«Фаўстаўскі» сюжэт Васіля Сёмухі

18 студзеня было б 85 Васілю Сёмуху, вядомаму перакладчыку, які мусіць застацца ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры найперш двума грандыёзнымі працамі — перакладамі «Фаўста» Гётэ і Бібліі.

Васіль Сёмуха. Фота Сяргея Шапрана

Васіль Сёмуха. Фота Сяргея Шапрана


Зрэшты, пры жыцці ён славіўся не толькі як таленавіты перастваральнік з замежных моў, але і як дасціпны жартаўнік. Таму, прыгадваючы цяпер Васіля Сяргеевіча, мы вырашылі аддаць перавагу сюжэтам, якія з пэўнага часу зрабіліся не толькі фактамі ягонага жыцця, але і неад’емнай часткай цыкла айчынных гістарычных анекдотаў.

«Фаўстаўскі» сюжэт

Яшчэ ў 1960-я гады Васіль Сёмуха быў вядомы ў Мінску як добры перакладчык з нямецкай. Закончыўшы Маскоўскі ўніверсітэт, ён упарта перакладаў нямецкую прозу і паэзію, у тым ліку славутага «Фаўста» Гётэ. І пры гэтым не меў уласнай кватэры і перабіваўся з сям’ёй па прыватных кутках. Выданне ж перакладу «Фаўста» пераносілася з адных «перспектыўных» выдавецкіх планаў у іншыя. У адчаі Сёмуха напісаў ліст амбасадару ФРГ у Маскве (падчас Другой сусветнай вайны немцы расстралялі бацькоў Сёмухі) з просьбай пасадзейнічаць у выданні перакладу «Фаўста» і ў набыцці кватэры. Ліст, наіўна перададзены Сёмухам у Міністэрства замежных спраў БССР, быў, вядома, адпраўлены не па адрасе, а ў ЦК КПБ, а адтуль — «спушчаны» ў Саюз пісьменнікаў.
Пачаўся разбор асабовай справы перакладчыка. У выніку Васіля Сёмуху выключылі з СП «за няварты члена Саюза пісьменнікаў учынак, які выразіўся ў тым, што В. Сёмуха з мэтай палітычнага шантажу і вымагання імкнуўся звязацца з пасольствам ФРГ у Маскве, паклёпніцкі скардзіўся пасольству, што Саюз пісьменнікаў адмаўляецца даць яму кватэру, а выдавецтва адмаўляецца выдаваць пераклад на беларускую мову “Фаўста” Гётэ, пытаўся аб магчымасці выдання гэтага перакладу ў ФРГ».
Тым не менш пераклад «Фаўста» ўсё-ткі ўбачыў свет, праўда, толькі ў 1976 годзе і з таго часу вытрымаў не адно перавыданне. Больш за тое, гэтая праца была названа немцамі найлепшым перастварэннем «Фаўста» на славянскія мовы. А ўжо на наступны год Васіль Сёмуха зноў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў.

Пытаннечка

Перакладчык Юрка Гаўрук з падазронай патрабавальнасцю ставіўся да іншых перакладчыкаў, асабліва маладых. Напрыклад, не верыў, што Васіль Сёмуха саўладае з перакладам «Фаўста», хоць Уладзімір Караткевіч гаварыў, што сёмухаў пераклад лепшы за рускі пераклад Барыса Пастарнака. Адносна ж намеру Рыгора Барадуліна перакласці ўсё «Паломніцтва Чайльд-Гарольда» Гаўрук суха запытаўся:
— Вам гэтак трэба грошы?
І тым самым адразу ахаладзіў — Барадулін пераклаў толькі часткі з першай песні «Паломніцтва». Сёмуха ж ад свайго не адступіўся і пераклаў «Фаўста» цалкам.

