Гомель знішчаюць

Шмат хто пазнае горад Гомель па палацы Румянцавых-Паскевічаў і гарадскому парку імя Луначарскага. Хтосьці — па праваслаўнай царкве імя Пятра і Паўла, пабудаванай на пачатку XIX стагоддзя. І мала хто ведае пра непаўторную драўляную спадчыну Гомеля, якая знаходзіцца сёння пад пагрозай.



a5585a4d4b12277fee5cad0880611bc6.jpg

Шмат хто пазнае горад Гомель па палацы Румянцавых-Паскевічаў і гарадскому парку імя Луначарскага. Хтосьці — па праваслаўнай царкве імя Пятра і Паўла, пабудаванай на пачатку XIX стагоддзя. І мала хто ведае пра непаўторную драўляную спадчыну Гомеля, якая знаходзіцца сёння пад пагрозай.
Знішчэнне пачалося ўжо даўно. Па афіцыйнай версіі — горад быў разбураны ў вайну немцамі. Дадалі разбурэння і шматлікія бамбардзіроўкі савецкай авіяцыі падчас вызвалення Гомеля. Пасля вайны горад адбудоўваўся з дапамогай нямецкіх палонных, якія спрычыніліся да аднаўлення дарэвалюцыйнай часткі горада. Але адначасова шмат што і разбуралася. Былі знішчаны, у прыватнасці, некалькі праваслаўных храмаў і старыя могілкі. На месцы праваслаўных могілак сёння размяшчаецца сквер Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, а на месцы двух габрэйскіх могілак чамусьці былі пабудаваныя два стадыёна. У выніку Гомель вельмі страціў у сваім гістарычным выглядзе.


Горад страчвае свой воблік і ў часы незалежнай Беларусі. У 1996 годзе быў дашчэнту знішчаны дом Крушэўскіх-Лісоўскіх, вядомы гамяльчанам пад назвай «Паляўнічы домік», гарадскі асабняк ХІХ стагоддзя ў стылі класіцызму. Па інфармацыі з Упраўлення архітэктуры гарвыканкама, будынак не падлягаў аднаўленню, і таму яго танней было знесці, а замест адбудаваць яго дакладную копію. Па сутнасці — муляж. Зусім нядаўна былі знішчаны дзве ўнікальныя цагляныя сядзібы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў па вуліцы Пушкіна. На іх месцы зараз вядзецца будаўніцтва «шматфункцыянальнага комплексу». Быццам бы няма іншых месцаў для такіх устаноў.
У пачатку ХХІ стагоддзя пачаўся знос драўляных дамоў сядзібнага тыпу канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Гэты працэс працягваецца і сёння. Пад пагрозай знішчэння цэлы раён старых забудоў у раёне вуліц Парыжскай камуны, Валатаўской, К.Маркса, Арцёма, Сожскай, вядомы да рэвалюцыі пад назвай Свісток. Такую назву ён, хутчэй за ўсё, атрымаў ад пражываючых у ім паліцэйскіх чыноў. Пасля вайны раён пачаў забудоўвацца шматпавярховымі дамамі, але і зараз яшчэ захаваліся цэлыя кварталы прыватнага сектару.
Калі трапляеш на гэтыя вуліцы, то ствараецца адчуванне, што апынуўся ў пачатку ХХ стагоддзя. І хоць гэтыя дамы афіцыйна не з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, але яны фармуюць непаўторных вобраз гораду і ўяўляюць для яго вялікую гістарычную каштоўнасць. Фасады драўляных дамоў аформлены непаўторным дэкорам, характэрным для рэгіёна Усходняга Палесся. Мы можам знайсці шматлікія ўзоры драўлянай разьбы, разнастайныя ўпрыгожванні вокнаў, карнізаў, ганкаў, уваходных брамаў. Слупавыя ганкі аздоблены каванымі ці драўлянымі дэкаратыўнымі казыркамі. Часткова захавалася клінкерная кладка маставой 1920–1930-х гадоў. Паколькі дамы не ахоўваюцца дзяржавай як помнікі архітэктуры, гаспадары вольныя рабіць з імі што заўгодна: дадаваць усялякія прыбудовы, абкладваць цэглай, абшываюць сайдынгам. Так дамы губляюць свой першасны выгляд і, натуральна, сваю непаўторнасць. Але самае прыкрае, што гэты раён трапіў пад знос і пакрысе ўнікальныя драўляныя дамы адзін за адным пераўтвараюцца ў груды будаўнічага смецця.


Згодна з новым генеральным планам развіцця горада Гомеля, да 2015 года раён так званага Свістка павінен быць знесены. Матывацыя чыноўнікаў зразумелая: хутка і без асаблівых намаганняў атрымаць прыбытак, бо квадратны метр жылля ў цэнтры горада каштуе значна больш, чым у іншым раёне. І іх ужо не турбуе будучыня. Не хвалюе пытанне, ці змогуць нашы дзеці ўбачыць, як выглядаў горад 100–150 гадоў таму… І нават не хвалюе прагматычны клопат, а ці нельга зрабіць гэты раён прывабным для сваіх ды замежных турыстаў, для патэнцыйных інвестараў і атрымаць, адпаведна, камерцыйную выгоду? Не толькі тут і адразу, але і на дзясяткі гадоў наперад.
Настаўнікі, гісторыкі, архітэктары і проста неабыякавыя людзі б’юць трывогу. Вось як пра гэта разважае настаўнік гісторыі Наталля Маркевіч: «Гэты раён варта было б захаваць як музей пад адкрытым небам: музей жыллёвай архітэктуры, рамёстваў (разьбы, кавальства). Дамы знаходзяцца ў добрым стане, нягледзячы на тое, што ім больш за сто гадоў. У іх можна б было размясціць музейныя экспазіцыі, мастацкія гурткі ды майстэрні, дзе можна было б навучаць людзей разнастайным рамёствам. Такога кшталту музей для Гомельшчыны быў бы цалкам унікальным, бо апроч палаца Паскевіча ў Гомелі нічога адметнага ў архітэктуры практычна няма. Справа ў тым, што наш горад яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя быў заштатным, павятовым з пераважна аднапавярховай забудовай, у адрозненні, скажам, ад губернскага на той час Магілёва. Музей пад адкрытым небам у цэнтры Гомеля быў бы запатрабаваны і замежнымі турыстамі, бо палацаў у іх багата, а вось драўляны дэкор — цалкам унікальная для іх з’ява».
Цягам апошняга года актывісты грамадскай арганізацыі ТБМ ладзяць пешыя экскурсіі па драўлянай забудове па маршруце вуліц Парыжская камуна, Арцёма, Валатаўской, Карла Маркса. Дзясяткі чалавек — пераважна гомельская моладзь — даведаліся пра драўляны дэкор. «Мы жывем у Гомелі, штодня ходзім паўз драўляныя дамы і не ўсведамляем, якую каштоўнасць яны ўяўляюць. Таму адна з мэтаў нашых экскурсій — гэта распавесці пра ўнікальнасць драўлянага дэкору Гомельшчыны і, адпаведна, данесці думку пра неабходнасць ягонага захавання», — распавядае адзін з арганізатараў экскурсій Яўген Якавенка.
Намаганні гісторыкаў ды грамадскасці не марныя, бо ўлада ўсё ж такі іх пачула. Напрыканцы 2010 года адбылося пасяджэнне гарадской каардынацыйнай Рады па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей. Упершыню за адным сталом сабраліся чыноўнікі, архітэктары ды навукоўцы, каб абмеркаваць спосабы ўратавання драўлянай забудовы не толькі цэнтра, але і горада ў цэлым.