Messages From Sweden, альбо з Беларусі з любоўю...
Беларусы здагадваліся, што сучасную шведскую культуру і літаратуру можна назваць квінтэсенцыяй еўрапейскага светаадчування, і ў той жа час яна — захавальніца жыватворнай сілы сваіх шматвяковых каранёў. (На здымку: Стэфан Эрыксан)
Беларусы здагадваліся, што сучасную шведскую культуру і літаратуру можна назваць квінтэсенцыяй еўрапейскага светаадчування, і ў той жа час яна — захавальніца жыватворнай сілы сваіх шматвяковых каранёў.
(На здымку: Стэфан Эрыксан)
Так, здагадваліся, а цяпер у нас з’явілася магчымасць у гэтым упэўніцца: у беларускай сталіцы з поспехам прайшлі дні культуры Швецыі–2011. Ініцыятарам і рухавіком гэтай культурнай
акцыі стала Амбасада Швецыі ў Беларусі і яе шэф Стэфан Эрыксан. Гэты чалавек добра вядомы беларусам шчырым стаўленнем да ўмацавання шведска-беларускіх адносін як у галіне культуры, так і ў эканоміцы
ды турызме.
Здзівіла беларускіх прыхільнікаў шведскай культуры і разнастайнасць праграмы Дзён. Слухачоў чакаў канцэрт шведскага медыевальнага гурта «Hedningarna», сумесныя выставы і
літаратурныя чытанні, а таксама канцэрт камернага хору Святога Юханэса і шмат іншага. Яшчэ адна «нечаканая чаканасць» — прэзентацыя беларуска-шведскага музычнага праекта
«Чара», якім парадаваў шведскіх і беларускіх слухачоў вядомы спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Нагадаю, што прэм’ера гэтага альбома Вайцюшкевіча і яго
«WZ-Orkiestra» ўжо прайшла ў Паўднёвым тэатры Стакгольма і мела вялікі розгалас сярод тамтэйшых слухачоў і прыхільнікаў музычнай паэзіі.
Цяпер прадстаўнікі шведскай амбасады запрасілі слухачоў у сталічны Палац ветэранаў, у якім і адбылася прэзентацыя праграмы на вершы шведскіх паэтаў Катарыны Фростэнсан, Кенэта Клемэтса, Крыстофера
Леандоэра, Барбру Ліндгрэн у перакладах Алеся Разанава, Рыгора Барадуліна, Дзмітрыя Плакса і Алеся Лукавенкава. На дыску гучыць песня і на верш Андрэя Хадановіча. Трэба адзначыць, што для больш
дакладнага музычнага пераасэнсавання ўзораў сучаснай шведскай паэзіі Зміцер змяніў склад свайго гурта, запрасіўшы вядомых інструменталістаў — Масуда Талібані, які граў на перкусіі і
персідскім датары, а таксама цымбалістку Таццяну Грыцук. Гэтыя музыканты ўносілі ў ансамблевае гучанне «WZ-Orkiestra» шмат новых і не зусім звыклых фарбаў.
Праграма пачалася песняй на верш Клемэтса ў перакладзе Разанава. Гэта вельмі сімвалічны паэтычны твор, у якім пераплятаюцца элементы шведскага старажытнага фальклору, народных паданняў і казак. У
выкананні Зміцера гэтыя радкі набылі своеасаблівую псіхадэлічную афарбоўку, а сам твор з песні пераўтварыўся ў музычную сюіту паводле сучаснай шведскай паэзіі. Трэба адзначыць і вельмі тонкую працу
перакладчыка, які імкнуўся з дапамогай арсеналу роднай мовы асэнсаваць нюансы паэтычных радкоў К. Клемэтса. І хоць спадар амбасадар Эрыксан і выканаўца З. Вайцюшкевіч час ад часу падкрэслівалі
своеасаблівую меланхалічнасць і дэпрэсіўнасць шведскай паэзіі, беларускія слухачы добра прымалі сімвалізм і наватарства аўтараў.
Зміцер Вайцюшкевіч
На верш «Эльсе» Крыстафера Леандроэру Зміцер Вайцюшкевіч на стварыў даволі рытмічную кампазіцыю выразнай рамантычнай накіраванасці:
Ты зусім не там, дзе няма цябе
нічога няма там, дзе цябе няма.
Я нават каву п’ю з твайго позірку...
(пераклад Р. Барадуліна)
Кампазіцыя «Элсе» — сапраўдны хіт даволі роўнага ў музычным плане альбома «Чара».
