«Marginalis»: палі ў кнізе і прага да таямніц

Вы ведаеце, чаму мне спадабаўся чарговы раман Кірыла Стаселькі?

8xnf3_vxmkq.jpg


З першых старонак раман захапляе сваёй таямнічай атмасферай. У аўтара вельмі лёгкі стыль, рытм дазваляе праглынаць старонку за старонкай.

Усе героі аб’яднаны агульнай думкай, але ў тэксце вы не зразумееце, хто галоўны герой: яго няма, таксама няма галоўнага месца дзеяння і часу дзеяння.

Чаму раман носіць такую назву? У першапачатковым значэнні значэнні мarginalis — гэта палі ў кнізе, якія напаўняліся арнаментам, малюнкамі, зараз на гэтых палях робяцца календары, нататкі. У рамане ўсё тое, што адбываецца на палях, становіцца нават больш важным, чым сама кніга.

Ніхто не ведае, што напісана ў старажытнай кнізе, але для чытача галоўнае — гэта не загадкавая кніга, а тое, што адбываецца на палях — тыя падзеі і тыя персанажы, якія валодалі гэтай кнігай або былі звязаныя нейкім чынам з яе ўладальнікамі.

Гэты раман філасафічны, але на яго старонках знайшлося месца гвалтам, каханню, забойствам. Для сучаснага чытача — гэта заўсёды будзе цiкава, бо вызывае эмоцыi. Чытаючы кнігу, я плакала і ўсміхалася, ненавідзела некаторых персанажаў і захаплялася магчымасцямі іншых.

Гісторыі зачапляюць, прымушаюць задумацца, знайсці адказы на пытанні, якія ты даўно не можаш адшукаць. На жаль, усе ўладальнікі старадаўняй кнігі, якая перадаецца з рук у рукі і вабіць герояў, забывалі пра сябе, гублялі свой твар перад дзікай смагай усведамлення таямнічых знакаў.

Спадабалася, што аўтар вельмi ўдала аб'яднаў персанажаў, таму было адчуванне, што ўсе яны трапілі ў гэта павуцінне загадак невыпадкова. Усе яны звязаны прагай да разгадкі таямнiцы.

Інтэрпрэтацыя і разуменне, расшыфроўка тэксту і перадача наступным пакаленням была немагчымай, але нікому з герояў нават не прыходзіла думка пра тое, што важна жыць тут і цяпер, шанаваць усё, што дае табе сусвет. Людзі, апантаныя мэтай прачытаць кнігу і патлумачыць яе, не заўважалі, як трацілі на гэта ўсё сваё жыццё, а часам і аддавалі яго на алтар смерці...

Самае галоўнае пытанне ў рамане: як не страціць сябе ў пошуку адказаў на самыя складаныя пытанні. Раман вучыць нас берагчы кожны момант, якi дае жыццё, кожную ранiцу, кожны вечар, кожную сустрэчу з блізкімі і роднымі.

Самы цяжкi i кранальны кавалак для мяне — гэта эксперымент, які праводзілі над 100 маладымі людзьмі з дзіцячых дамоў. Можна правесці паралель з раманам “1984”, але калі ў Оруэла з цябе робяць савецкую марыянетку, то ў “Marginalis” моладзь прыходзіць да ўтопіі, а ідэя пабудаваць прыгожае і добрае савецкае камуністычнае грамадства правальваецца.

Але як жа спынiць сваю прагу да таямнiц? Напэўна, гэта немагчыма. Ва ўсякім разе не сёння і не ў гэтай гісторыі.