Эпідэміі ў літаратуры
“Горад М., 200… год. Восень. Звычайнае жыццё, звычайныя клопаты, банальны кашаль. Але праходзіць колькі дзён, і горад ператвараецца ў вялізны шпіталь. Хвароба, якой дагэтуль не існавала. Чуткі, якія не паспяваюць за жахамі рэальнасці. Усё толькі пачынаецца… (На выяве: Гравюра "Вялікая чума" ў Лондане 1664-1665 г.)
“Горад М., 200… год. Восень. Звычайнае жыццё, звычайныя клопаты, банальны кашаль. Але праходзіць колькі дзён, і горад ператвараецца ў вялізны шпіталь. Хвароба, якой дагэтуль не існавала. Чуткі, якія не паспяваюць за жахамі рэальнасці. Усё толькі пачынаецца…
(На выяве: Гравюра "Вялікая чума" ў Лондане 1664-1665 г.)
Гэта не рэпартаж Першага нацыянальнага канала. Гэта рэклама рамана “Эпідэмія, выдадзенага некалькі гадоў таму Дзмітрыем Сафронавым. “Эпідэмія — адзін з
трох раманаў-катастроф гэтага аўтара. Іх дзеянне адбываецца ў Маскве — цэнтральным рынку збыту масавай літаратуры. У двух астатніх раманах апавядаецца пра падзенне элітнага маскоўскага
хмарачоса і аварыі ў маскоўскім метро.
Эпідэміі невядомых хваробаў, поруч з прыроднымі катаклізмамі і нашэсцем іншапланетнікаў, — адна з самых частых завязак сюжэтаў галівудскіх фільмаў і масавага чытва. Прычына камерцыйнага
поспеху — фобіі простага чалавека: кожны з нас, прынамсі ў душы, баіцца таго, што не можа рацыянальна патлумачыць і што не ў стане кантраляваць. Ідэальна, калі гэта штосьці — яшчэ і
смертаноснае. У блакбастэрах-катастрофах выжывае зазвычай адно галоўны герой і (часта) яго бландзінка — а менавіта з галоўным героем, паводле законаў псіхалогіі, чытач, незалежна ад полу,
сябе аўтаматычна атаясамлівае.
І тым больш шакуе, калі выяўляецца, што пісьменнікі-фантасты “сурочылі: мор пачаўся ў рэальнасці, хмарачосы ўпалі наяве. Пачынаюцца ўжо зусім іншыя кнігі — сацыяльныя,
філасофскія, экзістэнцыйныя драмы — так, трагедыя 11 верасня 2001 года знайшла водгук у творчасці некаторых сучасных пісьменнікаў, сярод іх — француз Фрэдэрык Бэгбэдэр з кнігай
“Windows on the World (назву можна перакласці як “Вокны ў свет або як “Від на Сусветны гандлёвы цэнтр).
Моры, выкліканыя чумой, халерай, воспай, знайшлі адлюстраванне ў безлічы літаратурных твораў, якія паўставалі ў розныя эпохі ў розных цывілізацыях. Паспрабуем зладзіць кароткі агляд
“эпідэміялагічнай літаратуры свету.
Чума — каралева літаратуры
Паводле гісторыкаў медыцыны, чума была ў свеце, калі ў ім яшчэ не было чалавецтва: хвароба служыла прыродным рэгулятарам папуляцыі жывёл. Зарадзілася яна, хутчэй за ўсё, у Сярэдняй Азіі, адкуль
распаўсюдзілася па Зямлі. У Азіі і Афрыцы ўспыхвалі першыя эпідэміі сярод людзей, але яны не мелі вялікага распаўсюду, бо людзі жылі адасобленымі плямёнамі, якія міжсобку не дачыняліся.
У сапраўдную пошасць чума ператвараецца, калі на Зямлі з’яўляюцца першыя гарады — з іх кучным пражываннем людзей і антысанітарыяй. Самай масавай эпідэміяй чумы стала Юстыніянава
чума (VI ст): ад яе загінула 20 мільёнаў чалавек на Блізкім Усходзе. У 1348 годзе чума знесла жыцці 15 мільёнаў — гэта складала чвэрць насельніцтва Еўропы. Эпідэміі чумы наводзілі панічны
страх на Стары Свет ажно да пачатку ХІХ стагоддзя.
