Коктыш і Селяшчук у «Добрых мыслях»

У фальварку «Добрыя мыслі» — трэцяя фотавыстава з серыйнага праекту Таццяны Гаранскай і Віктара Маркаўца — «Памяці Міколы Селяшчука». З нязменным аўтарам, знакамітым фатографам Яўгенам Коктышам, чые густоўныя чорна-белыя фотаздымкі нагадваюць то далікатныя графічныя аркушы, то экспрэсіўныя плакаты, то партрэтны жывапіс. 50 фотаработ вяртаюць гэтым разам успамін пра слыннага беларускага мастака пакалення 1970–1990-х гадоў.



1ec3e7af38e33222bde173fecaef6bfa.jpg

У фальварку «Добрыя мыслі» — трэцяя фотавыстава з серыйнага праекту Таццяны Гаранскай і Віктара Маркаўца — «Памяці Міколы Селяшчука». З нязменным аўтарам, знакамітым фатографам Яўгенам Коктышам, чые густоўныя чорна-белыя фотаздымкі нагадваюць то далікатныя графічныя аркушы, то экспрэсіўныя плакаты, то партрэтны жывапіс. 50 фотаработ вяртаюць гэтым разам успамін пра слыннага беларускага мастака пакалення 1970–1990-х гадоў.
У падзеі ёсць і святочны аспект — днямі аўтар здымкаў адсвяткаваў 70-годдзе, хаця гледзячы на энергічнага ўсмешлівага барадача, якога ад імя чытачоў «НЧ» шчыра віншуем з юбілеем, хочацца гаварыць не пра ўзрост. Больш уражваюць творчыя здзяйсненні. За кожнай з трох праведзеных у «Добрых мыслях» выстаў — 1–2 тысячы фотаздымкаў, прысвечаных яе героям. Невыпадкова, што кватэра майстра даўно ператварылася ў своеасаблівы архіў новай гісторыі Беларусі. Асабліва ўражвае тое, што майстру ўдалося захаваць выдатныя калекцыі здымкаў з часоў яшчэ далічбавай фатаграфіі. З тых, калі яму даводзілася лепшыя негатывы адсылаць замоўцам, таму ж маскоўскаму агенцтву «Новости», якое зараз бессаромна гандлюе яго здымкамі ў інтэрнэце.
Папярэднія выставы ў “Добрых мыслях прысвячаліся Васілю Быкаву і Алесю Адамовічу. Знакавыя асобы беларускай культуры, якія, здавалася, заўсёды былі навідавоку ў віры грамадскага жыцця, але стварыць такую фотагалерэю, летапіс іх жыцця давялося толькі Яўгену Коктышу.
Сябры Міколы Селяшчука, што прыйшлі на адкрыццё экспазіцыі, прыгадвалі: прыязныя творчыя дачыненні паміж Быкавым, Адамовічам і адносна маладымі мастакамі ўсталёўваліся менавіта дзякуючы Коктышу.
Маладыя і мэтры
Наколькі істотнай для мастакоў была сяброўская цёплая падтрымка ўжо знакамітых пісьменнікаў — можна толькі здагадвацца. Яўген Коктыш прыгадвае эпізод, калі ў 1980-х яго запрасіў Анатоль Сульянаў, генерал-маёр, кіраўнік палітупраўлення БВА і пісьменнік, зрабіць фотаздымкі яго разам з Адамовічам і Быкавам на кургане Славы. Хоць выбраліся на шыкоўнай генеральскай машыне, добра прамерзлі на вятры на кургане. І на зваротным шляху Быкаў прыгадаў пра карціну мастака, якая ўразіла яго на нядаўняй выставе. Вырашана — едуць у майстэрню да Селяшчука. І вось ужо сам Быкаў вядзе экскурсію па майстэрні, пераходзячы ад палатна да палатна і даючы суразмоўцам свае мастацтвазнаўчыя тлумачэнні. Кола сяброў і наведвальнікаў майстэрні — тут жа на здымках Коктыша ў “Добрых мыслях: Уладзімір Някляеў, Рыгор Барадулін, мноства мастакоў, крытыкаў, журналістаў, проста шчырых і добрых людзей.
Якая карціна так прывабіла Быкава? Мала хто мог даць на юбілейныя патрыятычныя выставы такія творы, якія найперш гаварылі пра сваё асабістае — і адначасна выклікалі, правакавалі значныя для грамадства пытанні. Можа, палатно “Вярнуліся (1985), дзе, стылізаваныя, як на старым фотаздымку, паўсталі дзве постаці ветэранаў вайны? А можа, карціна “Канец сезону туманоў (1985, фактычна партрэт першай жонкі, маладой жанчыны на фоне амаль пустэльнага краявіду), чый загадкавы вобразны свет прымусіў мінскую публіку задавацца пытаннем: сезон туманоў — гэта эпоха брэжнеўскага застою?
Кажуць, трапіўшы ў калекцыю тагачаснага сакратара Мінскага гаркама КПБ, а затым міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі, твор зрабіўся своеасаблівым пропускам для Селяшчука ў Еўропу: мастак атрымаў дазвол на замежныя выставы, яго карціны пачалі выгодна прадавацца. А можа самотніку Быкаву прыйшоўся да спадобы твор “Матылькі тут не жывуць — шчымлівы метафарычны партрэт чалавечай адзіноты? Пра раз’яднанасць людзей у быццам бы шчаслівым савецкім грамадстве так выразна Селяшчук першым сказаў у беларускім жывапісе.

