаваць для адпраўкі пакупнікам нашы першыя (і наступныя) выданьні. То, магчыма, такі офіс стаў бы і месцам продажу нашых кніжак, і прасторай для прэзэнтацый новых выданьняў. Беларусаў у Кракаве вельмі шмат, і яны цудоўныя.