Класік і міфы

Ці быў Марцінкевіч «Дуніным»? Гэтае пытанне, бадай, найбольш захапіла даследчыка, і на падставе шматлікіх дакументаў ён робіць выснову, што знакаміты паэт Дунінам-Марцінкевічам не быў, і ўзяў сабе «прыдомак», найверагодна, каб «далучыцца да старажытнага роду».

Фота babruysk.by

Фота babruysk.by


Кніга Змітра Дразда «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча» — даследаванне грунтоўнае, інтрыгоўнае, поўнае жывой цікавасці да айчыннай літаратуры, ці, дакладней, — асобы аднаго з найбольш вядомых беларускіх творцаў ХІХ стагоддзя. Крытычныя развагі над даследаваннямі папярэднікаў, чатыры гады працы ў архівах, дзясяткі публікацый у перыядычным друку, і ў выніку — кніга на 570 старонках пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, яго сям’ю, Мінск сярэдзіны ХІХ стагоддзя, дзе вобраз класіка на думку адных чытачоў «дэманізуецца і крыміналізуецца», на думку іншых — проста ўдакладняецца паводле архіўных дакументаў.

Нельга не параўнаць гэтую кнігу з выдатным даследаваннем Генадзя Кісялёва «Жылі-былі класікі: хто напісаў паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»». Тут адчуваецца тая ж бадзёрасць, захопленасць, радасць новых знаходак… Кнігу Змітра Дразда можна аднесці да ўмоўнага жанру «даследаванне-дэтэктыў», бо сярод безлічы дакументаў трэба знайсці тыя, што маюць неабвержнае дачыненне да герояў гісторыі, дазваляюць рэканструяваць падзеі мінулага.

Як у кожным паважаным выданні, разлічаным на ўвагу навукоўцаў, тут ёсць тэксты шматлікіх дакументаў, якія публікуюцца ўпершыню (агулам 165 старонак), і копіі некаторых з іх, спіс апублікаваных дакументаў, асабовы і геаграфічны паказальнікі. Разам з тым, даследаванне чытаецца лёгка, бо Зміцер Дрозд па ўласных словах «часта імкнуўся пісаць не навуковай мовай, а займальна — таму і кніга ў цэлым навукова-папулярная».

Якія таямніцы раскрываюцца ў кнізе?

Першая — загадкавае сваяцтва Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з мітрапалітам усіх рымска-каталіцкіх цэркваў Расійскай Імперыі Станіславам Богуш-Сестранцэвічам. Зміцер Дрозд адзначае, што крэўнага сваяцтва паміж імі не было. «Дачка роднай сястры мітрапаліта Ганны Рыкачэўскай Людавіка выйшла замуж за Яна Марцінкевіча, менавіта ад іх і паходзяць зводныя паэта — брат Ігнаці Марцінкевіч і сястра Францішка». Людавіка была першай жонкай бацькі паэта, і памерла пасля 1781 года. Як сведчаць шматлікія дакументы, Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч апекаваўся сваімі пляменнікамі і дапамагаў сям’і Марцінкевічаў, нават калі Ян Марцінкевіч ажаніўся другі раз — з будучай маці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Марцынянай Нядзвецкай.

Другое важнае ўдакладненне — абвяржэнне міфа пра сіроцкае дзяцінства Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гэты міф грунтуецца на ўласных словах паэта («з дзяцінства асірацелы і маючы нядбайную радню…»). Вінцэнт сапраўды рана страціў бацьку (на час смерці Яна Марцінкевіча яму было толькі 3 месяцы), але яго маці Марцыяна пражыла 62 гады, выдала замуж абедзвюх дачок, жыла з сям’ёй дачкі Алены ў фальварку Юзэфова, дзе і склала тэстамент з улікам інтарэсаў свайго дваццацідвухгадовага сына.

Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча / Зміцер Дрозд. — Вільня: Беларускі дакументацыйны цэнтр, 2018. 572 с.

Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча / Зміцер Дрозд. — Вільня: Беларускі дакументацыйны цэнтр, 2018. 572 с.

Ці быў Марцінкевіч «Дуніным»? Гэтае пытанне, бадай, найбольш захапіла даследчыка, і на падставе шматлікіх дакументаў ён робіць выснову, што знакаміты паэт Дунінам-Марцінкевічам не быў, і ўзяў сабе «прыдомак», найверагодна, каб «далучыцца да старажытнага роду». Зміцер Дрозд адзначае, што ў ніводным з вядомых яму дакументаў прозвішча Дунін-Марцінкевіч «не згадваецца датычна продкаў ці самога Вінцэнта». На просьбу Змітра Дразда спецыяліст Яўген Глінскі выканаў экспертызу дакументаў, якія паэт падаваў у Мінскі дваранскі дэпутацкі сход, каб пацвердзіць шляхецтва. Атрымалася, што з 12 дакументаў 7 — фальшыўкі, 4 — сумнеўныя, 1 застаўся без ацэнкі. Безумоўна, род паэта быў вельмі паважаным, але прыдомкам «Дунін» яго продкі дакладна не карысталіся.

