«Гэта абсалютна новы, фантастычны, ашаламляльны тэатр». Спектакль, натхнёны беларускім пратэстам
Спектакль, пастаўлены Андрэем Курэйчыкам, пад назвай «Пакрыўджаная. Беларусь» ужо з анонсаў выклікаў зацікаўленне ў тэатральным асяроддзі. Яго пераклалі на некалькі моваў і паказвалі, у розных формах ва ўсім свеце. Пра што і расказаў Польскаму Радыё сам Андрэй Курэйчык.
Амапаўцы, незалежныя назіральнікі, Коля Лукашэнка ды Святлана Ціханоўская з’явіліся на сцэне Глівіцкага гарадскога тэатру, каб паказаць палякам падзеі ў Беларусі праз прызму тэатральнага мастацтва.
У чацвер, 10 снежня, людзі ва ўсім свеце мелі незвычайную магчымасць убачыць, хіба што самы актуальны беларускі спектакль — «Пакрыўджаная. Беларусь» Андрэя Курэйчыка.
— Цяпер мы можам казаць пра глабальны праект. На гэты момант больш за 100 чытанняў і пастановак гэтай п’есы па ўсім свецеу, у 24 краінах, на 19 мовах. Ад Ганконга да Лос-Анджэлесу, ад Нігерыі да Швецыі. Гэта паказвае тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, — гэта праява салідарнасці з беларусамі, з беларускім тэатрам і мастацтвам. Пачалося гэта вельмі сумбурна, таму што я знаходзячыся пад палітычным ціскам, як сябар Каардынацыйнай Рады, супраць якой распачалі крымінальныя справы, я быў вымушаны пакінуць краіну.
Я пераехаў ва Украіну, там паставіў апошнюю кропку ў творы, запрапанаваў паказаць некаторым украінскім тэатрам. І даслаў яе амерыканскаму перакладчыку Джону Фрыдману, які запрапанаваў яе амерыканскім тэатрам. Так і пачалося, нечакана адгукнулася 8-9 тэатраў, якія сказалі: «Мы гэта пакажам». Распачаліся спектаклі і ва Украіне: у Кіеве, Херсоне, Адэсе. Потым прыйшлі прапановы ад іншых краін, якія хацелі расказаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, паказваючы гэты спектакль. Так і нарадзіўся глабальны праект.
Факт, што такая актуальная пʼеса выходзіць на сцэнах тэатраў праз менш чым паўгода ад саміх падзеяў, з’яўляецца феноменам сусветнага маштабу. Андрэй Курэйчык, які ўвайшоў таксама ў склад Каардынацыйнай Рады, кажа, што паслявыбарчыя падзеі паўплывалі на яго так моцна, што ён не мог застацца абыякавым. Таму і напісаў п’есу. А потым «Пакрыўджаная. Беларусь» пайшла па свеце.
— Скажу, што дзесьці каля двух тыдняў пасля пачатку пратэсту, я як драматург вырашыў, што не магу больш маўчаць. Мне трэба гэта адлюстраваць. І дзесьці каля 19 жніўня я сеў за гэтую п’есу і пачаў яе пісаць, а закончыў на пачатку верасня. Спрабаваў схапіць гэта час, адлюстраваць падзеі. Спрабаваў шчыра паказаць розныя пункты гледжання. І спрабаваў знайсці тых герояў, якія сапраўды ажыццяўляюць беларускую рэвалюцыю.
Незвычайны фармат спектаклю ў гарадскім тэатры ў Глівіцах паспрыяў таму, што яго маглі паглядзець людзі, якія ніколі не пайшлі б на такое мерапрыемства. Нарэшце, склалася так, што каронавірус дапамог беларусам убачыць больш, чым яны былі б у стане ўбачыць у Беларусі, дзе, канешне, п’есу паставіць не дазволяць. Яна даступная для ўсіх на ютуб-канале тэатру ў польскамоўнай версіі з расійскімі субтытрамі. Выкананнем п’есы захоплены і яе аўтар.
— Гэта бліскучая праца, бліскучая. Бо гэта новы жанр у тэатры. Гэта не да канца кіно, гэта нешта па сярэдзіне. Шчыра скажу, што я яшчэ не бачыў такога ўзроўню тэатральным здымкаў ніколі. Магчыма з-за каронавіруса, магчыма па іншай прычыне, нараджаюцца новыя формы тэатру. І спектакль «Пакрыўджаная. Беларусь» у Глівіцах — гэта абсалютна новы, фантастычны, ашаламляльны тэатр. Таму мая адзнака сама высокая з магчымых.
Акрамя Андрэя Курэйчыка, які стварыў п’есу, асобай, адказнай за яе канчатковы выгляд на сцэне, або лепш, у абʼектыве камер Глівіцкага тэатру, быў рэжысёр Ежы Ян Палоньскі, які апрацаваў і змясціў гэты нялёгкі па форме твор у новы каронавірусны тэатральны стыль, калі да звычайных рысаў тэатральнага спектаклю трэба было дадаць працу камеры і спецыфіку новага гледача.
— Гэта не да канца тэатральны фармат. Я б яго назваў пандэмічным фарматам. Нават спадар Дарэк Язерскі, як перакладаў гэтаю п’есу на польскую мову, назваў такую з'яву «фільмам-драмай», формай пасрэднай між фільмам і тэатрам і на мой погляд,у нейкім сэнсе, ён мае рацыю.
Рэжысёр спектаклю не хавае, што ён сам пад вялікім уражаннем ад беларускага народа, які змагаецца за сваю свабоду. Творца падкрэсліў таксама, што сітуацыя, якая склалася ў Беларусі, павінна быць перасцярогай для іншых грамадстваў, каб не дапускаць аўтакратаў да ўлады. Ежы Ян Палоньскі таксама спадзяецца на хуткі канец жахаў, якія адлюстраваныя ў п’есе, хаця, як і сам заўважыў, можа давядзецца чакаць смерці аднаго з герояў спектаклю, каб змены нарэшце адбыліся.
— У нейкі момант гэтая тэма стала нецікавай для СМІ. І праўду кажучы скончылася і нашае зацікаўленне, як сусветнага грамадства. І беларусы былі пакінутыя самі сабе. Не буду хаваць, што і я крыху забыў пра тое, што там адбываецца. І потым, калі мы вырашылі ставіць гэтую п’есу, я пачаў шукаць інфармацыі, увайшоў на НЕХТУ і іншыя крыніцы, дзе я ўбачыў, што ўсё надалей працягваецца. Тады я адчуў нешта, што баюся назваць радасцю, можа гэта не самае лепшае слова. Але я адчуў такую палёгку, што беларусы надалей змагаюцца і не здаліся, а з іншага боку я адчуў смутак, што ўвесь свет забыўся пра беларусаў і яны засталіся сам-насам з гэтым сатрапам. Маю дзіўнае пачуццё, што ён не адыдзе. Як кажа актор у ролі Лукашэнкі ў нашым спектаклі: «Памру, але не аддам». І я баюся, што сапраўды так можа скончыцца.
П’еса ў розных формах была паказаная многімі тэатрамі і артыстычнымі групамі свету. Яна перакладаецца на ўсё новыя і новыя мовы і можа стаць класічным, гістарычным творам мастацтва беларускай рэвалюцыі. Паглядзець спектакль у выкананні Глівіцкага тэатру можна на іх ютуб-канале. Гарантуюцца самыя моцныя эмоцыі і тое, што вы захопіцеся творам Андрэя Курэйчыка ў рэжысёры Ежы Яна Палоньскага.