Калекцыянер з Берасця выдаў каляндар з унікальнай выявай «Пагоні»
Дзяніс Турчаняк выпусціў каляндар на 2015 год з унікальнай выявай старажытнага беларускага герба.
«Гэтая гравюра з маёй прыватнай калекцыі. Знайшоў яе на польскім аўкцыёне. Тады наважыўся пашукаць у інтэрнэце, адкуль яна, а таксама якасны малюнак для друку. Бо для стварэння календара,
вядома, нашмат прасцей выкарыстоўваць не арыгінал, а малюнак, з якога яна была створаная. Высветлілася, што пра гравюру ў сетцы няма ніякай інфармацыі. аб якасным арыгінале, адпаведна, і казаць няма
чаго», — распавёў Дзяніс Турчаняк у інтэрв'ю budzma.by.
Пасля доўгіх пошукаў малюнак з подпісам «Właściwy herb litewski» быў знойдзены ў кнізе «Zrzodlopisma Do Dziejow Unii Korony Polskiej i W. Ksiestwa
Litewskiego».
«Але зноў няўдача. Гравюра, якую я набыў, такога подпісу не мае. Ліст з яе выявай хоць і быў выразаны з кнігі, але з іншай. Таму, верагодна, існуе іншае выданне, знайсці якое я пакуль
не магу.
Я быў бы вельмі рады, калі хто-небудзь зацікавіцца і таксама зоймецца пошукам гэтага выдання ці малюнка. Можна нават сказаць, што гэта — адна з асноўных мэтаў стварэння календара і маіх
чаканняў ад яго.
Гравюра ж, на самой справе, маленькая — 7 сантыметраў, а каляндар я хацеў зрабіць вялікі (фармат А2). Як адсканаваць? Фірму, якая займаецца прафесійнай падрыхтоўкай і сканаваннем
малюнкаў такога роду, знайшоў толькі ў Польшчы. Пасля яшчэ аднаго падарожжа гравюра атрымала сваё лічбавае ўвасабленне», — распавёў ён.
Гравюра «Пагоні» — не адзінае, што выклікае цікавасць у калекцыі Дзяніса Турчаняка.
«У 2007 годзе я ўжо рэалізаваў падобны праект — выданне плана Берасця, датаваны 1740 годам. Надрукаваў яго на італійскай паперы, каб праца мела вялікую мастацкую каштоўнасць.
Каб яе не хацелася павесіць на «шпількі» і выкінуць праз год. Хацелася, каб ён стаў сямейнай рэліквіяй, якую будуць перадаваць нашчадкам.
Каляндар — справа іншая, таму папера тут простая. Але гэта і не тая папера, на якой друкуюць звычайныя календары з кацянятамі», — кажа ён.