Кінафестываль Берлінале раздаў сваіх «мядзведзяў»
«Залатога мядзведзя» Берлінале атрымаў фільм «Таксі».
«Таксі». Рэж. Джафар Панахі, 2015
У сталіцы Германіі ўвечары 14 лютага адбылося ўручэнне прызоў 65-га міжнароднага Берлінскага кінафестывалю. Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Палацы Берлінале. Галоўная ўзнагарода
— «Залаты мядзведзь» — дасталася іранскаму рэжысёру і дысідэнту Джафару Панахі за фільм «Таксі».
У 2010 годзе ў Іране Панахі быў асуджаны за крытыку ў адрас уладаў да шасці гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, цягам 20 гадоў яму забаронена займацца кінематаграфічнай дзейнасцю, а таксама
пакідаць Ісламскую Рэспубліку. У сувязі з гэтым прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджання ў Берліне рэжысёр не змог.
У 2013 годзе стужка Панахі «Апушчаны заслон», знятая ў абыход абмежаванняў уладаў, атрымала на Берлінале «Срэбнага мядзведзя». У гэтым годзе журы на чале са
сцэнарыстам і прадзюсарам з ЗША Дарэнам Аранофскі прысудзіла іранскаму майстру ўзнагароду найвышэйшай пробы.
Стужка расійскага рэжысёра Аляксея Германа-малодшага «Пад электрычнымі аблокамі» ганаравалася на аглядзе ў Берліне «Срэбным мядзведзем» за
выбітны ўнёсак у мастацтва. Гэтай ганаровай узнагародай былі адзначаныя аператары Сяргей Міхальчук і Яўген Прывін, якія распавялі гісторыю аб свеце, што знаходзіцца
на парозе вялікай вайны. Дзеянне стужкі перанесенае ў 2017 год.
Праца над фільмам, які стаў у пэўным сэнсе празорчым, ішла пяць гадоў, яшчэ год пісаўся сцэнар. Каманда Германа-малодшага падзяліла ўзнагароду Берлінале ў гэтай катэгорыі са стваральнікамі
стужкі «Вікторыя» нямецкага рэжысёра Себасцьяна Шыпера.
Журы на чале з Аранофскі падзяліла на дваіх і іншую ўзнагароду Берлінскага кінафестывалю. «Срэбнага мядзведзя» за найлепшую рэжысуру ўдастоіліся полька Малгажата
Шумоўска і Раду Жудэ з Румыніі. Стужка «Цела» распавядае гісторыю аднаго злачынства і няпростых узаемаадносін бацькі-следчага і ягонай хворай на анарэксію
дачкі. Стужка «Брава!» Жудэ пераносіць гледачоў у Валахію пачатку 19 стагоддзя, раскрываючы асаблівасці традыцыйнага ўкладу жыцця ў гэтым рэгіёне на поўдні Румыніі.
Прыз за найлепшы сцэнар атрымаў чыліец Патрысіё Гусман. Ягоны «Перламутравы гузік» напоўнены метафізічным сэнсам і задумваецца над пытаннямі ўзаемаадносінаў
чалавецтва і космасу. Брытанская акторка Шарлота Рэмплінг, якая знялася ў фільме «45 гадоў» Эндру Хэя, была названая на аглядзе ў Берліне найлепшай
актрысай. Гран-пры журы атрымаў вядомы чылійскі майстар — Пабла Ларайну — за стужку «Клуб».
Высновы журы Берлінале традыцыйна не супалі з меркаваннем большасці крытыкаў, якія прадракалі відавочную перамогу фільмам Тэрэнса Маліка «Рыцар кубкаў» і
Пітэра Грынуэя «Эйзенштэйн у Гуанахуата».
dw.de