Даследчыку нашай гісторыі прысвячаецца
29 траўня Міколе Гайдуку, беларускаму літаратару, гісторыку і краязнаўцы з Беласточчыны, споўнілася б 80 гадоў. Ён сышоў у лепшы свет у 1998 годзе. Гэта ў яго я вучыўся і дагэтуль вучуся даследаваць свой край.

Мікола Гайдук. Фота з архіва Сяргея Чыгрына
Шмат гадоў яго ўжо няма сярод нас, хаця і сёння ён мог бы яшчэ хадзіць і ездзіць па ўсёй Беласточчыне і збіраць беларускія песні, паданні, казкі, запісваць геаграфічныя назвы, звычаі, абрады, пісаць творы. Давайце пагартаем беларускі тыднёвік «Ніва» (Беласток), напрыклад, за мінулыя дзесяцігоддзі, і мы ўбачым творы Міколы Гайдука амаль у кожным нумары. Ён пісаў, бо ўмеў пісаць, умеў падаць усё цікава, па-новаму арыгінальна, шчыра і аб’ектыўна – ад вершаў да падручнікаў, ад краязнаўчых матэрыялаў да гістарычных даследаванняў. Ён працаваў на Беларусь, на свой народ, які жыў з ім побач і жыў па той бок мяжы, гэта значыць у нас, у Беларусі.

Калектыў беларускага тыднёвіка «Ніва». Мікола Гайдук стаіць пасярэдзіне
У беларускіх выдавецтвах у Міколы Гайдука выйшла кніг больш, чым на Беласточчыне. І ўсе яны неяк адна за адной з’явіліся ў 1990-х гадах. Спачатку ў Мінску свет пабачыла «Трызна» (1991), якую склалі гістарычныя апавяданні пісьменніка. Прадмову да кнігі напісаў тады Барыс Сачанка. Наогул, Мікола Гайдук ведаў амаль усіх беларускіх пісьменнікаў, з многімі сябраваў. Знаёміцца з імі ён пачаў яшчэ тады, калі вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце. Там ён пасябраваў з Барысам Сачанкам, якога таксама, на жаль, даўно няма на гэтым свеце. У прадмоўцы Барыс Сачанка адзначаў, што творчасць Міколы Гайдука — «гэта даніна любові і павагі да роднага краю, жаданне хоць што-кольвечы зрабіць дзеля яго велічы і славы, далучыць да яго новых прыхільнікаў і шанавальнікаў».

Пасля «Трызны» ў Мінску выходзіць ягоны «Паратунак»— кніга гістарычных эсэ. Гэта кніга пра простых беларускіх воінаў і знакамітых князёў, пра барацьбу княстваў, пра паратунак перад крыжацкім нашэсцем. Прыгожа і ладна Мікола Гайдук апісаў у гэтым выданні вобразы Міндоўга, Давыда Гарадзенскага, Ягайлы і Вітаўта.
«Зразумела, у цэнтры гэтага займальнага падарожжа пераважна мінулае так роднага і дарагога Міколу Гайдуку краю —Падляшша. Але ў ім, бы ў вялікай кроплі, бы ў чыстым люстры, добра бачыцца ўся беларуская гісторыя. Бо зямля, размешчаная паміж Бугам і Бобрай, дзе параскіданы старажытныя гарады і мястэчкі Драгічын, Бельск, Супрасль, дзе шуміць славутая Белавежская пушча і прывольна пасуцца лясныя волаты-зубры, была здаўна вельмі цесна звязана сваім гістарычным лёсам з усёй Беларуссю, доўгі час уваходзіла ў склад Літоўска-Беларускай дзяржавы», — так напісаў у прадмове да гэтай кнігі Вячаслаў Чамярыцкі.
Прадмова шчырая, добрая, годная. Не пабаюся гэтых слоў. Бо Мікола Гайдук заслугоўваў добрых рэцэнзій і пахвалы, таму што ён ведаў, што піша, як піша і для каго піша свае гістарычныя вандроўкі пра далёкае мінулае Беларусі, спыняючыся на Грунвальдскай бітве 1410 года, дзе гартаваўся наш народ.

Мікола Гайдук любіў беларускі фальклор, асабліва песні, паданні, небыліцы Беласточчыны. Ён іх умела збіраў, запісваў. У Мінску ў 1996 і 1997 гадах зноў выходзяць дзве ягоныя кнігі — «Белавежскія быліцы і небыліцы» і «Песні Беласточчыны». Добра сказаў Сакрат Яновіч, што «Мікола Гайдук — этнограф, але і пісьменнік, пісьменнік, але і этнограф» (Тэрмапілы, 1998. С.127). Калі літаратар выдатны этнограф, то ён будзе добрым гісторыкам і пісьменнікам. Мікола Гайдук — адзін з іх.

Мікола Гайдук з настаўніцамі беларускай мовы ў Беластоку
А колькі цудоўных артыкулаў беластоцкі літаратар і краязнавец прысвяціў дзеячам беларускай культуры! Амаль усе яны былі апублікаваныя ў беларускім тыднёвіку «Ніва». Гэта артыкулы пра Пятруся Броўку, Ігната Дварчаніна, Уладзіміра Дубоўку, Міхася Забэйду-Суміцкага, Янку Купалу, Леапольда Родзевіча, Максіма Танка, Генадзя Цітовіча і пра многіх іншых. Роўна паўстагоддзя назад у друку з’явіўся і яго даследчы артыкул «Адам Міцкевіч аб Беларусі і беларусах».

Беларускаму грамадска-культурнаму таварыству ў Беластоку 15 гадоў
Мікола Гайдук быў заўсёды перакананы, што нашы людзі любяць заглядваць у сваё мінулае вачыма легендаў. У мінулае беларускай гісторыі я заўсёды заглядваю праз ягоныя гістарычныя кнігі. Ён быў і застаўся ў гісторыі нашай культуры як творца эпічнага складу. Эпічным спакоем, як напісала некалі Вольга Шынкарэнка, поўняцца і выдатныя кнігі Міколы Гайдука.

На конкурсе беларускай песні ў Беластоку
У гэтай нататцы з нагоды юбілею я прыгадаў яго, хаця згадваю і перачытваю яго кнігі і допісы вельмі часта. Вучуся ў яго. Як кажуць беларусы: век жыві — век вучыся… А ў Міколы Гайдука ёсць чаму павучыцца і сёння, і будзе праз сто гадоў.
.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мікола Гайдук, Віталь Луба, Георгій Валкавыцкі

Мікола Гайдук і беларуская паэтка, журналістка з Беластоку

Мікола Гайдук і Вольга Іпатава ў Беластоку
Фота з архіва аўтара