1_0.jpg

Мікола Селяшчук, Уладзімір Савіч, Міхась Раманюк... Каляды–1980 у Заслаў’і.


Галерэя жыцця
На большасці фотаздымкаў Яўгена Коктыша — Селяшчук, вясковы хлопец з-пад Маларыты, які так натуральна зрабіўся арганічнай часткай сталічнага культурнага жыцця, застаўся з прыязнай адкрытай усмешкай на твары. Вось ён у майстэрні, а вось побач са сваім настаўнікам, Васілём Шаранговічам — адукацыю ў Акадэміі мастацтваў, тагачасным Тэатральна-мастацкім інстытуце, ён атрымаў як майстар кніжнай і станковай графікі. Адсюль, з моцнай плыні новага беларускага графічнага мастацтва, разам з захапленнем імпрэсіяністамі, сюррэалізмам і іншымі сучаснымі з’явамі актуальнай еўрапейскай культуры, якое падтрымліваў яго старэйшы сябра мастак Георгій Скрыпнічэнка, — загадкавасць і неадназначнасць жывапіснага ладу карцін Селяшчука. Графіка давала свабоду эксперыменту, які мастак пераносіў на вялікае палатно, насычаючы яго дзіўнымі фальклорнымі вобразамі.
На адным з фотаздымкаў — Селяшчук разам з Уладзімірам Савічам і Уладзімірам Тоўсцікам побач з Палацам мастацтваў на вуліцы Казлова ў Мінску — насупраць іхняй агульнай майстэрні над крамай “Акіян. “Я жыву над акіянам, — паўжартам казаў Мікола ў тыя часы. Усе трое — выдатныя, знакавыя постаці ў беларускім мастацтве ХХ стагоддзя, чыя супольнасць узбагаціла творчы почырк кожнага паасобку. З акіяну іх мастацкіх знаходак чэрпае натхненне не адзін сучасны беларускі акадэмік: работы Селяшчука дагэтуль разыходзяцца на вобразныя цытаты.
Яшчэ здымкі: Мікола з дзяўчынамі, мадэлямі з Беларускага дома мод, яны потым пераўтвараліся ў загадкавых прыгажунь яго палотнаў — і ў гераінь фотапартрэтаў Коктыша, які і заахвочваў паненак да працы з мастаком. А вось фальклорныя святы ў Заслаў’і, што ядналі ў тыя гады мноства маладых беларускіх інтэлектуалаў.

2_1.jpg

З Маргарытай Шчэмелевай. Купалле ў Заслаўі. 1978.


Вяртанне пазык
Гутарка сяброў, знаёмых, Селяшчука, мастацтвазнаўцаў і экспертаў за круглым сталом на адкрыцці фотавыставы закранула няпростыя пытанні, якія засталіся пасля трагічнай гібелі мастака летам 1996 года на Цірэнскім моры ў Італіі. Паехаў у краіну класічнай мастацкай культуры, пазнаёміцца з якой так марыў, і не вярнуўся. А ў Мінску дагэтуль цяжка пабачыць яго творы. Яны разышліся па прыватных зборах, трапілі за мяжу.
У гэтыя дні ў Нью-Йорку адбываецца выстава-аўкцыён, дзе прадстаўлена каля 20 карцін Селяшчука. А ініцыятыва арганізаваць прысвечаны яму фонд і калекцыю адразу ў 1996-м натыкнулася на перашкоды: правы ўласнасці, кошт твораў, пошук памяшкання. 14 гадоў чакае выдання адзіная манаграфія творчасці, падрыхтаваная крытыкам Валянцінай Трыгубовіч пры непасрэдным удзеле самога Селяшчука. Перад апошнім яго ад’ездам з радзімы, здавалася, усё было гатова да яе здачы ў друк. Раптоўная смерць спыніла працу.


А выдадзены Наталляй Шаранговіч 335-старонкавы альбом-каталог і зборнік успамінаў «Мікола Селяшчук. Гучанне музыкі нябёсаў» (2007) ахоплівае не ўсе звязаныя з творчасцю мастака матэрыялы.
Фатаграфія — схоплены момант мінулага, архіў гістарычнай памяці, з’ява мастацтва, калі да яе дакранаецца рука і пачуццё такога адмыслоўцы, як Яўген Коктыш. «Добрыя мыслі» з Таццянай Гаранскай і Яўгенам Коктышам увосень плануюць прадоўжыць фотападарожжа па вяршынях айчыннай культурнай спадчыны. У планах стварэнне галерэй-успамінаў пра музыку Уладзіміра Мулявіна, актрысу Стэфанію Станюту, скульптара Анатоля Анікейчыка.