Чума — вострае прыродна-ачаговае інфекцыйнае захворванне, якое паражае лімфасістэму чалавека і лёгкія. Найбольш частыя формы чумы — бубонная (моцнае запаленне лімфавузлоў) і
лёгачная. Пры бубоннай форме быў невялікі шанец выжыць, лёгачная азначала смерць. Пераносчыкі чумы — пацукі, блохі, заражаная вада, а пасля — хворыя людзі і ўсё, да чаго яны
дакраналіся. Узбуджальнік хваробы — чумная палачка, у 1894 годзе яе незалежна адно ад аднаго выявілі вучоныя Аляксандр Ерсэн (Францыя) і Кітазата Сібасабура (Японія).
У 1896 годзе Уладзімір Хаўкін, швейцарскі навуковец украінска-яўрэйскага паходжання, стварае першую супрацьчумную вакцыну, якая дапамагае зменшыць памеры эпідэміі ў Індыі. У наш час у свеце на чуму
хварэюць прыкладна 2500 асобаў штогод. Выпадкі захворвання найчасцей фіксуюцца ў Казахстане, Туркменістане, Чачні, Манголіі, ЗША, Перу, Бірме. Смяротнасць складае 5–10 працэнтаў, але на
ранніх стадыях чума — амаль 100 працэнтаў вылечная хвароба. Дзякуючы сучаснаму ўзроўню гігіены і выпрацаваным правілам лакалізацыі эпідэмій, пагрозы для чалавецтва яна больш не
складае.
Іншая справа — мінулае чалавецтва. Для людзей старажытнасці і сярэднявечча чума выглядала сапраўднай карай Божай (гневам багоў), чымсьці, што не мела зямную прыроду. Паколькі інкубацыйны
перыяд складае ўсяго пару гадзінаў, а цячэнне хваробы бязбольнае і амаль вокамгненнае (або некалькі гадзінаў, або 3–6 дзён), то, стоячы ля вакна свайго дому, жыхар еўрапейскага горада мог
назіраць, як людзі то там, то сям падаюць на месцы мёртвымі, нібы іх працяла нябачная маланка. Ніякіх сродкаў уратавацца ад пошасці не было: прыбіранне бруду з вуліц было запозненым захадам, калі
чума ўжо бушавала, а пра прыроду інфекцый медыкі не мелі ўяўлення. Таму людзі стараліся адгарадзіцца ад заразы, замкнуцца ў доме — але і гэта не ратавала. Нядзіўна, што ўжо ў эпасе,
усеагульнапрызнаным як першы літаратурны твор на Зямлі, апісваецца чумны мор у горадзе Урук.
“Эпас пра Гільгамеша (ХХІІ ст. да н.э., Старажытны Шумер) апісвае адчай Гільгамеша ад таго, што ён бачыць. У яго родным горадзе пануе бог смерці Эра — трупы паўсюль, трупы
плывуць па Еўфраце. Шакаваны пабачаным, асілак Гільгамеш выпраўляецца на пошукі таямніцы неўміручасці.
У Бібліі чума згадваецца двойчы — у Кнізе прарока Самуіла (раздзел 5), калі смерць ад чорных наростаў на целе тлумачыцца як кара Гасподня за грахі, і ў Кнізе Царстваў (раздзел 19), дзе чума
ратуе Іерусалім, за ноч пакасіўшы асірыйскае войска, якое асадзіла горад.
Сераднявечная гравюра:Чумны лекар у спецвопратцы 1665 г.
Эпідэмія фларэнтыйскай чумы 1348 года — пачатак самага жыццярадаснага і фрывольнага твору еўрапейскай літаратуры Адраджэння — “Дэкамерона Джавані Бакача.
Перажыўшы мор, пісьменнік апісвае яго жахі ў прадмове да раману. Жахі не толькі фізічныя, але і маральныя: павальныя смерці і масавыя хаўтуры мяняюць стаўленне людзей да смерці як такой. Цяпер у
Фларэнцыі прынята жартаваць і весяліцца, калі нехта памірае. І бедныя, і багатыя дамы пустуюць. У пакінутыя палацы забіраюцца кампаніі людзей, якія бавяць час за п’янствамі і абжорствам.
