Мерыдыяны і паралелі «Беларускага глёбуса»

Гэты від фанаграфічнай прадукцыі займае трывалае другое месца ў рэйтынгу самых папулярных дыскаў пасля альбомнай прадукцыі. Для яго абазначэння апошнім часам у беларускай мове з’явіўся спецыяльны тэрмін — «складанка».



a96d3afec184766bfeca7a9f989fc7e7.JPG

Гэты від фанаграфічнай прадукцыі займае трывалае другое месца ў рэйтынгу самых папулярных дыскаў пасля альбомнай прадукцыі. Для яго абазначэння апошнім часам у беларускай мове з’явіўся спецыяльны тэрмін — «складанка».
Так, выпуск складанак — гэта своеасаблівы маркетынгавы ход з выдавецкага арсеналу музыкаў і прадзюсераў, які дапамагае ім пашырыць слухацкую аўдыторыю і знайсці новых прыхільнікаў беларускай сучаснай музыкі. У той жа час удзел у складанках дазваляе маладым гуртам насамрэч адчуць эфект прысутнасці ў нацыянальным рок-руху, а таксама асэнсаваць свой музычны стыль, узважыць свае набыткі і недахопы ў параўнанні з іншымі выканаўцамі.
Першай складанкай трэба лічыць дыск «Вольныя танцы. Слухай сваё», які выдала «Беларуская музычная альтэрнатыва» (БМАgroup) яшчэ ў 1999 годзе. З таго часу БМАgroup запачаткавала некалькі серый складанак («Вольныя танцы», «Hard life — Heavy music»), выдала шэраг стылістычных і тэматычных дыскаў («Hardcoreманія: чаду!», «Сэрца Эўропы in rock», «Беларускі Турба-mixer»). З таго часу БМАgroup застаецца лідэрам не толькі ў выданні альбомаў беларускамоўных каманд, але і ў галіне выпуску складанак. З’явіліся і іншыя выдавецкія суполкі і грамадскія ініцыятывы (StudFarmat, «Будзьма!» і інш.), якія таксама зацікавіліся аналагічнымі выданнямі.
І мабільна, і прышпільна...
Складанка «Дзень студэнта» з’яўляецца праектам БМАgroup і суполкі StudFarmat. Мэта гэтага выдання акрэслена складальнікамі зусім канкрэтна: «рэальнае павялічэнне роднай мовы ў эфіры айчыннага радыё». Але якім чынам гэты дыск можа прыцягнуць увагу нацыянальна індыферэнтных тутэйшых радыё-ды-джэяў?
Скаладальнікі «Дня студэнта» прапануюць свой рэцэпт. Па-першае, у праграму дыска яны ўключылі зусім новыя сінглы ад маладых гуртоў, якія збольшага невядомыя слухачам. Па-другое, складанка адносіцца да трэцяга, аглядальнага тыпу выданняў і ўключае рознастылёвую музыку, якую, як спадзяюцца ініцыятары складанкі, упадабаюць тыя, ад каго залежыць 75-працэнтнае напаўненне айчыннага FM-эфіра. Што тычыцца назвы дыска, то яго ініцыятары падкрэсліваюць: «студэнцтва — не ўзрост, стан душы». А гэта значыць, музыкам і іх песням павінна быць уласціва жыццёвая пазітыўнасць, стылістычная мабільнасць і моладзевая прышпільнасць...
Але спачатку слухачам складанкі «Дзень студэнта» прапануецца заўважная порцыя фолк-апрацовак — своеасаблівая прышчыпка беларускасці. Гэта кампазіцыі ад гурта «Бан-Жвірба» («Лявоніха»), сумесны трэк гуртоў «Джамбібум» і «IQ 48» «Дзеўкі каліну ламалі» і фантазія на фальклорныя тэмы ад «Гаротніцы» «Каралі-каралікі», якая мела вялікі поспех на фолк-фэсце «Камяніца» ў мінулым годзе.
Калі FM-ды-джэям гэтага падасца мала, то ім прапануецца музыка іншага кшталту — лірычная, з перавагай акустычнага гучання, удумлівая і трапяткая. Такія тэмы прапанавалі маладыя гурты «Zдань» («Нёман»), «Verasen» («Бурштынавы дом»), «Босае сонца» («Новая вясна»), «Esprit» («Да сініх скалаў»), «Rostra» («Пульсары»). Адна з лепшых кампазіцый дыска ад гурта «Існасьць» — «Сонейка» — прымусіць успомніць і адчуць цяпло сонечных промняў сярод гэтай доўгай зімы.
