На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ўе

7 красавіка праваслаўныя святкуюць Благавешчанне. У каталіцкай традыцыі свята завецца Звеставанне і адзначаецца 25 сакавіка. Лічылася, што ў гэты дзень прыляталі буслы, зямля раджала, і можна было даведацца надвор’е на цэлы год.

_busel___neba___belarus___svaboda___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Сама назва свята адсылае да біблейскага сюжэту: за 9 месяцаў да Раства Дзева Марыя атрымала ад Арханёла Гаўрыіла вестку пра будучае нараджэнне Хрыста. На думку мовазнаўцаў, усе варыянты назвы свята — і “Благавешчанне”, і “Дабравешчанне”, і “Звеставанне” аднолькава правільныя і могуць існавацьпаралельна. Кажуць увогуле пра неабходнасць уласных перакладаў Бібліі на беларускую мову для кожнай канфесіі.


2019_03_24_huk_vjasny_set_a._ljaszkevicz_0045.jpg


У народнай традыцыі Благавешчанне ўспрымаецца як каляндарны рубеж, пачатак новага гаспадарчага года. Да гэтага дня не працавалі на зямлі: не аралі, не гарадзілі платы і не забівалі калы. Лічылася, што да свята зямля цяжарная, а на Благавешчанне адбываюцца яе роды, прылятаюць буслы, што прыносяць дзяцей і жанчынам. “Да Благавешчання зямля закрытая”, а на свята з таго ў гэты свет вяртаюцца душы продкаў, што ўвасабляліся ў птушках і змеях.
Прылёт буслоў на Заходнім Палессі адзначаўся выпяканнем адмысловых “галёпаў”, “буськовых лап”. З печывам дзеці віталі птушак на вуліцы адмысловымі заклічкамі, напрыклад:
Бусэнь, бусэнь, на тобі галёпу,Прынэсі мне жыта копу.На тобі пырога,Дай мне жыта стога.


Народныя прыкметы

Як і амаль на любое каляндарнае свята, на Благавешчанне бытуюць шматлікія прыкметы пра надвор’е: калі дождж — засухі ўлетку не будзе, чакай добры ўраджай жыта; снег — на мокрае лета і цёплую восень; ціха і цёпла — такое ж лета, але марозная восень; нізкая вада ў рацэ — сухое лета, высокая — мокрае.
Забароны на працу і некаторыя іншыя дзеянні ў святы — універсальныя для ўсёй Беларусі. Аднак на Благавешчанне іх прытрымліваліся асабліва строга. Лічылася, што нават жывёлы і птушкі ў гэты дзень адпачываюць (“птушка гнязда не ўе, дзеўка косу не пляце”). Забарона расчэсвацца матывавалася тым, штонібыта куры будуць разграбаць грады ўлетку. Нельга нічога прыносіць з лесу, бо тады завядуцца гадзіны і чарвякі. Такая ж забарона існуе на Узвіжанне, калі змеі, нібыта пабыўшы ад Благавешчання на паверхні, паўзуць у норы на зімоўку. Ад пасаджанай у гэты дзень на яйкі курыцы нібыта выведуцца кураняты-калекі. Непераносілі з двара ў двор бёрды (прылады для ткацтва), не палілі агню ўвечары — усё гэта пагражала няшчасцямі ў гаспадарцы.

Як вясну гукалі

Благавешчанне — адно са святаў, на якія гукалі вясну. У народных міфалагічных уяўленнях адпаведнымі песнямі вясне трэба было “дапамагчы” надысці, выклікаць яе з Іншасвету. Гукаць маглі на пэўнае свята ці ў нейкім прамежку часу. Магло быць таксама адно агульнавясковае гуканне і спяванне вяснянак невялікімі групамі ў іншы час. 


Пачатак спявання вяснянак вызначаецца ў розных рэгіёнах Беларусі пэўнымі святамі ад пачатку лютага да пачатку траўня, ці прыроднымі з’явамі (“снег растаў”, “як пойдзе лёд”, “як трава на лугах зацвіце, лотаць на водзе”, “як жаваранак прылятае”). Адрозніваюцца гукальныя песні і вяснянкі, якія маглі спяваць у карагодзе, ці на арэлях, ці проста седзячы на прызбе, ці дзе яшчэ (звычайна на вольным паветры ці ў гаспадарчых пабудовах кшталту гумна ці пуні). Дзе-нідзе не гукалі да Вялікадня, прытрымліваючыся забароны спяваць у пост. Але маглі, наадварот, на Вялікдзень ужо сканчваць гуканне. Канец спявання вяснянак мог вызначацца таксама святамі Юр’я (23 красавіка / 5 траўня), Міколы веснавога (22 траўня ў праваслаўных), Купалля, ці прыроднымі з’явамі (“пакуль куе зязюля, пяем вясну, а ўжо потым пачынаем пець лета”). У песнях сустракаюцца радкі, што “зязюля куе ад Вялікадня да Пятра” (29 чэрвеня / 12 ліпеня). Такім чынам, “вясна” ў традыцыйным календары — паняцце даволі расцягнутае.

Відэа Алены Паўлоўскай

На Стрэчанне і Масленіцу ў Лельчыцкім раёне гукаюць вясну, трымаючы ўпрыгожаную ёлку. Масленічнае гуканне часам праходзіць ля вогнішча, дзе спальваюць пудзіла ці іншыя рэчы, цесна звязана з провадамі зімы. У руках маглі трымаць каравай ці сыр.
Найбольш звестак пра гуканне вясны на Саракі (22 сакавіка ў праваслаўных) і Благавешчанне. На Саракі часта выпякалі “птушак”, “жаўранкаў”, “вераб’ёў”, з якім дзеці бегалі па вуліцы. У вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна печаных птушак жанчыны падкідалі на абрусе, а дзеці лавілі. Гэты звычай увасабляецца сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства падчас гукання вясны ў Вязынцы.

Гуканне сваёй вёскі прадэманстраваў гурт з Бярозаўкі Калінкавіцкага раёна на канцэрце ў Акадэміі музыкі. Калектыў грае на цікавых музычных інструментах – бердзечках, зробленных з вялікага бярда для ткацтва.
Паглядзіце, як сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства гукалі вясну ў Вязынцы. Кожны ахвочы мог далучыцца да святочнага дзеяння, складзенага з элементаў абрадаў розных частак Беларусі. А ў 2019 годзе, калі было знята гэтае відэа, таварыства адсвяткавала сваё 20-годдзе.


Фота Алены Ляшкевіч з Гукання вясны ў Вязынцы