Маці Божая Апякунка Беларусі
У самыя доўгія летнія дні і кароткія ночы штогод усё болей хрысціян розных канфесій і проста неабыякавых да прыгажосці людзей з Беларусі і з-за яе межаў кіруюцца ў запаветны куток на поўначы Міншчыны. Паломнікаў і турыстаў вабіць санктуарый Божай Маці Будслаўскай, цудоўны абраз і велічны касцёл, упрыгожаны фрэскамі і не менш знакамітым, чым абраз, разьбяным алтаром. Будслаў — рэдкае ў Беларусі месца, дзе слава цудадзейных святыняў спрачаецца з іх мастацкай дасканаласцю.
У самыя доўгія летнія дні і кароткія ночы штогод усё болей хрысціян розных канфесій і проста неабыякавых да прыгажосці людзей з Беларусі і з-за яе межаў кіруюцца ў запаветны куток на
поўначы Міншчыны. Паломнікаў і турыстаў вабіць санктуарый Божай Маці Будслаўскай, цудоўны абраз і велічны касцёл, упрыгожаны фрэскамі і не менш знакамітым, чым абраз, разьбяным алтаром. Будслаў
— рэдкае ў Беларусі месца, дзе слава цудадзейных святыняў спрачаецца з іх мастацкай дасканаласцю. У гэтым годзе ў свяце, якое прайшло 1–2 ліпеня пад дэвізам “Марыя
— выбраная дачка Айца Нябеснага, узяло ўдзел больш за 50 тысяч вернікаў з Беларусі і суседніх краін, толькі на ўрачыстай месе прысутнічала 17 тысяч чалавек.
Падарунак Аляксандра
Гісторыя Будслава пачыналася ў 1504 годзе, калі Вялікі князь Аляксандр падараваў віленскаму кляштару бернардынцаў сваім прывілеем паселішча Буду і 600 моргаў лесу над ракой Сервеч. Толькі што
скончылася спусташальная вайна з маскоўскім князем Іванам ІІІ, якая прывяла да агромністых страт на ўсходзе дзяржавы, пазбегнуць якой не дапамог нават шлюб Аляксандра з дачкой Івана ІІІ Аленай. Можа,
невыпадкова ў 1504-м краіну пакінуў юнак Францыск Скарына, едучы навучацца ў Кракаўскі універсітэт. Далей ад турботаў татарскіх набегаў з Крыму, што будуць пляжыць землі ВКЛ у наступныя гады.
Выставіць храм у атрыманых валаданнях бернардынцам давялося не адразу — толькі ў 1589 годзе паўстаў драўляны касцёл і кляштар, замяніўшы невялікую драўляную капліцу, што стаяла з 1530-га. А
сапраўдная прыцягальнасць і слава Будслава пачалася са з’яўлення тут знакамітай выявы Маці Божай з дзіцяткам Хрыстом. У адрозненне ад большасці сакральных святыняў нашай краіны, гісторыя
выявы Багамаці, якая прыцягвае на поўнач Міншчыны бясконцую плынь паломнікаў, добра вядомая дакументальна — з надпісу на адвароце палатна, на якім вобраз намаляваны алейнымі фарбамі ў
традыцыях рэнесанснага мастацтва. А таксама з касцельных дакументаў і прысвечаных цудатворнаму абразу кніг, першай з якіх стаўся вопіс 42 цудаў, якія здарыліся пасля 1617 года разам з гісторыяй
шэдэўра, складзенай прыёрам Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі» (Вільня, 1650).
Абраз, пра што запісана ў хроніцы кляштара, папа Клімент VIII падараваў у Рыме ў 1598 годзе мінскаму ваяводзе Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Вельмі шанаваны новым гаспадаром
абраз падарожнічаў з ім увесь час да самай смерці ў 1610-м, калі перайшоў да яго капеляна Ісака Салакая. Наведаўшы Будслаў у 1613 годзе і ўражаны набажэнствам, Салакай ахвяраваў выяву Марыі з Хрыстом
касцёлу, а сам застаўся ў кляштары і “ў законе св. Францішка сваё жыццё закончыў.
