«Цішы Лабаноры» − праект для ўзаемаразумення

Аматары больш складаных музычных форм маглі паслухаць знакамітага літоўскага саксафаніста, зорку еўрапейскага джаза Пятраса Вішняўскаса. Ён выступіў разам са сваімі сябрамі з Беларусі — гуртом рытуальнага фальклору "ESSA".



na_dudach_hrajucj_t_kashkurevic_i_h_koviera_logo.jpg

На дудах граюць Т. Кашкурэвіч і Г. Ковера

Канцэрт меўся адбыцца ў канцэртнай зале «Мінск». Таму ўчорашнім вечарам і пачалі збірацца туды аматары музычных эксперыментаў, фры-джаза, гукаў літвінскай дуды. Лідар гурта "ESSA" Тадар Кашкурэвіч перад пачаткам канцэрта падкрэсліў, што гэтая музычная імпрэза — чыстай вады імправізацыя, і музыканты зусім не рэпетавалі праграму, што надавала ёй першакрынічнасці і таго, што называецца ў джазавых музыкантаў "ad libitum", калі выканаўца грае нешта са сваёй фантазіі.

Як падкрэсліў Т. Кашкурэвіч, праграма канцэрта складалася з дзвюх частак. Першая — канцэртны варыянт сюіты і яе фанаграфічнага ўвасаблення — CD «Цішы Лабаноры» (TYLOS LABANORO) — у выкананні трыа Т. Кашкурэвіч (аднабурдонная дуда), Г. Ковера (дуда-мацянка) і П. Вішняўскас (сапрана-саксафон). Дарэчы, да іх далучыўся выканаўца на таблах Рыціс Камічайціс. Другая — прэм’ера новага праекта гурта "ESSA" «Няміга», які павінен быў прадставіць музычны перформанс, прысвечаны памяці бацькі музыканта, народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча. Што ўдзельнікі праекта турбуюцца пра памяць знакамітага продка, можна было адчуць і па зместу рэкламных афіш, у якіх выкарысталі графіка А. Кашкурэвіча.

pjatras_v_shnja_skas_mprav_zue_logo.jpg

Пятрас Вішняўскас імправізуе

Успомнім, што альбом «Цішы Лабаноры» ўяўляе сабой сюіту з апрацовак літоўскага і беларускага фальклору для літвінскіх дудаў і сапрана-саксафона. На дыску запісаны такія літоўскія народныя творы, такія, як «Пра рану», «Аб жанчыне», «Аб калеі»… Беларускі ж фальклор прадстаўлены такімі апрацоўкамі, як «Аб сведку», «Пра яшчура», «Аб немаёмасці» і іншымі творамі. Гэтыя і іншыя кампазіцыі на тэмы беларускіх і літоўскіх народных мелодый прагучалі ў першай часты праграмы. Трэба адзначыць, што фальклор абедзвюх краін вельмі падобны. І гэта не дзіва: нас аб’ядноўвае агульнае гістарычнае мінулае і блізкасць культур. Што тычыцца трыа Кашкурэвіч-Ковера-Вішняўскас, то гэтыя выканаўцы прадэманстравалі тое, як джаз і імправізацыя можа падкрэсліць энергетыку і сакральны сэнс народных мелодый.

gv_das_kovera_logo.jpg

Гвідас Ковера

Безумоўна, асноўную ўвагу першай часткі канцэрта прыцягнула сугучча дуд. Выканаўцы прадэманстравалі тое, што патэнцыял старажытных інструментаў далёка не вычарпаны і дуда яшчэ здатная на імправізацыі і новыя тэмбравыя адценні. Таксама слухачы цёпла віталі гукавы мінімалізм саксафаніста Пятраса Вішняўскаса, які імкнуўся падкрэсліць дух мелодый старажытнасці, дапасаваць іх да сучаснасці.