Святары або памерлі, або кінулі сваіх парафіян, ніхто не дбае аб падняцці духу ці змаганні з эпідэміяй. Злачынцаў няма каму ахоўваць, і яны бясчынствуюць, ведаючы, што застануцца беспакаранымі. Ніхто
не ўяўляе, што будзе з ім заўтра, фларэнтыйцы аддаюцца на волю лёсу.
У гэты час у царкве Санта Марыя Навэла сустракаюцца 10 багатых маладых людзей — сямёра паненак і трое юнакоў. Яны прымаюць рашэнне выправіцца з гораду, каб перачакаць чуму ў аддаленым кутку.
Падчас затворніцтва яны забаўляюць сябе таксама расповедам займальных гісторый з гарадскога жыцця — кожны расказвае гісторыю ў дзень. Так паўстаюць 100 знакамітых навел
“Дэкамерона.
У 1772 годзе Даніэль Дэфо піша “Дзённік чумнога горада — поўную фактаў, лічбаў дакументальную аповесць, прысвечаную Лонданскай чуме 1664–1665 года, стылізаваную
пад мемуары сведкі падзеяў. Твор гэты, абсалютна ў духу эпохі Асветніцтва, спрабуе раскласці эпідэмію па палічках, абапіраючыся на хронікі ды сведчанні відавочцаў.
Галоўны герой прымае рашэнне аддацца на волю Бога і не паддаецца паніцы, застаючыся ў горадзе. Таму ён мае магчымасць ад пачатку да канца апісаць эпідэмію, яе пачатак, ход, а галоўнае —
бязглуздыя паводзіны жыхароў Лондана, у асноўным іх неразумныя ўчынкі ў спробе ўратавацца ад хваробы (напрыклад, калі ў доме нехта захварэў, улады замыкалі дом разам з усімі яго жыхарамі і хворым.
Часта ў доме пасля не заставалася нікога жывога, а ўцекачы з такіх дамоў яшчэ болей разносілі заразу).
Псіхалагічны феномен “балявання падчас чумы надзвычай займаў пісьменнікаў ХІХ стагоддзя. Аляксандр Пушкін у 1830 годзе апынаецца замкнёным у Болдзіна — маёнтку сваёй
будучай жонкі Наталлі Ганчаровай: у Пецярбургу абвешчаны каранцін па халеры. Апроч іншых твораў “болдзінскай восені на свет з’яўляецца “Баляванне падчас чумы
“ — вольны пераклад часткі драматычнай паэмы Джона Уілсана (1816 г.) “Чумны горад, дзе апісвацца тая ж Лонданская чума 1665 года. У навеле 1842 года Эдгара По
“Маска Чырвонай Смерці прынц Праспэра, ратуючыся ад “чырвонага мору, замыкаецца са сваім дваром у кляштары, кінуўшы народ на волю лёсу. Праз паўгода затворніцтва
Праспэра ладзіць вялікі маскарад-вакханалію. У распале карнавалу ўдзельнікі заўважаюць Чырвоную Маску. За хвіліну да смерці становіцца ясна: гэта мор пранік у сховішча, жывых не застанецца.
І, нарэшце, вяршыня тэмы ў сусветнай літаратуры — раман Альбера Камю “Чума. У ім апісваецца эпідэмія 194... года ў алжырскім горадзе Аране. Нашэсце пацукоў на і без таго
бязрадасны горад правакуе ўсплёск хваробы. Спатрэбіўся час і многія смерці, каб ўлады горада прызналі эпідэмію і абвясцілі каранцін. У горадзе не стае ежы, не стае медыкаментаў, пачынаецца бунт.
Галоўны герой рамана доктар Рыэ і яго таварышы гераічна і ўпарта змагаюцца супраць чумы, якая даўно паддаецца лячэнню і якой магло б і не быць.
Раман лічаць самай дасканалай алегорыяй другой сусветнай вайны і таго, што ёй папярэднічала: нездарма прэса называла фашызм “карычневай чумой. Калі пагроза эпідэміі адступае, горад
трыумфуе, але кожны разумее, што чума, у якой ён выжыў, змяніла яго: ён ужо ніколі не будзе ранейшым. Знесшы мільёны чалавечых жыццяў, чума прынесла чалавецтву безліч перажыванняў, а чалавечай думцы
— мноства глыбокіх філасофскіх праблемаў, над якімі варта задумацца.
Працяг будзе