Маці Божая Будслаўская
Абраз — не проста прыгожая выява жанчыны ў белым галаўным уборы, чырвонай сукні і аздобленым карункамі зялёным плашчы-мафорыі, якая трымае на руках апранутага ў цёмна-жоўты плашч дзіцятка
Хрыста, выкананая мастаком з характэрнай для жывапісу новага часу пластычнасцю і мяккасцю. Прыгажосць жывапісу прыхаваная пад падарункам пашаны — срэбнай шатай-сукенкай і ажурнай рамай,
работай бернардынцаў-злотнікаў Плонскага і Росмана, створанай і ахвяраванай у сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. На срэбнай пласцінцы праглядае плод граната, які Хрыстос падае Маці левай рукой — знак
сімвалізму рэчаў, якім поўніцца мастацтва Рэнесансу: вобраз жыцця, адзінай царквы і яе шматлікіх вернікаў, згуртаваных, бы зярняткі ў сакавітым чырвоным плодзе.
Слаўная цудамі
Моцная вера рабіла незвычайныя цуды з тымі, хто звяртаўся да апекі Будслаўскай Божае Маці. У 1617 годзе яна вярнула зрок пяцігадоваму Язафату Тышкевічу, якога ўдзячныя бацькі пакінулі на служэнне ў
кляштары.
У 1632 годзе — дапамагла вызваленню палоненага ў паходзе на Маскву Яна Вронскага, ротмістра з харугвы вялікага гетмана Яна Кішкі, пасля малельнай просьбы яго сябра Лукаша Уладоўскага, які
ахвяраваў залатую карону на галаву немаўляткі Хрыста на абразе.
У 1638-м — ажывіла чатырохгадовую Сафію Бужынскую, якая ўтапілася ў сажалцы. І гэтаксама дзесяткі разоў — вяртала здароў’е, гаіла раны, вызваляла ад душэўных пакут людзей
рознай веры, каталікоў і праваслаўных, кожнага па ягонай веры.
У 1633–1643 гадах удзячны за дапамогу абраза Ян Кішка разам з віленскім прыёрам Фларыянам Калецкім фундавалі першы сціплы мураваны храм, які зараз захаваўся як капліца св. Барбары пры
вялікім касцёле. Сучасны даследчык будслаўскай святыні Аляксандр Ярашэвіч па дакументах назваў імя дойліда — Андрэй Кромер з Полацка — веры рускай, нацыі нямецкай. Немец, які прыняў
у Беларусі праваслаўе. Будслаўская святыня мацавала адзінства хрысціянскай веры ў нашай краіне.
Шэдэўры старадаўняга мастацтва
Не меншым цудам за тыя, пра якія вернікі пакідалі ўдзячныя запісы ў шматлікіх паперах, калісьці прымацаваных да сцен храма, стаўся цуд працы чалавечых рук — урачысты і велічны разьбяны алтар
з драўлянымі залочанымі постацямі святых, якія рытмічна размешчаны ў два ярусы на цёмна-зялёным фоне: у нішах паміж стройнымі карынфскімі калонамі і на дэкаратыўна разарваным карнізе. Стыль
грандыёзны, вельмі святочны, калі элементы разьбы ў пазалоце і серабрэнні ззяюць у алтарах, як каштоўныя камяні на цёмным аксаміце, квітнеў у Беларусі ў першай палове ХVІІ стагоддзя і ўвасобіўся ў
аздабленні дзесяткаў храмаў.
Алтар 1649
Але вось бяда — полымя варварскіх казацкіх набегаў і вайны са Швецыяй і Масквой сярэдзіны ХVІІ стагоддзя не пашкадавалі большасць скульптурна-архітэктурных ансамбляў: залочаная драўніна
гарэла. Падаецца, сама Маці Боская Будслаўская, змешчаная ў выраблены майстрам Пятром Грамелем новы алтар мураванага храма ў 1649 годзе, ратавала яго ад бяды. І пакінула даследчыкам загадку: якім
чынам у кампазіцыі беларускага алтара прыём аптычнага пераўтварэння прасторы коштам змены маштабу архітэктурных элементаў, такі ўлюбёны ў мастацтве барока, быў скарыстаны на 20 год раней за
знакамітую “Скала Рэджыа, каралеўскую лесвіцу ватыканскага палаца работы Ларэнца Берніні ў Рыме?
Калоны крылаў алтара, павернутых да гледача пад вуглом, з кожнай парай робяцца вышэйшымі, як і скульптуры, прымушаючы зрокава ўяўляць алтар больш маштабным і глыбокім, а сцены невялікага храма
— візуальна рассоўвацца. Адна з гіпотэз пра мастацкую інспірацыю беларускага шэдэўра гаворыць пра кампазіцыйную блізкасць яго структуры да трыумфальнай брамы з порцікам 12 імператараў,
выстаўленых па праекце вялікага Рубенса з нагоды ўезду інфанта Фердынанда Аўстрыйскага ў Антверпен у 1635 годзе. Яе выява захавалася ў медзярыце Т. ван Тудэна з 1642 года.