kalihanku_vikonvae_g_kovera_logo.jpg

Калыханку выконвае Г. Ковера

 

Нагадаю, што Пятрас Вішняўскас як джазавы музыкант сваю кар’еру пачынаў, калі граў у біг-бэндзе выдатнага літоўскага мультыінструменталіста У. Чакасіна. Потым быў квартэт Вішняўскас-Лабуціс-Шынкарэнка-Лаўрэнавічус, канцэрты ў дуэце з В. Ганеліным, сольныя выступленні… І ўжо тады П. Вішняўскас быў прыхільнікам з’яднання фры-джаза і літоўскага фальклору. Гэтая якасць музыканта, якая выявілася ў аранжыроўках літоўскага і беларускага фальклору, была вельмі цёпла сустрэтая мінскімі слухачамі і не раз віталася падчас імправізацыі.

Другое аддзяленне канцэрта было прысвечана новаму праекту гурта "ESSA" «Няміга», у якім прынялі ўдзел і літоўскія музыканты: П. Вішняўскас, Г. Ковера, Р. Камічайціс. Як падкрэсліў ініцыятар гэтага музычнага праекта Тодар Кашкурэвіч, слова «Няміга», якое з літоўскай мовы перакладаецца як «бяссоннае» і сведчыць пра глыбокія карані нашай культуры, якая гадавалася ў балтыйскім арэале. Цяпер «Няміга» — гэта сінонім трагедыі, якая забрала жыцці больш 50 маладых людзей. Дый сама Няміга цяпер цячэ пад зямлёй па трубе. «Значыць, і наш фальклор у трубе, пад зямлёй», — здзівіў слухачоў нечаканай высновай  Т. Кашкурэвіч.

todar_kashkurev_ch_mprav_zue_logo.jpg

Тодар Кашкурэвіч імправізуе

Было падкрэслена, што праграма «Нямігі» больш перкусійная, падобная на гукавы перформанс. Так яно і здарылася: выканаўцы нагадалі з дапамогай вялікіх лістоў бляхі як грукоча метро, як змяняецца тэмбр стуку колаў, калі вагоны набліжаюцца да станцыі. Таксама, былі прадстаўлены перкусіўныя кампазіцыі, выкананыя з дапамогай літоўскіх народных інструментаў — конклес, скудучай і іншых. Шчырыя апладысменты выклікала выкананне В. Дзядовік-Кашкурэвіч народнай літоўскай песні «Божая гара», а таксама беларускіх спеваў «Пра яшчура», «Мінчанка», у выкананні якіх Вользе дапамагалі маладыя ўдзельнікі праекта — Сабіна і Дамінік Пятроўскія.

sab_na_pjatro_skaja_vol_ga_dzjadok_kashkurev_ch_logo.jpg

Сабіна Пятроўская і Вольга Дзядок-Кашкурэвіч

Асаблівае захапленне публікі выклікала фінальная кампазіцыя канцэртнай праграмы — песня «Плач аб Зямлі», якая скончылася рытарычным пытаннем: «А што з табою сталася, мая Няміга?..» Пранікнёная кампазіцыя, але такая, якая прымушае задумацца слухачоў пра галоўнае ў нашым жыцці. Завяршылі ж праграму канцэрта госці з Літвы — саксафаніст Пятрас Вішняўскас і Гвідас Ковера на конклес, якія завяршылі сваё выступленне перад мінскай публікай літоўскай народнай «Калыханкай» у стылі фолк-джаз.

ricis_kam_chajc_s_grae_na_tablah_logo.jpg

Рыцыс Камічайціс грае на таблах

Апошняя музычная імправізацыя гэтага вечара нагадала, што колішні музычны праект «Цішы Лабаноры» (TYLOS LABANORO) яшчэ запатрабаваны і неабходна, каб як мага больш слухачоў у абедзвюх краінах пазнаёміліся з ім на карысць нашых культур, разумення нашых агульных каранёў.