«Матухна Кураж і яе дзеці». Героі Брэхта заспявалі па-беларуску

У Мінску адбылася прэм'ера спектакля «Матухна Кураж i яе дзецi».



kurazh.jpg

«Хроніка часу трыццацігадовай вайны» на мінскай сцэне. Героі нямецкага паэта і драматурга Бертольта Брэхта ўпершыню загаварылі і заспявалі па-беларуску.
У грымёрцы Палаца культуры прафсаюзаў поўная цішыня. Актрыса Алена Сідарава, вядомая па ролях у спектаклі «Чайка» і «Тры сястры», настройваецца перад выступам. У п'есе «Матухна Кураж i яе дзецi» яна іграе галоўную ролю ─ Ганну Фірлінг.
Побач яе каляжанцы, Алене Мазгавой, робяць прычоску. Праз некалькі хвілін акторка паўстане перад гледачом у ролі жанчыны лёгкіх паводзін — Івэты. Ад інтэрв'ю артысткі адмаўляюцца: не да гэтага — трэба сабрацца з думкамі. Як-ніяк, на носе прэм'ера.
У калідоры закулісся шматлюдна. Міма прайшоў адзін з сыноў матулі Кураж, побач прабег шведскі ваеначальнік, а вось і сам рэжысёр спектакля Міхаіл Лошыцкі. Дарэчы, з творчасцю нямецкага драматурга ён знаёмы ўжо даўно. Мінскія тэатралы памятаюць Міхаіла па пастаноўцы «Мяшчанская вяселле» Брэхта.
— Я выбіраў не пісменніка, я выбіраў праблему, якая мяне трывожыла. П'еса падалася актуальнай, асабліва ў сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне — гэта і служыла пунктам адліку выбару. Тэмы, закранутыя ў спектаклі, дастаткова шматслойныя. Акрамя антываеннай ідэі, тут закрануты трагедыя маленькага чалавека, праблема маральнага выбару і многія іншыя. На мой погляд, у наш час тэатр страціў грамадзянскую пазіцыю. Я і ўсе мае паплечнікі пастараліся яе абазначыць. Якую, вы зараз ўбачыце, — распавёў рэжысёр.
Да яго спектакль «Матухна Кураж і яе дзеці» у Беларусі ставілі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага больш за сорак гадоў таму. У 2015 «Матухна Кураж» здабыла другое жыццё ўжо на беларускай і ў іншым жанры — як музычная камедыя. На родную мову твор пераклаў пісьменнік і сцэнарыст Генадзь Бураўкін.
На спектаклі назіраўся сапраўдны аншлаг. Больш за дзве гадзіны публіка ўважліва сачыла за развіццём дзеяння.
На сцэне — фургон Матухны Кураж. Разам з ім глядач, перамяшчаючыся ў часе і прасторы, становіцца сведкам страшных падзей. Але ў вачах публікі не заўсёды чытаецца жах, часам зала гучна смяецца.
Казаць пра складаныя часы з вострым гумарам досыць складана — ім атрымоўваецца. Склад акцёраў, што называецца, зорны —  зборная трупа «Тэатра Ч». Яна была заснавана ў 2013 годзе як свабодная прастору для рэалізацыі смелых творчых амбіцый і для падтрымкі таленавітых акцёраў і рэжысёраў. Першай іх пастаноўкай стаў спектакль «Дзяды», сучасная інтэрпрэтацыя класічнай паэмы Міцкевіча. Гэтак жа, як фургон Матухны Кураж не мае пастаяннага прытулку, у «Тэатра Ч» няма пастаяннай сцэны. На працягу трох месяцаў перад прэм'ерай акцёры рэпетавалі па начах, ноччу сцэна вольная.
Бяссонныя ночы не прайшлі дарма. Гульня артыстаў зачароўвае. Яны ўздзейнічае на гледача нават без слоў. Калі дачка Матухны Кураж, нямая Катрын, плачам выконвае песню, па спіне мурашкі бягуць. Гераіню іграе акторка Надзея Анціповіч. (Вы маглі бачыць яе ў спектаклі «Не ўсё кату масленіца», «Задураны апостал» і «Шчасце маё» Новага драматычнага тэатра).
Дарэчы, музыка тут не суправаджальны элемент п'есы, а галоўная дзеючая асоба. У пастаноўцы аўтарскія кампазіцыі індзі-рок гурта «ili-ili». У 2013 г. яе ўдзельнікам уручылі «Нацыянальную музычную прэмію» за лепшую песню на беларускай мове. Таксама ў спектаклі гучыць музыка гурта NAKA.
У канцы п'есы гледачы апладзіруюць стоячы — лепшая ўзнагарода для артыстаў. Пацверджанне гэта таго, што публіка пагадзілася з усімі думкамі, выказанымі ў спектаклі? Думаю, так. Але адназначна сказаць складана. Зрэшты, рэжысёр і акцёры не імкнуліся навязаць сваё меркаванне, іх задача — прымусіць задумацца.
Пастаноўку яшчэ не раз пакажуць у Палацы культуры прафсаюзаў. Хочацца пажадаць творчаму калектыву, каб усе спектаклі «Матухна Кураж i яе дзецi» сустракалі як сённяшнюю прэм'еру: куражом — эмацыйным уздымам і апладысментамі.
interfax.by