Лявон Вольскі: Як пераадолець залежнасць ад расійскай інфармацыйнай прасторы
Што рабіць, калі любімыя акцёры, рэжысёры ці музыкі раптам пачынаюць знянацку ўхваляць Сталіна і расійскую вайну супраць Украіны? Змяніць стаўленне да былых «куміраў»? Ці перастаць жыць у расійскім інфармацыйным полі? Разважае Лявон Вольскі.
Мы заўсёды жылі і працягваем жыць у чужым інфармацыйным полі. Расейскія тэлеканалы, расейскія сайты фармуюць густы, грамадзкую думку, меркаваньні. Людзі выдатна разьбіраюцца ў расейскай музыцы, літаратуры, кінематаграфіі, палітыцы. Людзі глядзяць расейскіх журналістаў і блогераў. Ды чаго там, нават рэцэпты глядзяць на расейскіх сайтах! Для людзей гэта звыкла, звычайна, маўляў, а чаго вы хочаце, так, мы глядзім і чытаем расейскае, бо яно цікавейшае, лепшае, разнастайнейшае! Ну, глядзіце, чытайце, піша музыка ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org.
Улюбёныя фільмы і ўнутраны канфлікт
І раптам — раз! — і жорсткае расчараваньне! Вось вы цытуеце герояў «Сабачага сэрца» (натуральна, вы не чыталі кнігу, але неаднаразова глядзелі фільм, зьняты ў 1988-ым рэжысэрам Борткам, фільм вам вельмі падабаецца), а рэжысэр зьнянацку пачынае ўхваляць Сталіна і расейскую вайну супраць Украіны. Што цяпер рабіць? Не пераглядаць улюбёны фільм? Забыцца на шакавальныя выказваньні рэжысэра? Ставіцца да яго як да чалавека асобна, а да ягонай творчасьці — асобна? Ці гэта магчыма?
Ці вось такая сытуацыя. У дзяцінстве-юнацтве вам падабаліся расейскія сэрыялы. Якая-небудзь «Брыгада», напрыклад. І вось вы бачыце, як акторы, якія выконвалі галоўныя ролі, пачынаюць прамаўляць абсалютна дзікія рэчы пра ўкрафашыстаў, жыдабандэраўцаў, немінучую перамогу расейскае зброі і іншае трызьненьне. Што рабіць? Выкрэсьліваць з памяці ўлюбёныя кадры сэрыялаў з гэтымі акторамі? Нейкі ўнутраны канфлікт атрымліваецца.
Незасвоены ўрок бутусавых-сукачовых і расчараваньне ў рускім року
Ці вось яшчэ. Змалку вы слухалі рускі рок. Вам падабаўся таямнічы Бутусаў, агрэсіўны Кінчаў, рок-н-рольны Шахрын, боўдзілаваты Сукачоў — карацей, вось гэта вось усё. І тут вы са зьдзіўленьнем назіраеце, як гэтая дружная кампанія выкрыквае мілітарысцкія лёзунгі і едзе ў тур з канцэртамі за вайну. Маўляў, бамбіце Ўкраіну, усё слушна! Вы гадаваліся на гэтых песьнях, на «Шары колеру хакі» «Наўтылусу», а тут той самы пэрсанаж, які сьпяваў гэтую антываенную песьню, грае тур за вайну! Нейкі абсурд, сьвет страціў розум! І гэта пры тым, што ўсе гэтыя бутусавы-сукачовы гадаваліся, у сваю чаргу, на антываенных песьнях эпохі хіпі 1960-х — 1970-х — Джона Ленана, Піта Сыгера, Боба Дылана — і, атрымліваецца, не засвойталі ўрок. Усё было дарэмна.
Што вам з усім гэтым рабіць? Чысьціць фанатэку і памяць? Ці забыцца на іхную цяперашнюю пазыцыю і паспрабаваць ня блытаць іх, маладых, зь імі цяперашнімі? Ці яно магчыма?
На маё шчасьце, я ніколі не фанацеў ад «Наўтылусу» ці «Чайфу». Слухаць-слухаў (бо як не паслухаеш, калі яно — паўсюль!), але не заўзеў. Таму й расчараваньне маё ў гэтых выканаўцах не было горкім ці жорсткім. Я нават ня маю плытак зь песьнямі гэтых людзей, іх няма ў маіх плэйлістах. Зрэшты, калі мне было 14 гадоў, я патрапіў на канцэрт «Машыны часу» ў менскі Палац спорту і на некаторы час зафанацеў. Але Макарэвіч не падвёў. Не расчараваў. Дзякуй яму за гэта!
А падумайце — як цяпер украінцам, якія таксама слухалі нейкага там Сукачова, а ён цяпер ухваляе бамбаваньні іхных гарадоў і забойствы іхных дзяцей?
Маскі знятыя
Расея можа быць надта прывабнай. Уся гэтая клясычная й сучасная літаратура, выяўленчае мастацтва, балет, музыка — таксама клясычная й сучасная, журналістыка, філязофія, поп-культура... Але раптам нейкі лысы дзядок пачынае вайну, і большасьць дзеячоў культуры, да якіх прыслухоўваюцца, якіх нехта лічыць прыкладам, скідаюць зь сябе цывілізаваную лагодную маску і выскаляюцца ў рыку «гойда!!!».
Не, не пратэстуюць, як амэрыканскія зоркі падчас в’етнамскай ці то ірацкай войнаў, не! Ухваляюць! Натхняюць расейскіх жаўнераў на «ратныя подзьвігі».
Што рабіць беларусам
Ясна, што ў новай Беларусі ня будзе рэтрансьляцыі расейскіх тэлеканалаў і дамінанты імпэрскага сьветапогляду «старэйшага брата». Але што рабіць цяпер? Мы ж пакуль маем тое, што маем.
Што тут параіць? Хіба што банальнае: слухай, глядзі, чытай сваё!
Вы адкажаце: «А мне гэтае «сваё» не падабаецца, яно нейкае не такое!». Тады будзьце гатовыя да таго, што ваш кумір скажа замест «Love, Peace, Rock-n-roll» — «Ненависть, Война, патриотическая песня».