Што тычыцца музычнага пазітыву, то слухачам яго забяспечаць жвавыя рытмы гуртоў «Zatoczka», «Спрат», «Кальмары», «Dali», «Глюкі», «Разбітае сэрца пацана», «Хуткі смоўж», а таксама студыйная каманда «Ultraвожык». Акрамя рытмічнага напаўнення, беларускія музыкі выкарыстоўваюць вострыя тэксты сацыяльнай скіраванасці і аранжыроўкі, што дазваляюць гаварыць пра стылістычную разнастайнасць маладой плыні беларускай рок-музыкі ў яе мэйнстрымавым накірунку.
Асабняком у праграме складанкі «Дзень студэнта» бачыцца песня гурта «Ляпіс Трубецкой» «Ружовыя акуляры». Гэта прафесіянальна выкананы і запісаны трэк, які дазваляе па-новаму глянуць на творчасць гэтай каманды.
«Наша альтэрнатыва»
Песні каманд, якія прадстаўлены на гэтым дыску, дакладна не пачуеш у беларускай FM-прасторы. Затое ўдзельнікі складанкі «Наша альтэрнатыва» завалодалі прыхільнасцю тых, хто шукае ў сучасных музычных напрамках сапраўдныя пачуцці, арыгінальнасць музычнага ўвасаблення і новыя адценні роднага слова ў рок-музыцы.
Па сваёй структуры і прызначэнню «Наша альтэрнатыва» адносіцца да стылістычных складанак і мае на мэце пазнаёміць са свежымі творамі вядомых беларускіх альтэрнатыўных гуртоў, а таксама прадставіць неафітаў айчыннай рок-сцэны — маладыя каманды са сталіцы і правінцыі.
Ну сапраўды, ці не цікава будзе меламанам праслухаць «свежачкі» ад легендарнага гурта «Голая манашка» з плануемага да выдання альбома «АлілуйА», баладу з новага дыска гурта «Partyzone» «Падаць і ўзлятаць» ці альтэрнатыўна-эсксперыментальны панк магілёўскага гурта «Глюкі», які так яскрава выявіўся на апошнім іх альбоме «Ідыятызм»?
Або набыць уяўленне аб стане развіцця рок-музыкі на Беласточчыне па кампазіцыі гарадоцкага гурта «RIMA» з толькі што выдадзенага імі альбома «Kalevala», ацаніць гучанне іншага прадстаўніка беластоцкага року — гурта «5set5», які не так даўно выдаў альбом «Х».
Нельга не адзначыць кампазіцыі, якія слухачы ўспрымуць як самыя прывабныя на дыску. У прыватнасці, «Бывай-Восень дзецям» ад гурта «ZM99» (ex-«Зьмяя»), творы ад трыумфатараў «Басовішча» гурта «Тарпач» («Нікому») і «Tlusta Lusta» (De Sad), фолк-фантазіі гурта «UNIA» («З-пад белага камушыка»), экзерсісы альтэрнатыўных гуртоў «Sciana» (2000000), «Мутнаевока» («Разрываю»), патанчаць пад жвавае ска ў выкананні магіляўчан з каманды «Zatoczka».
А вось для каго «Наша альтэрнатыва» стане своеасаблівым трамплінам у вірлівы на падзеі першы эшалон беларускай альтэрнатыўнай рок-сцэны, дык гэта для маладых гуртоў, якія прадстаўляюць розныя рэгіёны краіны. Сярод іх слухачы вылучаць песні «Жывыя» гурта «Jenova» і «Аэрапорты для анёлаў» гурта «Labo» (Віцебск), сталічнага пост-гранжавага гурта «Lavatrina», які дэбютаваў песняй «Зоркі». Своеасаблівую альтэрнатыўна-экстрэмальную аўру дыска падкрэсліла кампазіцыя «Успышка зьлева» берасцейскай грайнд-каманды «Intra Muros». Гэты гурт ці не прэтэндуе стаць лідэрам гэтай незапоўненай стылістычнай нішы айчыннага року.
Але ці атрымаецца гэта ў маладых музыкаў? Спадзяемся, што дасягнуць такой мэты ім дапаможа ўдзел у складанцы «Наша альтэрнатыва». Дзеля гэтых мэтаў і быў задуманы гэты праект — стымуляваць творчыя пошукі, яшчэ раз падкрэсліць арганічнасць беларускай мовы для самых сучасных рок-напрамкаў, акрэсліць стылістычныя напрамкі развіцця альтэрнатыўнага накірунку айчыннага року.
«Беларускі глёбус» і яго каардынаты
На айчынных музычных прасторах стварэнне кавераў (апрацовак) сусветна вядомых хітоў міжнародных зорак року пачало культывавацца не так даўно. Гэты тлумачыцца ізаляцыянізмам, які быў характэрны для савецкай культуры ўвогуле, а пасля і шокам ад усведамлення таго, як далёка пайшлі наперад заходнія суперзоркі.