Кампазіцыю «Ліст» на верш Катарыны Фростэнсан упрыгожыла сола на кларнеце, якое выканаў Зміцер Вайцюшкевіч. А вось філасофская кампазіцыя «Ёсць тунэль», у якой
паэтам Крыстоферам Леандоэрам асэнсоўваюцца катэгорыі жыцця і смерці, была ўпрыгожана дуэтам датара Масуда Талібані і гітарнымі партыямі Алега Івановіча. Што ж да вакальных партыяў, то ў песні
«Ёсць тунэль» Зміцер Вайцюшкевіч выкарыстаў метад, характэрны для рэпу — чытанне тэксту ў рэчытатыўнай манеры.
Вельмі тонкім падыходам да паэтычнага радка, суадносін іх з музыкай і аранжыроўкамі музыкантамі гурта «WZ-Orkiestra», адрозніваліся і іншыя творы з альбома «Чара».
Мо таму беларускія слухачы так цёпла прынялі такія песні, як «Не анёлы і не цені» на верш усё таго ж Крыстофера Леандоэра, «Першая» і «У святле
месяца» аўтарства Катарыны Фростэнсан. У гэтых творах аўтарам музыкі і аранжыроўшчыкамі выкарыстаныя разнастайныя элементы: ад джазавых інструментальных імправізацый да рытмаў рамантычнага
танга і лёгкіх кабарэтных мелодый, звычных для еўрапейскага слыху. Асабліва цёплыя пачуцці слухачоў выклікала кампазіцыя на верш Кенэта Клемэтса «З кары яе твар», прысвечаная
шведскім бабулям. Але радкі песні можна было б смела аднесці і да бабуль беларускіх, якія праз гады пранеслі жыццёвае святло і любоў да сваіх блізкіх. Гэта іх родніць, незалежна ад краіны пражывання!
Падчас выкання песні вызначыўся сваёй віртуознасцю Вячаслаў Сяргеенка, які грае на кантрабасе.
У альбоме З. Вайцюшкевіча прадстаўлены і песні пра мужчын, як пра шведскіх, так і пра беларускіх. Пра характар і звычкі першых распавядаў паэт Крыстофер Леандоэр, за другіх «трымаў
адказ» Андрэй Хадановіч. Разам у іх атрымаўся ў нечым сходны іранічны партрэт сучаснікаў мужчынскага роду. Пры чым шведскія мужчыны «адменна гатуюць і ніколі не змешваюць колеры ў
пральнай машыне», а беларускія — і ў нашых умовах застаюцца «чыстым аб’ектам для кахання»...
Другое аддзяленне канцэрта Зміцера Вайцюшкевіча было прысвечана 10-годдзю гурта «WZ-Orkiestra». Для гэтага была выкарыстана крэатыўная ідэя — нагадаць слухачам па адной
песні з больш чым 15 альбомаў Вайцюшкевіча! Таму слухачы з задавальненнем успаміналі дыскаграфію выканаўцаў і шчыра адорвалі іх апладысментамі, калі гучалі кампазіцыі Зміцера і гурта
«WZ-Orkiestra» з альбомаў «Балады і песні», песні на вершы У. Караткевіча, Л. Дранько-Майсюка, А. Камоцкага, Р. Барадуліна, У. Маякоўскага і прысутных у зале Г.
Бураўкіна і У. Някляева. Дарэчы, Уладзімір Пракопавіч пад шчырыя воплескі слухачоў уручыў Зміцеру памятны знак кампаніі «Гавары праўду!».
Зміцер Вайцюшкевіч і Уладзімір Някляеў
Нагадаю, што не так даўно ў Швецыі пабачыў дыск пад назвай «Messages From Belarus», які прадставіў шведскім слухачам лепшыя творы беларускай рок-музыкі. І вось цяпер Зміцер
Вайцюшкевіч альбомам «Чара» робіць жэст у адказ — прадстаўляе своеасаблівы Messages From Sweden — знаёміць нашых слухачоў з узорамі шведскай паэзіі па-беларуску.
Як зазначыў у прадмове да альбома амбасадар Швецыі ў Беларусі С. Эрыксан: «Зміцер — смелы чалавек у жыцці і ў творчасці, і я рады, што ён узяўся напісаць музыку да вершаў шведскіх
паэтаў. На гэтым дыску вы пачуеце новага Вайцюшкевіча...» Гэтыя словы спадара Эрыксана напоўніцу спраўдзіліся падчас прэзентацыі беларуска-шведскага праекту «Чара».