Толькі постаці імператараў у Будславе заступаюць фігуры продкаў Хрыста і Яна Хрысціцеля, ад цара Давіда і прарока Аарона, прэзентаваных ва ўрачыстых паставах, падобна галерэям сямейных
партрэтаў, што былі звыклым упрыгажэннем беларускіх магнацкіх замкаў. А на карнізе — падстаўлены нябесныя апекуны Літвы І Польшчы, св. Казімір і св. Станіслаў. Іншая гіпотэза ўказвае на
італьянскі след мастацкіх перайманняў: графічныя архітэктурныя праекты Джавані Батыста Мантаны (1543–1621), выдадзеныя ў 1624 годзе ў Рыме яго вучнем Джавані Сор’я.
А паміж ідэяй перспектыўнага алтара і яе ўвасабленнем у Будславе разьбяром Грамелем ляжаў праект яшчэ аднаго італьянца, прыдворнага майстра караля і вялікага князя Уладзіслава IV Вазы Джавані Баціста
Гіслені, які плённа працаваў у Рэчы Паспалітай у сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. Так у Будславе, стварыўшы непаўторнае атачэнне выявы Божай Маці, паўстаў першы свайго кшталту на землях Літвы і Кароны алтар
з аптычнай перспектывай — шэдэўр скульптуры стылю барока. І вось яна — сіла мастацтва — дагэтуль сярод паломнікаў існуе перакананне, што дотык рукою да кожнай з постацяў
святых у алтары нясе аздараўленне. Праўда, пацёртая пазалота скульптур сведчыць: дотык варта замяніць малітвай і сузіраннем.
Жыццё ў стагоддзях
У 1767–1783 гадах устыч са старым касцёлам бернардынцы ўзнеслі новую трохнефную базіліку Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, чый двухвежавы фасад пластычнай сімфоніяй калон, пілястраў,
карнізаў і фігурных нішаў узносіцца над галоўнай Краснай плошчаю мястэчка. Будслаўскі абраз даўно заняў месца ў яго галоўным алтары, набываючы ўсё большую вядомасць, часова зменшаную толькі
скасаваннем кляштару ў 1859 годзе расійскай уладай. У міжваенны час ён увайшоў у лік дзесяці цудадзейных выяваў Божай Маці ў Віленскай дыяцэзіі, разам з касцёлам шчасліва пазбег знішчэння пасля
прыходу ў 1939-м Саветаў.
Новы касцёл 1767–1783
Аднаўленне незалежнасці Беларусі расставіла ўсё на свае месцы. У 1992 годзе ў Будслаў да Багародзіцы рушылі першыя афіцыйна дазволеныя пілігрымкі. 2 ліпеня 1996-га ў папскім пасланні Яна Паўла ІІ
Маці Божая Будслаўская была абвешчана патронкай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — апякункай Беларусі. А ў 1998-м на абраз ляглі адмысловыя папскія кароны.
Тысячы людзей ідуць у Будслаў, каб убачыць дзівосную прыгажосць велічнага санктуарыя, створанага рукамі геніяльных мастакоў. Каб адбыць урачыстую імшу і прайсці з запаленымі свечкамі ў начным шэсці
па пляцы перад касцёлам, калі, здаецца, вогненная рака цячэ следам за абразом. Каб прыгадаць старонкі гісторыі, станаўленне тут беларускага школьніцтва ў Будслаўскай гімназіі, паўсталай у 1917 годзе.
І славутых ураджэнцаў гэтых мясцін — купалаўскую “Паўлінку, Паўліну Мядзёлку, старшыню Рады БНР на эміграцыі, у Канадзе, Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Паўтарыць словы малітвы
да Маці Божай Будслаўскай: “…Апякунка наша, Каралева наша, дапамагай нам, кіруй намі, апякуйся намі. Тваёй абароне аддаемся, святая Маці Божая. Амен. У 2013 годзе
споўніцца 400 год, як над Будславам свеціць яе незгасальная зорка.
Гэта ўсё варта бачыць і ведаць, бо з малых старонак малых мястэчак і вёсак складаецца вялікая гісторыя краіны.