Але прыйшоў час, і ізаляцыянісцкія настроі змяніліся на больш памяркоўнае самаўсведамленне. Прынамсі ў беларускіх рок-музыкаў, якія спачатку «каверкалі» (значыць, рабілі каверы) на творы сваіх суайчыннікаў («Песнярок», «Віза Незалежнай Рэспублікі Мроя», «Варта Вежы Багоў»), а потым замахнуліся стварыць нешта вартае і паводле творчасці суперзорак року («Personal Depeche» — каверы на хіты гурта «Depeche Mode»).
Удалы прыклад гэтага трыб’юта (дыска-прысвячэння) заахвоціў     іншых выканаўцаў ствараць каверы на знакамітыя песні: «Партызанская школа» пераспявала песню Пола Макартні «Freedom», малады гурт «Parason» стварыў уражваючы кавер на самую вядомую песню «Pink Floyd» — «Another Brick in The Wall», а лідэр гурта «P.L.A.N.» Андрэй Плясанаў запісаў і выдаў на сваіх альбомах каверы на брытанцаў «Uriah Heep», палякаў з «No To Co» і «Czerwony Gitary», выканаў беларускамоўную версію знакамітай песні У. Высоцкага «Коні пераборлівыя»...
У выніку беларускамоўных кавераў на сусветна вядомыя хіты сабралася столькі, што ў аднаго з крыэйтараў БМАgroup, музычнага крытыка Вітаўта Мартыненкі ўзнікла ідэя сабраць лепшыя беларускамоўныя каверы пад адной вокладкай. Так пабачыў свет «Беларускі глёбус» — складанка беларускіх кавераў.
Яго праграму адчыняе свежая версія кампазіцыі «Pink Floyd» «Another Brick in The Wall», якую прадставіў на дыск гурт «Крама». Музыкі «Крамы» маюць вялікі вопыт у стварэнні ўдалых апрацовак. Ну хоць бы ўзгадаць іх каверы на песні таго ж Чэлентана ці «Depeche Mode». Вось і «Мур» паводле «Pink Floyd» з таго ж кшталту...
Дарэчы, тэма «дэпешаў» не скончылася трыб’ютам «Personal Depeche», а працягнутая гуртом «IQ 48» і яго версіяй знакамітай «Enjoy the silence». Яшчэ адна заўважная тэма ў культуры беларускамоўных кавераў — мелодыі гурта «Metallica». На «Беларускім глёбусе» эмацыянальна насычаныя творы гэтай мегакаманды прадставілі беларусы з «Pete Paff» і «Deadmarsh». Вялікая частка праграмы дыска прысвечана зоркам сусветнага grunge і nu-metal: гурт «Termin X» выканаў версію песні брытанцаў з «Oasis», а творчасць культавай «Nirvana» па-беларуску агучыў сталічны гурт «Мутнаевока».
Для аматараў тэўтонскіх рытмаў «Rammstein» падасца цікавай больш псіхалагічна заглыбленая версія песні «Sonne» у апрацоўцы мінскага гурта Partyzone («Чакайце сонца»).
Як на мой густ, дык адным з лепшых хачу вылучыць па-сапраўднаму настальгічны кавер на песню легендарнага амерыканскага гурта «Creedence Clearwater Revival» пад назвай «Мару ўбачыць гэты дождж», якую ў забытай стылістыцы біг-біта выканалі гітарыст Юрый Несцярэнка і спявак Пятро Ялфімаў.
Далей акустычна-пачуццёвы пласт «Беларускага глёбуса» ўзбагаціў сваім філасофскім асэнсаваннем песні ўкраінскага гурта «Мандри» вядомы бард і рок-музыка Андрэй Плясанаў. Яго кавер «Два шляхі» можа ўзрушыць, прымусіць задумацца пра лёс краіны, яе незалежнасці і свабоды. А яшчэ на складанцы «Беларускі глёбус» можна заўважыць і сатырычныя ўвасабленні кавераў. Вось жа Зміцер Бартосік спявае радкі Я. Купалы «Я мужык-беларус» на мелодыю «What Can I Do» гурта «Smokie», а «Tlusta Lusta» «каверкае» песеньку расійскай спявачкі з мужчынскім імем Макsім…
Беларускія складанкі — не толькі стымул для творчага росту беларускіх выканаўцаў праз музычнае далучэнне да сусветнай культуры. Удалы, арганічны кавер — гэта важкі аргумент на карысць роднай мовы ў рок-музыцы, на карысць сучаснай нацыянальнай культуры, якая павінна знаходзіць дадатковыя сілы ў лучнасці з культурай сусветнай. Відавочна, узмацніць гэтую лучнасць і імкнуліся складальнікі «Беларускага глёбуса». А ці будзе гэтая мэта рэалізавана напоўніцу, пакажа час.