Чацверты істотны момант: Зміцер Дрозд здолеў разблытаць пакручастыя лёсы дачок Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Мы шмат ведаем пра шчырую патрыётку Камілу — піяністку, кампазітарку, удзельніцу нацыянальна-вызваленчага руху. Але жыццё яе сясцёр, імёны якіх нярэдка блыталі даследчыкі, таксама вельмі цікавае. У Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча было чатыры дачкі: Каміла, Элёдыя, Цэзарына і Яўгенія-Эмілія. Жыццю Камілы і Марыі-Элёдыі прысвечаны асобныя раздзелы кнігі.

Чытачы, якія раней не вельмі паглыбляліся ў біяграфію паэта, знойдуць у кнізе безліч іншых цікавостак: пра спадчыну ад ксяндза Валяр’яна Дзюрдзевіча, якую паэт так і не атрымаў, пра сваяцтва (але не крэўнае) Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча з Аляксандрам Пушкіным, пра выбітнага пляменніка нашага паэта — Станіслава Парчэўскага, які выратаваў Адама Міцкевіча і Эдварда Адынца ад смерці, пра праўнучку беларускага класіка Беату-Хрысціну Марцінкевіч, якая насамрэч аказалася яго далёкай пляменніцай...

Шмат увагі надаецца Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу як фальсіфікатару шматлікіх дакументаў аб шляхецкім паходжанні, аднаму з удзельнікаў «сіндыката падробак». У лістападзе 1835 года ён патрапіў у Мінскі турэмны замак праз паказанні аднаго з галоўных фальсіфікатараў Марціна Чапкоўскага — і каля тыдня знаходзіўся за кратамі. 16 верасня 1844 года мінскі губернатар атрымаў данос ад селяніна Юзафа Душкевіча пра тое, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч вырабляе «падложныя» дакументы. Але ў час «экстраннага ператрусу» нічога знойдзена не было.

Ёсць падставы меркаваць, што паэт неаднойчы парушаў закон. Падрабляў дакументы, патрэбныя як доказы шляхецтва. Дрозд нават плануе выдаць кнігу «Падроблена Марцінкевічам». Але ва ўсіх дакументах Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч тлумачыў свае ўчынкі паводле прэзумпцыі невінаватасці: ён дабранадзейны чалавек, які ніколі нічога нядобрага не рабіў і нават не дапускаў у думках, і раптам праз хлусню і паклёпы зацікавіў праваахоўныя органы. Такім чынам, пасля затрыманняў і арыштаў паэт штораз выходзіў сухім з вады, хаця і заставаўся на падазрэнні. Можна меркаваць, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў добрым хітруном, але трэба мець на ўвазе, што жыхары нядаўняй Рэчы Паспалітай не вельмі паважалі царскую ўладу, пра што яскрава сведчаць нацыянальна-вызваленчыя паўстанні. Нават у статусе чыноўніка Расійскай імперыі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, магчыма, не бачыў праблемы ў тым, каб зарабіць на абмежаванасці ці неабачлівасці расійскіх калег. Яго дачка Каміла была больш прынцыповая і катэгарычная, але Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч дакладна не шукаў праблем на сваю галаву.

Знаходзяцца і іншыя дакументы, якія сведчаць, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў далёка не ўзорам дабрачыннасці. Цікавая, напрыклад, гісторыя пра «званы на спачын душы», якія замовілі паэту за нявернутую пазыку. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нават сустрэў людзей, якія неслі яму саван і пахавальныя падсвечнікі. Пасля гэтага здарэння Станіслаў Манюшка ў лісце да жонкі атэставаў творцу як «не да канца сумленнага чалавека» і параіў больш да яго не пісаць.

Безумоўна, наш паэт быў асобай каларытнай, супярэчлівай, і названая кніга дазваляе больш даведацца пра яго жыццёвыя перыпетыі (галоўная з якіх — шлюб з Юзэфай Бараноўскай), удакладніць лад мыслення і сацыяльныя погляды. Да таго ж, кніга Змітра Дразда — гэта кніга пра Мінск Дуніна-Марцінкевіча, бо паміж Панюшкавічамі і Люцынкай неяк губляецца тое, што ў Мінску спадар Вінцэнт правёў нямала часу, і, як прынята пісаць, мінскія вуліцы добра памятаюць крокі паэта.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч працаваў у Мінскім губернскім межавым судзе і ў Рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыі, у 1835 годзе ён стаў сведкам пажару, якія нярэдка здараліся ў горадзе; у Бернардынскім манастыры (цяпер — Свята-Духавым Кафедральным саборы) маладая жонка паэта каля трох тыдняў знаходзілася пад наглядам пасля «падпольнага» шлюбу; недзе ў Мінску была канспіратыўная кватэра Камілы Марцінкевіч — і тут яна выліла начны гаршчок на галаву мінскаму губернатару… Гэты пералік можна доўжыць, і калі найзахапляльная экскурсія пра Мінск часоў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча яшчэ не прапаноўваецца турыстам, то ў бліжэйшы час яна дакладна мае з’явіцца.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і яго сваякі — адметныя героі сваёй эпохі, таму кніга Змітра Дразда прывабіць самых розных чытачоў. Як адзначае аўтар, беларусам ХХІ стагоддзя нецікавыя адназначныя «забранзавелыя» асобы: «Дунін-Марцінкевіч быў нашмат цікавейшым, шматграннейшым, і яго партрэт цалкам немагчыма маляваць толькі белай фарбай. Ён жыў у складаны час, у якім умудрыўся не толькі пражыць вялікае і насычанае жыццё, але і пакінуць нам багатую спадчыну».