Прыгоды «Ладдзі Роспачы»

Напісаўшы «Ладдзю Роспачы», яе рукапіс Уладзімір Караткевіч падараваў Барадуліну, якому й прысвяціў аповесць. Аднак паколькі, паводле дасціпнага жарту дзядзькі Рыгора, «Ладдзя Роспачы» не мела намеру прычальваць да берага сацыялістычнага рэалізму, яе нідзе не друкавалі.
Перакласці аповесць на рускую мову ўзяўся блізкі караткевічаў сябар Васіль Сёмуха. А калі ўсё ж з’явілася прывідная надзея надрукаваць «Ладдзю» ў арыгінале, высветлілася, што рукапіс згубіўся. І ў Караткевіча ўзнікла ідэя перакласці свой твор на беларускую мову ўжо з перастварэння Сёмухі. Ды выратаваў выпадак: неяк пераглядаў Барадулін паперы ва Ушачах, а там — рукапіс «Ладдзі». Прывёз у Мінск, з радасці адзначылі з аўтарам тую падзею. Назаўтра спахапіліся: а дзе ж рукапіс?! Зноў доўга шукалі, пакуль не знайшлі на кухні… за газавай плітой — так «надзейна» схавалі ўначы, каб не згубіць другім разам…
Толькі праз гады Барадулін распавёў гэтую гісторыю Васілю Сёмуху, які ўзрадаваўся больш за Караткевіча, бо аўтар «Ладдзі Роспачы» ў запале ўпікаў перакладчыка, што гэта ён згубіў рукапіс. Таму Сёмуху ўвесь гэты час згрызала сумленне.

Рыгор Барадулін і Васіль Сёмуха. Фота Сяргея Шапрана

Рыгор Барадулін і Васіль Сёмуха. Фота Сяргея Шапрана

У нямецкім «палоне»

Васіль Сяргеевіч доўгі час быў невыязным, хоць немцы запрашалі яго на радзіму Гётэ яшчэ пасля першага выдання ягонага перакладу «Фаўста». У Германію ён здолеў патрапіць толькі ў 2000 годзе. Але там яго практычна адразу абрабавалі, скраўшы сумку з грашыма і дакументамі.
— Ваша шчасце, калі гэта зрабіў немец, бо нямецкія злодзеі — людзі культурныя: яны грошы возьмуць, а сумку падкінуць, — запэўнілі Васіля Сяргеевіча ў паліцыі.
Аднак ці злодзей не быў немцам, ці ў паліцыі жадалі выгарадзіць суайчыннікаў, але дакументы ніхто не вярнуў. І яшчэ дзесяць дзён славуты перакладчык, кавалер «Залатога Знака Гонару» ГДР, заставаўся ў самым цэнтры Еўропы без дакументаў. Дзесяць дзён — бо менавіта столькі часу спатрэбілася беларускаму консульству ў Боне, каб… высветліць асобу Васіля Сёмухі.

Таемныя правілы савецкай рэдактуры

Калі Васіль Сёмуха быў малады, ён, па ўласным прызнанні, быў страшэнна хітры. І хоць працаваў у Белдзяржвыдзе ўсяго два гады, аднак ужо добра ведаў, да чаго чапляліся ў Галоўліце — у «Мецы» савецкай цэнзуры, — прывучаючы быць цэнзарамі не толькі рэдактараў, але і саміх аўтараў. Справа ў тым, што кожная інстанцыя, якая чытала рукапіс пасля рэдактара, імкнулася знайсці рэдактарскія прамашкі. То быў чыста начальніцкі гонар: як гэта начальнік не зробіць заўвагі? За ўсімі потым «падмятаў» ужо галоўны рэдактар. У той час гэта быў Іван Казека, які, па словах Сёмухі, уласнага ценю баяўся. Ягоны прынцып быў: «Нас ніколі не будуць лаяць за тое, што мы нешта не ўключылі ў кнігу — нас будуць лаяць і караць за тое, што мы ўключылі непатрэбнае». І таму крэмзаў налева і направа.
У гэты час і прынёс малады паэт Алесь Наўроцкі рукапіс першай сваёй кнігі «Неба ўсмiхаецца маланкамi». Яго паэзія, арыгінальная і бунтарская, спадабалася Сёмуху, і ён параіў маладому паэту самому назваць слабыя вершы. Аддаючы пасля рукапіс на прачытанне ў кожную новую інстанцыю, Сёмуха падкладваў гэтыя выкінутыя самім жа Наўроцкім вершы. І чарговы начальнік, чытаючы і заўважаючы недахопы, гаварыў: «Гэта трэба зняць, гэта і гэта...» Звычайна выкідаліся якраз тыя вершы, якія сам Наўроцкі не хацеў уключаць. Аднак начальніцкае самалюбства было такім чынам задаволена — ён зрабіў заўвагі рэдактару! У выніку ніводзін добры верш выключаны ня быў.
Калі кніга выйшла, узняўся вэрхал. Над Васілём Сёмухам навісла пагроза звальнення. Аднак найперш у такім выпадку трэба было звольніць загадчыка рэдакцыі, галоўнага рэдактара і ўсіх без выключэння цэнзараў, і толькі потым — Сёмуху. Таму скандал у выніку быў замяты і ніхто не пацярпеў. За выключэннем Наўроцкага — з таго часу ягоныя рукапісы чыталі хіба што толькі не з лупай.

