Ціск не спыніць творчасць: журы прэміі Шэрмана абвясціла доўгі спіс
Журы зацвердзіла доўгі спіс намінантаў на прэмію імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў.
Журы будзе абіраць трох пераможцаў у трох намінацыях: пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі.
"Найперш хочацца падзякаваць усім выдаўцам і перакладчыкам за тую вялікую працу, якая стаіць за кожнай кнігай. Мінулы год, на жаль, нельга назваць багатым на перакладныя выданні, аднак на прэмію былі вылучаныя вельмі цікавыя і годныя творы. У журы не было вялікіх разыходжанняў у працэсе зацвярджэння доўгага спісу, хоць, безумоўна, не ўсе пазіцыі былі абраныя адзінагалосна: журы звяртала ўвагу не толькі на сам пераклад, не толькі на тое, якім чынам вырашаліся розныя лінгвістычныя задачы, але і на рэдактарскую працу. Хацелася б яшчэ адзначыць, што многія кнігі — гэта творы сучасных замежных аўтараў, такім чынам, і перакладчыкі, і выдаўцы сапраўды нас парадавалі", — дзеліцца ўражаннямі сябра журы прэміі Аксана Данільчык.
У журы прэміі Шэрмана сёлета ўвайшлі: пісьменніца, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак; выкладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Ганна Бутырчык; паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца Аксана Данільчык; літаратуразнаўца, перакладчык, кандыдат філалагічных навук Дзяніс Кандакоў. Выкладчыца, перакладчыца і рэдактарка Вольга Калацкая, на жаль, не зможа працягваць сваю працу ў складзе журы.
Доўгі спіс прэміі Карласа Шэрмана 2021
Пераклад прозы
Лявон Баршчэўскі, пераклад з нямецкай - Франц Кафка “Працэс”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.Вольга Гронская, пераклад з нямецкай - Даніэль Кельман “Тыль”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.Яніна Кісялёва, пераклад з польскай - Антоні Эдвард Адынец “Успаміны пра мінулае”. Выдавецтва “Лімарыус”, Мінск, 2020.Алена Талапіла, пераклад з нямецкай - Фелікс Акерман “Аўташкола па-віленску”. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня, 2020.Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай - Міленка Ергавіч “Арэхавы палац”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2019.Ганна Янкута, пераклад з англійскай - Салі Руні “Нармальныя людзі”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.Пераклад паэзіі
Лявон Баршчэўскі, пераклад з ісландскай - Стэйн Стэйнар “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.Лявон Баршчэўскі, Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай - Цін Уевіч “Выбраная паэзія”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.Алесь Плотка, пераклад з украінскай - Юры Іздрык “Папяросы”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск, 2020.Андрэй Хадановіч, пераклад з рускай - Сямён Ханін “Уключаючы рэшту”. Выдавецтва “Логвінаў”, Вільня, 2020.Юля Цімафеева, пераклад з англійскай - Стывен Крэйн “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
Пераклад дзіцячай кнігі
Алена Казлова, пераклад са шведскай - Астрыд Ліндгрэн “Піпі Доўгая Панчоха” і “Піпі Доўгая Панчоха падымаецца на борт”. Выдавецтва “Папуры”, Мінск, 2020.Надзея Кім, пераклад са шведскай - Астрыд Ліндгрэн “Роня, дачка разбойніка”. Выдавецтва “Пазітыў-цэнтр”, Мінск, 2020.Алена Пятровіч, пераклад з англійскай - Дж.К. Роўлінг “Гары Потэр і таемная зала”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.Марына Шода, пераклад з польскай - Анджэй Марэк Грабоўскі “Галляш Бяляшык - сябра цмокаў”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, Мінск, 2020.Юля Цімафеева, пераклад з нарвежскай - Мая Лундэ “Снежная сястра”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.Ганна Янкута, пераклад з польскай - Катажына Рырых “Лапуховае поле”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск, 2020.Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.
У 2020 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Ігар Кулікоў (пераклад паэзіі), Сяргей Матырка (пераклад дзіцячай кнігі) і Кацярына Маціеўская (пераклад прозы).
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў. Задаць пытанні па прэміі можна, напісаўшы на konkurs.pierakladau@gmail.com.
Паводле прэс-рэліза