Анёлы і цэнзура

Васіль Сяргеевіч, адпрацаваўшы амаль тры дзясяткі гадоў у дзяржвыдавецтве, добра ведаў выдавецкую «кухню» і распавядаў, што савецкія рэдактары-цэнзары правілі не толькі сучаснікаў, але сваіх і замежных класікаў. Да прыкладу, радкі Міхаіла Лермантава:
По небу полуночи ангел летелИ тихую песню он пел…
былі перапісаны безыменнымі айчыннымі цэнзарамі гэткім чынам:
По небу полуночи кто-то летел…
У СССР не магло быць анёлаў.

Марксава дурнота

У творчым багажу Васіля Сёмухі пераклады пад два дзясяткі нямецкамоўных аўтараў: Гайм, Гейне, Гесэ, Гётэ, Гофэ, Грымельсгаўзен, Дзюрэнмат, Зюскінд, Майрынк, Ніцшэ, Рыльке, Шылер і г. д. А яшчэ — Карл Маркс. Аднак за савецкім часам пераклад юначай паэзіі класіка-марксізма не мог быць выдадзены без візы маскоўскага Інстытута марксізму-ленінізму.
— І вы хочаце сказаць, што гэтую дурноту напісаў вялікі Карл Маркс?! — сувора запыталіся ў перакладчыка, тыцкнуўшы ў слова «с…ка».
І тады Васіль Сяргеевіч прадэманстраваў прадбачліва прыхоплены арыгінал юнага Маркса:
У формулах — лічбаў, значкоў стракацізна,І розум наш — прыклад лічыльнае працы:Калі бог ёсць кропка — дык бог не ёсць прызма,Калі дагары вы, — дык вам не сядзіцца на с…

Недазволенае імя

z_alesiaj_3_logo.jpg

Васіль Сёмуха з дачкой Алесяй. Фота з сямейнага архіва Алесі Сёмухі

Сваю дачку Васіль Сяргеевіч назваў Алесяй, бо гэтак звалі дачку ягонага калегі — пісьменніка Уладзіміра Дамашэвіча. Сёмуху дужа спадабалася гэтае імя, якое ў тыя часы было надзвычай рэдкім.
Праўда, праз гэта Васіль Сяргеевіч меў вялікі клопат у ЗАГСе, бо рэгістраваць дачку з такім імем не хацелі — тыцкаючы ў спіс «дазволеных» імёнаў, яму даводзілі, што такое імя не існуе ў прыродзе — ёсць толькі Аляксандра.
— Зарэгістрыруеце! — стаяў на сваім Сёмуха. — Сваю дачку можаце называць, як хочаце, а маю — толькі пад імем Алеся і толькі праз літару «а»!
І — дамогся свайго! А ўжо пазней даведаўся, што сапраўднае імя дамашэвічавай дачкі было Аляксандра.

Папугай

Адзін з блізкіх сёмухавых сяброў — сталы празаік Іван Антонавіч Брыль неяк прыгадаў, што ў палешука Васіля Сёмухі пэўны час быў гаворачы папугай, які звычайна патрабаваў нараніцы:
— Сёмуха, падла, насыпь круп!
Атрымаўшы ж снеданак, папугай на знак удзячнасці крычаў:
— Жыве Беларусь!
Фота аўтара.